Ісуса сына Нава 17 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І выпала жэрабя калену Манасіінаму, бо ён быў першынец Язэпаў. Махіру, першынцу Манасіі, бацьку Галалада, адважнаму на вайне, дастаўся Галаад і Васан.
 
А такое выпала жэрабя пакаленню Манасы, — бо сам ён быў першародным Язэпа; Махір, першародны Манасы, бацькі Галаада, бо быў ён ваяром, атрымаў Галаад і Басан.

Дасталіся надзелы і астатнім сынам Манасіі, паводле родаў іхніх, і сынам Авіезэра, і сынам Хэлэка, і сынам Асрыіла, і сынам Шэхэма, і сынам Хэфэра, і сынам Шэміды. Вось дзеці Манасіі, сына Язэпавага, мужчынскага полу, паводле родаў іхніх.
 
Сваю частку атрымалі таксама астатнія сыны Манасы па іх родах: сыны Абіязэра, і сыны Гэлека, і сыны Асрыэля, і сыны Сэхема, і сыны Хэфэра, і сыны Сэміда: гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, па родах іх.

А ў Салпаада, сына Хэфэравага, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага, ня было сыноў, а дочкі. Вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.
 
А Салфаад, сын Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы, не меў сыноў, але толькі дачок, якія называліся: Маала, і Ноа, і Хэгла, і Мэлха, і Тэрса.

Яны прыйшлі да сьвятара Элеазара, і да Ісуса, сына Нававага, і да правадыроў, і сказалі: Гасподзь загадаў Майсею даць нам надзел сярод братоў нашых. І дадзены ім надзел, паводле загаду Гасподняга, сярод братоў бацькі іхняга.
 
І яны прыйшлі да Элеязэра святара, і Ешуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «Госпад загадаў Майсею, каб дадзена была нам уласнасць між братоў нашых». І далі ім па загадзе Госпада ўласнасць між братоў бацькі іх.

І выпала Манасіі дзесяць дзялянак, акрамя зямлі Галаадскай і Васанскай, якая за Ярданам;
 
І выпалі Манасе дзесяць частак, апрача зямлі Галаад і Басан за Ярданам.

бо дочкі сыноў Манасіі атрымалі надзел сярод сыноў ягоных, а зямля Галаадская дасталася астатнім сынам Манасіі.
 
Бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго. А зямля Галаад выпала па жэрабі астатнім сынам Манасы.

Мяжа Манасіі ідзе ад Асіра да Міхмэтата, які насупраць Сіхема; адсюль мяжа ідзе направа да жыхароў Эн Тапуаха.
 
І мяжа ў Манасы была ад Асэра: Махмэтат, што насупраць Сіхэма, і мяжа паварочвае ўправа на Ясіб ля ручая Тафуа.

Зямля Тапуах дасталася Манасіі, а Тапуах каля мяжы Манасіінай — сынам Яфрэмавым.
 
Менавіта па жэрабі зямля Тафуа выпала Манасе; а горад Тафуа, які знаходзіцца каля межаў Манасы, належаў да сыноў Эфраіма.

Адсюль мяжа сыходзіць да патока Кана, з паўднёвага боку патока. Гарады гэтыя — Яфрэмавыя, хоць сярод гарадоў Манасіі. Мяжа Манасіі — на паўночным баку патока і канчаецца морам.
 
І мяжа сыходзіць да ручая Кана. На поўдзень ад ручая знаходзяцца гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы. Мяжа Манасы знаходзіцца на поўнач ад ручая і выходзіць да мора,

Што на поўдзень, тое Яфрэмава, а што на поўнач, тое Манасіінае: а мора было мяжою іхняй; да Асіра прымыкалі яны з паўночнага боку і да Ісахара з усходняга.
 
так што на поўдні знаходзіцца ўласнасць Эфраіма, і на поўначы — Манасы, і мяжой іх з’яўляецца мора. І з племем Асэра мяжуюць яны на поўначы, і з племем Ісахара — на ўсходзе.

Каля Ісахара і Асіра — Манасіі Бэт-Чан і залежныя ад яго мясьціны, Іўлеам і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Эн-Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Таанаха і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Мэгідона і залежныя ад яго мясьціны, і трэцяя частка Натэта.
 
І была ў Манасы спадчына ў межах Ісахара і Асэра: Бэт-Сан з яго навакольнымі гарадамі, і Іблаам з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Дора з яго навакольнымі гарадамі, таксама жыхары Эн-Дора з яго навакольнымі гарадамі, і таксама жыхары Танаха з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Магеды з яго навакольнымі гарадамі, і трэцяя частка зямлі Нофэт.

Сыны Манасііныя не маглі выгнаць жыхароў гарадоў гэтых, і Хананэі засталіся жыць у зямлі гэтай.
 
І сыны Манасы не маглі авалодаць гэтымі гарадамі, але хананеі засталіся ў гэтай зямлі.

А калі сыны Ізраілевыя ўвабраліся ў сілу, тады Хананэяў зрабілі яны даньнікамі, але выгнаць ня выгналі іх.
 
Калі ж сыны Ізраэля ўмацаваліся, яны пакарылі хананеяў і прымусілі плаціць ім падаткі, але не выгналі іх.

Сыны Язэпа гаварылі Ісусу і сказалі: чаму ты даў мне ў надзел адно жэрабя і адну дзялянку, тым часам як я шматлюдны, бо так дабраславіў мяне Гасподзь?
 
І гаварылі сыны Язэпа да Ешуа, кажучы: «Чаму ты даў мне ўласнасць па жэрабі і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей і дабраславіў мяне Госпад?»

Ісус сказаў ім: калі ты шматлюдны, дык ідзі ў лясы і там, у зямлі Фэрэзэяў і Рэфаімаў, расьцерабі сабе месца, калі гара Яфрэмавая табе цесная.
 
І Ешуа адказаў ім: «Калі ты з’яўляешся вялікім народам, ідзі ў лес і выкарчуй сабе абшары ў зямлі феразеяў і рэфаімаў, калі ўладанне тваё на гары Эфраім цеснае для цябе».

Сыны Язэпа сказалі: не застанецца за намі гара, бо жалезныя калясьніцы ўва ўсіх Хананэяў, якія жывуць у даліне, як у тых, якія ў Бэт-Сане і ў залежных ад яго мясьцінах, так і ў тых, што ў даліне Ізрээльскай.
 
Яму адказалі сыны Язэпа: «Гор нам не хапае, і ўсе хананеі, што пражываюць на раўніннай зямлі, маюць калясніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Сана і сумежных з ім мясцовасцей, так і тыя, хто жыве на раўніне Езрагэль».

Але Ісус сказаў дому Язэпаваму, Яфрэмаваму і Манасіінаму: ты шматлюдны і сіла ў цябе вялікая; не адно жэрабя будзе ў цябе:
 
І сказаў Ешуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе: «Ты — народ вялікі і вельмі мужны; не будзе ў цябе адна толькі частка,

і гара будзе твая, і лес гэты; ты расьцярэбіш яго, і ён будзе твой да самага канца яго; бо ты выганіш Хананэяў, хоць у іх калясьніцы жалезныя, і хоць яны моцныя.
 
але ты пайдзі на гару, і высечы яе для сябе, і расчысці месца на пасяленне; і ты зможаш пашырыць межы твае, калі выганіш хананеяў, якія маюць жалезныя калясніцы і з’яўляюцца моцнымі».