Ісуса сына Нава 24 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.
І сабраў Ешуа ў Сіхэме ўсе пакаленні Ізраэля, і паклікаў старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і яны сталі ў прысутнасці Бога;
І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.
і так прамовіў Ешуа да ўсяго народа: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку: Тэрах, бацька Абрагама і Нахора, і служылі іншым багам.
Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.
Дык узяў Я бацьку вашага, Абрагама, з межаў Месапатаміі, і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў нашчадкаў яго. І даў яму Ізаака, і зноў
Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.
даў Я Ізааку Якуба і Эзава; з іх Эзаву даў Я гару Сэір ва ўласнасць, а Якуб і сыны яго пакачавалі ў Егіпет.
І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.
І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Егіпет плягамі, якія Я рабіў у ім, і пасля Я вывеў вас.
Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.
І вывеў Я бацькоў вашых з Егіпта, і прыбылі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі егіпцяне з калясніцамі і коннікамі аж да Чырвонага мора.
Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.
А прызвалі яны Госпада, Які паставіў цемру паміж вамі і егіпцянамі, і напусціў на іх мора, і яно пахавала іх. Бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Егіпце; і жылі вы доўгі час у пустыні.
І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.
І ўвёў Я вас у зямлю амарэяў, якія жылі за Ярданам; і, калі яны пайшлі вайной на вас, выдаў Я іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іх і забілі іх.
Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;
Паўстаў жа Балак, сын Сэфора, цар Мааба, і ваяваў супраць Ізраэля; і ён паслаў і паклікаў Балаама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас.
але Я не хацеў слухаць Валаама, — і ён дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.
І Я не захацеў слухаць яго, але, наадварот, дабраславіў вас і вызваліў вас з рук яго.
Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.
І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыбылі ў Ерыхон; і ваявалі супраць вас жыхары таго горада, амарэі, і феразеі, і хананеі, і хетэі, і гергесеі, і гівеі, і евусеі; і Я выдаў іх у рукі вашы.
Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.
І паслаў Я перад вамі шэршняў, і яны выгналі іх перад вамі, — двух цароў амарэйскіх, — не мечам і не лукам тваім.
І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.
І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх, і вінаграднікі, і аліўкавыя гаі, якіх вы не саджалі, а ясце з іх”.
Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.
Дык цяпер бойцеся Госпада і служыце Яму са шчырым сэрцам і найпраўдзіва; выкіньце багоў, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі і ў Егіпце, і служыце Госпаду!
Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.
Калі ж вам не падабаецца служыць Госпаду, то выбірайце сабе цяпер, каму служыць хочаце: ці багам, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі, ці багам амарэяў, у зямлі якіх вы жывяце: а я і дом мой будзем служыць Госпаду».
І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!
І ў адказ народ сказаў: «Не будзе так, каб мы пакінулі Госпада і служылі чужым багам.
Бо Гасподзь — Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.
Госпад, Бог наш, Сам вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай, з дому няволі; і Ён учыніў на вачах нашых страшныя знакі, і Ён пільнаваў нас на ўсёй дарозе, па якой мы вандравалі, і сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі;
Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён — Бог наш.
і Ён выгнаў усе народы амарэяў, жыхароў зямлі, у якую мы ўвайшлі: дык мы будзем таксама служыць Госпаду, бо Ён — Бог наш!»
Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.
І сказаў Ешуа народу: «Вы не зможаце служыць Госпаду, бо Ён — Бог святы і Бог змагар, і Ён не даруе вам злачынстваў і грахоў вашых.
Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.
Калі вы пакінеце Госпада і станеце служыць багам іншым, то Ён прыйдзе да вас, і вынішчыць вас, і скіне вас пасля таго, як раней рабіў дабро вам».
І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.
І сказаў народ Ешуа: «Гэтага ніколі не будзе, але мы будзем служыць Госпаду».
Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада — служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.
І Ешуа сказаў народу: «Вы самі сведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе Госпада, каб служыць Яму». І яны адказалі: «Мы сведкі».
Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.
Ешуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў іншых з грамады вашай ды прыхіліце сэрцы вашыя да Госпада, Бога Ізраэля».
Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.
І народ адказаў Ешуа: «Госпаду, Богу нашаму, будзем служыць; слухацца будзем Яго загадаў».
І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.
І заключыў Ешуа ў гэты дзень запавет з народам і даў яму загады і прыказанні ў Сіхэме.
І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.
І запісаў Ешуа гэтыя словы ў кнізе закону Божага; і ўзяў вялікі камень, і паставіў яго там пад дубам, які быў у месцы свяцілішча Госпадава,
І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.
і сказаў усяму народу: «Вось, гэты камень хай будзе супраць вас як сведчанне, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Госпад гаварыў сярод нас, каб часам пасля вы не захацелі адмовіцца і вырачыся Госпада, Бога вашага».
І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.
І адпусціў Ешуа народ — і кожны пайшоў у сваё ўладанне.
Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.
І па гэтым памёр Ешуа, сын Нуна, паслугач Госпада, маючы сто дзесяць гадоў.
І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.
І пахавалі яго ў межах яго ўладання ў Тамнатсары, што на гары Эфраім, у паўночнай частцы гары Гаас.
І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.
І Ізраэль служыў Госпаду ва ўсе дні жыцця Ешуа і старэйшых, якія значна перажылі Ешуа і якія ведалі ўсе справы Госпада, што Ён зрабіў Ізраэлю.
І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.
Таксама косці Язэпа, якія сыны Ізраэля забралі з Егіпта, пахавалі ў Сіхэме, на частцы поля, купленага Якубам ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў, і стала яно ўласнасцю сыноў Язэпа.
Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.
Памёр таксама Элеязэр, сын Аарона; і пахавалі яго ў Габе [горадзе], сына яго Пінхаса, што дадзены быў яму на гары Эфраім.