1 летапісаў 18 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Пасьля гэтага Давід пабіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Гэт і залежныя ад яго гарады з рук Філістымлянаў.
 

Ён пабіў таксама Маавіцянаў, — і зрабіліся Маавіцяне рабамі Давіда, прыносячы яму даніну.
 

І пабіў Давід Аднаазара, цара Суўскага, у Эмаце, калі той ішоў сьцьвердзіць сваю ўладу каля ракі Еўфрат.
 

І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніц, сем тысяч вершнікаў і дваццаць тысяч пешых, і разбурыў Давід усе калясьніцы, пакінуўшы зь іх толькі сто.
 

Сірыйцы Дамаскія прыйшлі былі на дапамогу да Аднаазара, цара Суўскага, але Давід пабіў дваццаць дзьве тысячы Сірыйцаў.
 

І паставіў Давід ахоўнае войска ў Сірыі Дамаскай, і зрабіліся Сірыйцы рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. І памагаў Гасподзь Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.
 

І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
 

А з Тыўхаты і Куна, гарадоў Адраазаравых, узяў Давід вельмі многа медзі. Зь яе Саламон зрабіў меднае мора і слупы і медны посуд.
 

І пачуў Той, цар Імата, што Давід пабіў усё войска Адраазара, цара Суўскага.
 

І паслаў Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і пабіў яго, бо Той быў у вайне з Адраазарам, — і зь ім усякі посуд залаты, срэбны і медны.
 

І прысьвяціў іх цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое ён узяў ад усіх народаў: ад Ідумэянаў, Маавіцянаў, Аманіцянаў, Філістымлянаў і ад Амалікіцянаў.
 

І Авэса, сын Саруі, пабіў Ідумэянаў у даліне Яалянай васямнаццаць тысяч;
 

і паставіў у Ідумэі ахоўнае войска, і зрабіліся ўсе Ідумэяне рабамі Давіду. Гасподзь памагаў Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.
 

І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праўду ўсяму народу свайму.
 

Ёаў, сын Саруі, быў начальнікам войска, Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісцам.
 

Садок, сын Ахітува, і Авімэлэх, сын Авіятара, сьвятарамі, а Суса пісцом,
 

Ванэя, сын Ёдая, над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, а сыны Давідавыя — першымі пры цары.