Ісуса сына Нава 12 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Вось цары той зямлі, якіх пабілі сыны Ізраілевыя і зямлю якіх узялі ў спадчыну па той бок Ярдана на ўсход сонца, ад патока Арнона да гары Эрмона, і ўсю раўніну на ўсход:
 
Вось цары, якіх забілі сыны Ізраэля і завалодалі іх зямлёю за Ярданам, на ўсход сонца, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон і з усёй усходняй часткай Арабы.

Сігон, цар Амарэйскі, які жыў у Эсэвоне і валодаў ад Араера, што каля берага патока Арнона, і ад сярэдзіны патока палавінаю Галаада, да патока Явока, мяжы Аманіцянаў,
 
Сэгон, цар амарэяў, які жыў у Хесебоне і ўладарыў ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад сярэдзіны даліны і па палову Галаада аж да ручая Ябок, мяжы сыноў Амона;

і раўнінаю да самага мора Хінэрэцкага на ўсход і да мора раўніны, мора Салёнага, на ўсход па дарозе да Бэт-Эшымота, а на поўдзень мясьцінамі каля падножжа Фасгі.
 
і ў Арабе аж да мора Кінэрэт на ўсходзе і аж да мора Арабы, гэта значыць мора Салёнага, на ўсходні бок па дарозе, што вядзе ў Бэт-Есімот, і на паўднёвым баку, што ляжыць ля падножжа Пісгі.

Сумежны Ог, цар Васанскі, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдрэі,
 
Пасля Ог, цар Басана, апошні з рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдраі

і валодаў гарою Эрмонам і Салхою, і ўсім Васанам, да мяжы Гесурскай і Маахскай, і палавінаю Галаада, да мяжы Сігона, цара Эсэвонскага.
 
і панаваў на гары Гэрмон, і ў межах Сальхі, а таксама ва ўсім Басане аж да межаў Гэсура і Маахі, і над паловай Галаада, аж да межаў Сэгона, цара Хесебона.

Майсей, раб Гасподні, і сыны Ізраілевыя забілі іх; і даў яе Майсей, раб Гасподні, у спадчыну племю Рувімаваму, і Гадаваму і палавіне племя Манасіінага.
 
Майсей, паслугач Госпадаў, і сыны Ізраэля забілі іх; і аддаў зямлю іх Майсей ва ўладанне пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.

І вось цары зямлі, якіх пабіў Ісус і сыны Ізраілевыя па гэты бок Ярдана на захад, ад Ваал-Гада ў даліне Ліванскай да Халака, гары, што прасьціраецца да Сэіра, якую аддаў Ісус плямёнам Ізраілевым у спадчыну, пасьля падзелу іх,
 
Гэта цары зямлі, якіх забіў Ешуа і сыны Ізраэля за Ярданам у заходнім баку, ад Баалгада ў даліне Лібана аж да гары Кальв, якая падымаецца да Сэіра, яе аддаў Ешуа ва ўладанне пакаленням Ізраэля, кожнаму — яго частку,

на гары, на нізінных мясьцінах, на раўніне, на мясьцінах каля гор, і ў пустыні і на поўдні, Хэтэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:
 
як на гарах, так і ў Сэфэле, у Арабе і на схілах гары, і ў пустыні, і ў Нагэбе; зямлю хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў:

адзін цар Ерыхона, адзін цар Гая, што каля Вэтыля,
 
цар Ерыхона — адзін, цар Гая, што на баку Бэтэля, — другі,

адзін цар Ерусаліма, адзін цар Хэўрона,
 
цар Ерузаліма — трэці, цар Геброна — чацвёрты,

адзін цар Ярмута, адзін цар Лахіса,
 
цар Ярмута — пяты, цар Лахіса — шосты,

адзін цар Эглона, адзін цар Газэра,
 
цар Эглона — сёмы, цар Газэра — восьмы,

адзін цар Давіра, адзін цар Гадэра,
 
цар Дабіра — дзевяты, цар Гадэра — дзесяты,

адзін цар Хормы, адзін цар Арада,
 
цар Хормы — адзінаццаты, цар Арада — дванаццаты,

адзін цар Ліўны, адзін цар Адалама,
 
цар Лебны — трынаццаты, цар Адалама — чатырнаццаты,

адзін цар Македа, адзін цар Вэтыля,
 
цар Македы — пятнаццаты, цар Бэтэля — шаснаццаты,

адзін цар Тапуаха, адзін цар Хэфэра,
 
цар Тафуа — семнаццаты, цар Хафэра — васемнаццаты,

адзін цар Афэка, адзін цар Шарона,
 
цар Афэка — дзевятнаццаты, цар Сарона — дваццаты,

адзін цар Мадона, адзін цар Асора,
 
цар Мадона — дваццаць першы, валадар Асора — дваццаць другі,

адзін цар Шымрон-Мэрона, адзін цар Ахсафа,
 
цар Сэмрона — дваццаць трэці, цар Ахсафа — дваццаць чацвёрты,

адзін цар Таанаха, адзін цар Мэгідона,
 
цар Танаха — дваццаць пяты, цар Магеды — дваццаць шосты,

адзін цар Кедэса, адзін цар Ёкнэама каля Кармілы,
 
цар Кадэса — дваццаць сёмы, цар Екнаама, што каля Кармэля, — дваццаць восьмы,

адзін цар Дора каля Нафат-Дора, адзін цар Гаіма ў Галгале,
 
цар Дора з узвышшаў Дор — дваццаць дзевяты, цар паганаў з Галгала — трыццаты,

адзін цар Тырцы. Усіх цароў трыццаць адзін.
 
цар Тэрсы — трыццаць першы, усіх цароў — трыццаць адзін.