Ісуса сына Нава 13 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі Ісус пастарэў, увайшоў у сталы век, тады Гасподзь сказаў яму: ты састарыўся, увайшоў у сталы век, а зямлі браць у спадчыну застаецца яшчэ многа.
Ешуа састарэў і быў у гадах пажылых, і сказаў яму Госпад: «Ты састарэў і ты ў гадах пажылых; і да гэтай пары ёсць найвялізнейшая зямля, што яшчэ не занятая.
Застаецца гэта зямля: усе акругі Філістымскія і ўся зямля Гесурская.
Гэта, відавочна, уся Галілея, край філістынцаў, і ўвесь Гэсур,
Ад Сіхора, што перад Егіптам, да межаў Экрона на поўнач, лічацца Ханаанскімі пяць валадароў Філістымскіх: Газскі, Азоцкі, Аскалонскі, Гэцкі, Экронскі і Авэйскі,
ад Сіхора, што на ўсход ад Егіпта, аж да межаў Акарона на поўнач, зямля Хананейская, што падзяляецца паміж пяццю князямі філістынскімі з Газы, Азота, Аскалона, Гета і Акарона і гевеямі на поўдні;
а на поўдзень уся зямля Ханаанская ад Мэары Сідонскай да Афэка, да межаў Амарэйскіх,
і ўся зямля Ханаан, ад Мэрары Сідонскай аж да Афэка і межаў амарэяў;
таксама зямля Геўла і ўвесь Ліван на ўсход сонца ад Ваал-Гада, каля гары Эрмона, да ўваходу ў Эмат.
і зямля Гібла, і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баалгада, што ля падножжа гары Гэрмон, аж да ўваходу ў Эмат,
Усіх горных жыхароў ад Лівана да Місрэфот-Маіма, усіх Сіданянаў Я праганю ад аблічча сыноў Ізраілевых. Падзялі ж яе ў надзел Ізраілю, як Я загадаў табе:
усе, што жывуць на гары ад Лібана аж да Мацэрэфота на захадзе, усе сідонцы. Я выганю і знішчу іх перад сынамі Ізраэля. Толькі жэрабем падзялі зямлю між сынамі Ізраэля ў спадчыну, як Я загадаў табе.
падзялі зямлю гэтую ў надзел дзевяці плямёнам і палавіне калена Манасіінага.
І цяпер падзялі гэтую зямлю ва ўладанне дзевяці пакаленням і палове пакалення Манасы».
А калена Рувімавае і Гадавае з другою палавінаю калена Манасіінага атрымалі надзел свой ад Майсея за Ярданам на ўсход, як даў ім Майсей, раб Гасподні,
Пакаленне Рубэна і пакаленне Гада з другою паловай пакалення Манасы валодалі зямлёю, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, на ўсходнім баку за ракой Ярданам:
ад Араэра, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўсю раўніну Мэлдэву да Дывона;
ад Араэра, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горада ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, і да ўсёй раўніны ад Мэдабы і да Дыбона;
таксама ўсе гарады Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, да межаў Аманіцкіх,
і ўсімі гарадамі Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, аж да межаў сыноў Амона;
таксама Галаал і вобласьць Гесурскую і Маахскую, і ўсю гару Эрмон і ўвесь Васан да Салхі,
і Галаадам, і межамі з Гэсурам і Маахам, і ўсёю гарою Гэрмон, і ўсім Басанам аж да Сальхі,
усё царства Ога Васанскага, які валадарыў у Аштароце і ў Эдрэі. Ён заставаўся адзін з Рэфаімаў, якіх Майсей пабіў і прагнаў.
усім царствам Ога, які цараваў у Басане, Астароце і Эдраі, — сам ён быў апошнім з рэфаімаў; і Майсей пабіў іх і знішчыў.
Але сыны Ізраілевыя ня выгналі сыноў Гесура і Маахі, і жыве Гесур і Мааха сярод Ізраіля да сёньня.
Але сыны Ізраэля не выгналі сыноў Гэсура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраэля па сённяшні дзень.
Толькі калену Лявіінаму ня даў ён надзелу: ахвяры Госпада Бога Ізраілевага вось надзел ягоны, як сказаў яму Гасподзь.
Толькі пакаленню Леві не дадзена ўласнасці, але ахвяры Госпаду, Богу Ізраэля, — гэта яго спадчына, як абвясціў яму Госпад.
калену сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх даў надзел Майсей:
Майсей даў пакаленню сыноў Рубэна ўласнасць адпаведна іх родам.
