1 летапісаў 27 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Вось сыны Ізраілевыя па ліку іх, узначальцы сямействаў, тысячнікі і сотнікі і кіроўцы, якія па аддзяленьнях служылі цару ва ўсіх справах, прыходзячы і адыходзячы кожнага месяца, ва ўсе месяцы года. У кожным аддзяленьні было іх па дваццаць чатыры тысячы.
 

Над першым аддзяленьнем, для першага месяца, начальнічаў Яшавам, сын Заўдыіла; у ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы;
 

ён быў з сыноў Фарэса, галоўны над усімі ваеначальнікамі ў першы месяц.
 

Над аддзяленьнем другога месяца быў Дадай Ахахіянін; у аддзяленьні ягоным быў і князь Міклот, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы.
 

Трэці галоўны ваеначальнік, для трэцяга месяца, Ванэя, сын Ёдая, сьвятара, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы:
 

гэты Ванэя — адзін з трыццаці адважных і начальнік над імі, і ў ягоным аддзеле быў Амізавад, сын ягоны.
 

Чацьвёрты, для чацьвёртага месяца, быў Асаіл, брат Ёава, і пасьля яго Завадыя, сын ягоны, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Пяты, для пятага месяца, князь Шамгут Ізрахіцянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Шосты, для шостага месяца, Іра, сын Ікеша, Тэкаянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Сёмы, для сёмага месяца, Хэлец Пэланіцянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Восьмы, для восьмага месяца, Савахай Хушацянін з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Дзявяты, для дзявятага месяца, Авіезэр Анатацянін, з сыноў Веньямінавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Дзясяты, для дзясятага месяца, Магарай Нэтафацянін, з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Адзінаццаты, для адзінаццатага месяца, Ванэя Піратанянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

Дванаццаты, для дванаццатага месяца, Хэлдай Нэтафацянін, з нашчадкаў Гатанііла, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы.
 

А над плямёнамі Ізраілевымі, — у Рувімлян галоўным начальнікам быў Эліезэр, сын Зіхры; у Семяона — Сафатыя, сын Маахі;
 

у Левія — Хашавія, сын Кемуіла; у Аарона — Садок;
 

у Юды — Эліяў, з братоў Давіда; у Ісахара — Омры, сын Міхаіла;
 

у Завулона — Ішмая, сын Авадыі; у Нэфталіма — Ерымот, сын Азрыіла;
 

у сыноў Яфрэмавых — Асія, сын Азазіі; у паўплемя Манасіінага — Ёіль, сын Фэдаі;
 

у паўплемя Манасіі ў Галаадзе — Ідо, сын Захара; у Веньяміна — Яасііл, сын Авэніра;
 

У Дана — Азарыіл, сын Ерахама. Вось правадыры плямёнаў Ізраілевых.
 

Давід не рабіў пераліку тых, якія былі ад дваццаці гадоў і ніжэй, бо Гасподзь сказаў, што Ён памножыць Ізраіля, як зоркі нябесныя.
 

Ёаў, сын Саруі, пачаў рабіць пералічэньне, але не закончыў. І быў за гэта гнеў Божы на Ізраіля, і не ўвайшло тое пералічэньне на летапіс цара Давіда.
 

Над скарбамі царскімі быў Азмавэт, сын Адыілаў, а над запасамі ў полі, у гарадах і ў сёлах і ў вежах — Ёанатан, сын Узіі;
 

над тымі, што займаюцца польнай працай, земляробствам, — Эзрый, сын Хэлува;
 

над вінаграднікамі — Шымэй з Рамы, а над запасамі віна ў вінаградніках — Заўдый з Шэфама;
 

над масьлінамі і смакоўніцамі ў даліне — Баал-Ханан Гедэрыцянін, а над запасамі драўніннага алею — Ёас;
 

над буйным быдлам, якое пасьвіцца ў Шароне — Шытрай Шаранянін, а над быдлам у далінах — Шафат, сын Адлая;
 

над вярблюдамі — Авіл Ісмаільцянін; над асьліцамі — Ехдыя Мэраніцянін;
 

над дробным быдлам — Язіз Агарыцянін. Усе гэтыя былі начальнікамі над маёмасьцю, якая была ў цара Давіда.
 

Ёнатан, дзядзькаў Давідаў, быў радца, чалавек разумны і пісец; Ехііл, сын Хахманіеў, быў пры сынах цара;
 

Ахітафэл быў радца цара; Хусій Архіцянін — сябар цара;
 

А пасьля Ахітафэла Ёдай, сын Ванэі, і Авіятар, а Ёаў быў ваеначальнік у цара.