1 летапісаў 16 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
 

Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада.
 

І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна,
 

і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага:
 

Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еела, Шэмірамофа, Ехііла, Мататыю, Эліяфа, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еела з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах,
 

а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага.
 

У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных:
 

слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя;
 

сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя;
 

хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада;
 

знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго;
 

спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных,
 

вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго!
 

Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі.
 

Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў ў тысячы родаў,
 

тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісаку,
 

і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны,
 

кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам.
 

Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй,
 

і пераходзілі ад народу да народу, і з аднаго царства да другога народу;
 

але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў:
 

не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха.
 

Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго.
 

Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя,
 

бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў.
 

Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў.
 

Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным.
 

Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар,
 

узьнясеце Госпаду славу імю Ягонаму. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду і хараству сьвятыні Яго.
 

Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца.
 

Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць!
 

Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім.
 

Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю.
 

Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго,
 

і скажэце: выратуй, Божа, Выратавальнік наш! зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю!
 

Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку! І сказаў увесь народ: амін! алілуя!
 

Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень,
 

і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу — брамнікамі,
 

а Садока сьвятара і братоў сьвятароў перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне,
 

для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю;
 

і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная.
 

Пры іх Эман і Ідытун праслаўлялі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме.
 

І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.