Ісуса сына Нава 3 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вось Егошуа, рана раніцай устаўшы, падняў табар. Выйшаўшы з Шыттыму, прыйшлі яны да Ярдану, ён і ўсе сыны Ізраіля, і затрымаліся там перад пераправай.
 
І вось, Ешуа, з ночы ўстаўшы, падняў лагер. І, выйшаўшы з Сэтыма, прыбылі яны на Ярдан; ён і ўсе сыны Ізраэля; і затрымаліся там перад пераправай.

Праз тры дні прайшлі начальнікі праз табар
 
Па трох днях прайшлі кіраўнікі праз лагер

і далі загад народу: «Калі ўбачыце Каўчэг Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і сьвятароў з роду Левія, якія нясуць яго, вы, устаўшы, ідзіце за ім.
 
і далі загад народу: «Калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада, Бога вашага, і святароў з роду левіцкага, што нясуць яго, дык вы, устаўшы, ідзіце за ім.

Няхай паміж вамі і Каўчэгам будзе прастора каля двух тысячаў локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якім шляхам ісьці, бо раней вы гэтым шляхам не хадзілі».
 
Хай паміж вамі і каўчэгам будзе прастора каля двух тысяч локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якою дарогаю ісці, бо раней вы гэтаю дарогай не хадзілі».

І сказаў Егошуа народу: «Асьвяціцеся! Бо заўтра выявіць ГОСПАД пасярод вас цуды».
 
І сказаў Ешуа народу: «Асвяціцеся, бо заўтра выявіць Госпад пасярод вас цуды».

І сказаў сьвятарам: «Вазьміце Каўчэг Запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам.
 
І сказаў святарам: «Вазьміце каўчэг запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам.

І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Сёньня Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраілем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду з табой.
 
І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табой.

Ты ж загадай сьвятарам, якія нясуць Каўчэг Запавету і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг Ярдану, станеце ў Ярдане!”»
 
Ты ж загадай святарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг ракі Ярдан, станеце ў Ярдане!”»

І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Падыйдзіце сюды і паслухайце словы ГОСПАДА, Бога вашага».
 
І сказаў Ешуа сынам Ізраэля: «Падыдзіце сюды і паслухайце словы Госпада, Бога вашага».

І зноў казаў Егошуа: «З гэтага вы пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што, праганяючы, Ён прагоніць Хананейцаў, Хетаў, Хівеяў, Пэрэзэяў, Гіргашэяў, Амарэйцаў і Евусэяў.
 
І зноў казаў Ешуа: «Па гэтым пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што Ён прагоніць хананеяў, хетэяў, гівеяў, феразеяў, а таксама гергесеяў, амарэяў і евусеяў:

Вось, Каўчэг Запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан.
 
вось, каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан.

І вазьміце дванаццаць мужчынаў з каленаў Ізраіля, па адным з кожнага калена.
 
Выберыце дванаццаць мужчын з пакаленняў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення;

Як толькі стопы ног сьвятароў, што нясуць Каўчэг ГОСПАДА, Госпада ўсёй зямлі, будуць у водах Ярдану, воды разьдзеляцца, і тыя, што цякуць з гор, стануць сьцяною».
 
і, як толькі святары, якія нясуць у водах Ярдана каўчэг Госпада, Бога ўсёй зямлі, пакінуць сляды ног сваіх, воды, якія цякуць унізе, сойдуць, а тыя, што цякуць з гор, стануць адзінаю сцяною».

І калі народ вырушыў з намётаў сваіх, каб пераправіцца праз Ярдан, сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету, ішлі перад народам.
 
Дык народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан; і святары, якія неслі каўчэг запавету, ішлі перад народам.

І заледзь прыйшлі яны да Ярдану, і ногі сьвятароў, якія несьлі Каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва падымаецца аж да берагоў, —
 
Яны дайшлі аж да Ярдана, і, калі ногі святароў, якія неслі каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва напаўняў берагі свайго рэчышча, —

вада, што цякла зьверху, затрымалася і стала сьцяной на вялікім прасторы ад гораду Адама, які побач з Цартанам, а тая, што цякла ў мора Арабы, значыць у Мора Салёнае, сьцякала, аж зусім счэзла.
 
вада, што цякла зверху, затрымалася на адным месцы накшталт сцяны на вялікай адлегласці ад горада Адамы, які побач з Сартанам; а тая, што цякла ніжэй у мора Арабы, гэта значыць у мора Салёнае, сыходзіла, аж пакуль зусім не знікла.

І народ пераходзіў каля Ерыхону, а сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдану цьвёрдаю нагою, аж пакуль увесь народ пераходзіў праз Ярдан.
 
А народ пераходзіў каля Ерыхона, і святары, якія неслі каўчэг запавету Госпада, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдана цвёрдаю нагою, аж пакуль увесь Ізраэль пераходзіў праз Ярдан па сухім рэчышчы.