Мяжою іх быў Араэр, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўся раўніна каля Мэдэвы,
І была іх мяжа ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў сярэдзіне даліны таго ж ручая, і ўся раўніна аж да Мэдабы,
Эсэвон і ўсе гарады яго, якія на раўніне, і Дывон, Вамот-Ваал і Бэт-Мэон,
Хесебон і ўсе яго гарады, што на раўніне: Дыбон, і Бамот-Баал, і Бэт-Баал-Мэон,
Яаца, Кедэмот і Мэфаат,
Яса, Кадэмот і Мэфаат,
Кірыятаім, Сіўма і Цэрэт-Шахар на гары Эмэк,
Карыятаім, і Сабама, і Сэрэт-Гэссахар на гары на раўніне,
Бэт-Фэгор і мясьціны ля падножжа Фасгі і Бэт-Ешымот,
Бэт-Пэгор і схілы Пісгі, і Бэт-Есімот,
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, якога забіў Майсей як і правадыроў Мадыямскіх, Эвія і Рэкема, і Цура і Хура і Рэву, князёў Сігонавых, якія жылі ў зямлі той;
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, якога забіў Майсей, яго і кіраўнікоў мадыянскіх: Эвія, Рэкема, і Сура, і Гура, і Рэбу, князёў Сэгона, жыхароў той зямлі.
таксама Валаама, сына Вэоравага, празарліўца, забілі сыны Ізраілевыя мечам у ліку забітых імі.
І варажбіта Балаама, сына Бэора, забілі сыны Ізраэля мечам разам з іншымі забітымі.
Мяжою сыноў Рувімавых быў Ярдан. Вось надзел сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.
Мяжой зямлі сыноў Рубэна была рака Ярдан. Гэта ўласнасць сыноў Рубэна па іх родах, іх гарады і навакольныя вёскі.
Майсей даў таксама надзел калену Гадаваму, сынам Гадавым, паводле плямёнаў іхніх:
І даў Майсей уласнасць пакаленню Гада, сынам Гада адпаведна іх родам, мяжа якой такая:
мяжою іхняй быў Язэр і ўсе гарады Галаадскія, і палавіна зямлі сыноў Амонавых да Араэра, што перад Раваю,
Язэр, і ўсе гарады Галаада, і палова зямлі сыноў Амона аж да Араэра, што насупраць Рабы;
і землі ад Эсэвона Рамат-Міцфы і Вэтаніма і ад Маханаіма да межаў Давіра,
і ад Хесебона аж да Рамот-Міцпы, і Бэтаніма і ад Маханаіма аж да межаў Ладабара,
і ў даліне Бэт-Гарам і Бэт-Німра і Сакхот і Цафон, рэшта царства Сігонавага, цара Эсэвонскага; мяжою яго быў Ярдан да мора Хінэрэцкага за Ярданам на ўсход.
таксама ў даліне Бэтаран, і Бэтнэмра, і Сукот, і Сафон, астатняя частка царства Сэгона, цара Хесебона; Ярдан і мяжа аж да крайняй часткі мора Кінэрэт за Ярданам на ўсходнім баку.
Вось надзел сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.
Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, гарады з навакольнымі вёскамі.
Майсей даў надзел і палавіне племя Манасіінага, які належаў палавіне племя сыноў Манасііных, паводле родаў іхніх;
Майсей даў спадчыну і палове пакалення сыноў Манасы адпаведна іх родам:
мяжа іх была: ад Маханаіма ўвесь Васан, усё валадарства Ога, цара Васанскага, і ўсе селішчы Яіравыя, што ў Васане, шэсьцьдзясят гарадоў;
Манаса — ад Маханаіма ўвесь Басан, усё царства Ога, цара Басана, і ўсе пасяленні Яіра, што ў Басане, шэсцьдзесят гарадоў;
а палавіна Галаада і Астарот і Эдрэя, царскія гарады Ога Васанскага, сынам Махіра, сына Манасіінага, палавіне сыноў Махіравых, паводле родаў іхніх.
і палову Галаада, і Астарот і Эдраі, гарады царства Ога ў Басане, займелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па сваіх родах.
Вось, што Майсей даў у надзел на раўнінах Маавіцкіх за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.
Гэтую ўласнасць падзяліў Майсей на раўнінах Мааба за Ярданам насупраць Ерыхона, на ўсходнім баку.
А племю Лявіінаму Майсей ня даў надзела: Гасподзь Бог Ізраілеў Сам ёсьць надзел іхні, як Ён казаў ім.
А пакаленню Леві не даў уласнасці, бо Госпад, Бог Ізраэля, Ён Сам — яго ўласнасць, як Ён яму сказаў.