Ісуса сына Нава 3 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І ўстаў Ісус рана раніцай, і рушылі яны ад Сітыма і прыйшлі да Ярдана, ён і ўсе сыны Ізраілевыя, і начавалі там, яшчэ не пераходзячы яго.
 
І вось, Ешуа, з ночы ўстаўшы, падняў лагер. І, выйшаўшы з Сэтыма, прыбылі яны на Ярдан; ён і ўсе сыны Ізраэля; і затрымаліся там перад пераправай.

Праз тры дні пайшлі наглядчыкі па табары
 
Па трох днях прайшлі кіраўнікі праз лагер

і далі народу загад, кажучы: калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада Бога вашага і сьвятароў лявітаў, якія несьцімуць яго, дык і вы рушце зь месца свайго і ідзеце за ім;
 
і далі загад народу: «Калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада, Бога вашага, і святароў з роду левіцкага, што нясуць яго, дык вы, устаўшы, ідзіце за ім.

адлегласьць паміж вамі і ім павінна быць да дзьвюх тысяч локцяў мераю; не падыходзьце да яго блізка, каб уведаць вам шлях, якім вам ісьці; бо вы не хадзілі гэтым шляхам ні ўчора, ні заўчора.
 
Хай паміж вамі і каўчэгам будзе прастора каля двух тысяч локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якою дарогаю ісці, бо раней вы гэтаю дарогай не хадзілі».

І сказаў Ісус народу: асьвяцецеся, бо заўтра ўчыніць Гасподзь сярод вас цуды.
 
І сказаў Ешуа народу: «Асвяціцеся, бо заўтра выявіць Госпад пасярод вас цуды».

А сьвятарам сказаў Ісус: вазьмеце каўчэг запавету і ідзеце перад народам. Узялі каўчэг запавету і пайшлі перад народам.
 
І сказаў святарам: «Вазьміце каўчэг запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам.

Тады Гасподзь сказаў Ісусу: у гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою;
 
І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табой.

а ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спынецеся ў Ярдане.
 
Ты ж загадай святарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг ракі Ярдан, станеце ў Ярдане!”»

Ісус сказаў сынам Ізраілевым: падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага.
 
І сказаў Ешуа сынам Ізраэля: «Падыдзіце сюды і паслухайце словы Госпада, Бога вашага».

І сказаў Ісус: з гэтага даведаецеся, што сярод вас ёсьць Бог жывы, Які прагоніць ад вас Хананэяў, і Габрэяў, і Фэрэзэяў, і Гергесэяў і Амарэяў і Евусэяў;
 
І зноў казаў Ешуа: «Па гэтым пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што Ён прагоніць хананеяў, хетэяў, гівеяў, феразеяў, а таксама гергесеяў, амарэяў і евусеяў:

вось каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пойдзе перад вамі празь Ярдан;
 
вось, каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан.

і вазьмеце сабе дванаццаць чалавек з плямёнаў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя;
 
Выберыце дванаццаць мужчын з пакаленняў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення;

І як толькі ступакі ног сьвятароў, што нясуць каўчэг Госпада, Уладара ўсёй зямлі, ступяць у ваду Ярдана, вада Ярданская высахне, а вада, якая цячэ зьверху, спыніцца сьцяною.
 
і, як толькі святары, якія нясуць у водах Ярдана каўчэг Госпада, Бога ўсёй зямлі, пакінуць сляды ног сваіх, воды, якія цякуць унізе, сойдуць, а тыя, што цякуць з гор, стануць адзінаю сцяною».

Дык вось, калі народ рушыў ад сваіх намётаў, каб пераходзіць Ярдан, і сьвятары панесьлі каўчэг запавету перад народам,
 
Дык народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан; і святары, якія неслі каўчэг запавету, ішлі перад народам.

дык, як толькі тыя, што несьлі каўчэг увайшлі ў Ярдан, і ногі сьвятароў, што несьлі каўчэг, апусьціліся ў ваду Ярдана,
 
Яны дайшлі аж да Ярдана, і, калі ногі святароў, якія неслі каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва напаўняў берагі свайго рэчышча, —

вада, якая цякла зьверху, спынілася і стала сьцяною на даволі вялікай адлегласьці, да горада Адама, які каля Цартана; а што цякла ў мора раўніны, у мора Салёнае, пайшла і высахла.
 
вада, што цякла зверху, затрымалася на адным месцы накшталт сцяны на вялікай адлегласці ад горада Адамы, які побач з Сартанам; а тая, што цякла ніжэй у мора Арабы, гэта значыць у мора Салёнае, сыходзіла, аж пакуль зусім не знікла.

І народ пераходзіў насупраць Ерыхона; а сьвятары, якія несьлі каўчэг запавету Гасподняга, стаялі на сухім сярод Ярдана цьвёрдаю нагою. Усе Ізраілевыя пераходзілі па сухім, пакуль увесь народ не перайшоў празь Ярдан.
 
А народ пераходзіў каля Ерыхона, і святары, якія неслі каўчэг запавету Госпада, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдана цвёрдаю нагою, аж пакуль увесь Ізраэль пераходзіў праз Ярдан па сухім рэчышчы.