Ісуса сына Нава 7 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
А сыны Ізраіля дапусьціліся злачынства, бо ўзялі рэчы заклятыя, бо Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды, узяў нешта з рэчаў заклятых. І разгневаўся ГОСПАД на сыноў Ізраіля.
Сыны ж Ізраэля парушылі прыказанне і ўзялі рэчы праклятыя: бо Ахан, сын Хармі, сына Забдыя, сына Зары з пакалення Юды, узяў нешта з рэчаў праклятых. І разгневаўся Госпад на сыноў Ізраэля.
Егошуа паслаў з Ерыхону людзей у Гай, які каля Бэт-Авэну на ўсход ад Бэтэлю, кажучы ім: «Ідзіце і выведайце зямлю». Яны пайшлі і агледзелі Гай,
І, калі Ешуа паслаў з Ерыхона людзей у Гай, што каля Бэт-Авэна ва ўсходняй частцы горада Бэтэля, ён сказаў ім: «Ідзіце і разведайце зямлю». Яны, выконваючы загад, агледзелі Гай
і, вярнуўшыся, сказалі Егошуа: «Няхай не ідзе ўвесь народ, але няхай пойдуць дзьве або тры тысячы і зьнішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо мала ворагаў».
і, вярнуўшыся, сказалі Ешуа: «Хай не ідзе ўвесь народ, але хай пойдуць дзве або тры тысячы чалавек і знішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо вельмі мала ворагаў».
І выбралася каля трох тысячаў ваяроў, але яны кінуліся ўцякаць перад жыхарамі Гаю.
Дык выбралася каля трох тысяч ваяроў, якія зараз жа кінуліся наўцёкі перад жыхарамі горада Гай,
Жыхары Гаю забілі з іх каля трыццаці шасьці чалавек, гонячы іх ад брамы аж да Шэбарыму, і забівалі іх на спуску з гары. І саслабела сэрца народу, і сталася, як вада.
што забілі з іх каля трыццаці шасці чалавек, і пераследавалі іх ад брамы аж да Сэбарыма, і забівалі іх на спуску з гары; і ўстрывожылася сэрца народа і, як вада, разлілося.
Тады Егошуа разьдзёр адзеньне сваё і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад Каўчэгам ГОСПАДА, ён і старшыні Ізраіля, аж да вечара, і пасыпалі попелам галовы свае.
Тады Ешуа разадраў адзенне сваё і ўпаў тварам на зямлю перад каўчэгам Госпада, як ён сам, так і ўсе старэйшыны Ізраэля, аж да вечара; і пасыпалі попелам свае галовы.
І маліўся Егошуа, кажучы: «О, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў і выгубіць? Лепш бы мы заставаліся і жылі за Ярданам!
І сказаў Ешуа: «О, Госпадзе, Божа, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі амарэяў і загубіць? О, каб лепш заставаліся мы за Ярданам!
Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраіль уцякае перад ворагамі?
Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраэль уцякае перад ворагамі?
Пачуюць Хананейцы і ўсе жыхары зямлі, і акружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што тады зробіш для імя Твайго вялікага?»
Пачуюць хананеі і ўсе жыхары зямлі, і, сабраўшыся, абкружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што Ты зробіш для вялікага імя Твайго?»
І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Устань! Чаму ляжыш ніцма на зямлі?
І сказаў Госпад Ешуа: «Устань! Чаму ляжыш тварам на зямлі?
Ізраіль саграшыў, яны парушылі запавет, які Я заключыў з імі, і ўзялі сабе тое, што было заклятае, укралі гэта, затаілі і схавалі паміж рэчаў сваіх.
Ізраэль зграшыў і парушыў Мой запавет, які Я з імі заключыў; і ўзялі сабе тое, што было праклятае, і ўкралі гэта, і затаілі, і схавалі паміж сваіх рэчаў.
Таму сыны Ізраіля не ўстаялі перад ворагамі сваімі і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад закляцьце. Ня буду Я больш з вамі, пакуль ня вынішчыце спаміж сябе заклятага.
І сыны Ізраэля не змаглі ўстаяць перад ворагамі сваімі, і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад праклён; не буду Я больш з вамі, пакуль не вынішчыце з сябе праклятага.
Устань, ачысьці народ і скажы ім: “Ачысьціцеся да заўтра, бо вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: "Заклятае ёсьць у цябе, Ізраілю! Таму не ўстаіцё перад ворагамі сваімі, пакуль ня прымеце заклятага спаміж сябе"”.
Устань! Ачысці народ і скажы ім: “Ачысціцеся да заўтра. Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Праклён у грамадзе тваёй, Ізраэлю! Не зможаш устаяць перад ворагамі сваімі, пакуль не выдаліце праклён з грамады вашай”.
Дзеля гэтага заўтра раніцаю будзеце падыходзіць па каленах, а калена, на якое ГОСПАД пакажа жэрабям, няхай ідзе па родах, а род, на які пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па сем’ях, а сям’я, на якую пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па адным чалавеку.
І заўтра раніцай будзеце падыходзіць па адным па вашых пакаленнях; і пакаленне, на якое Госпад пакажа, хай ідзе па родах сваіх, і род, на які пакажа Госпад, хай ідзе па сем’ях сваіх, і сям’я, на якую пакажа Госпад, хай ідзе па адным чалавеку:
У каго знойдуцца рэчы заклятыя, будзе спалены разам з усім, што да яго належыць, бо ён парушыў запавет ГОСПАДА і дапусьціўся злачынства ў Ізраілі».
і той, хто будзе выкрыты ў гэтым двурушніцтве, будзе спалены агнём разам з усім, што яму належыць, бо ён парушыў запавет Госпада і дапусціўся злачынства ў Ізраэлі”».
І ўстаў Егошуа рана, і загадаў падыходзіць Ізраілю па каленах. І жэрабям паказана было калена Юды.
Такім чынам, устаў Ешуа рана, і расставіў Ізраэль па пакаленнях яго, і паказана было пакаленне Юды.
І загадаў падыходзіць родам Юды, і жэрабям быў паказаны род Зэраха. І загадаў падыходзіць роду Зэраха сем’ямі, і жэрабем паказана была сям’я Заўдыя.
Калі яно па родах сваіх ішло, быў паказаны род Зары; паставіўшы таксама і яго па сем’ях, ён знайшоў сям’ю Забдыя.
І загадаў падыходзіць паасобным мужчынам з сем’ямі сваімі, і жэрабям быў паказаны Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды.
Раздзяліўшы яго сям’ю па асобных членах, ён знайшоў Ахана, сына Хармі, сына Забдыя, сына Зары, з пакалення Юды.
І сказаў Егошуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, і падзякуй, і скажы мне, што ты зрабіў. Ня ўтойвай ад мяне».
І сказаў Ешуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу Госпаду, Богу Ізраэля, і прызнайся, і скажы ты мне, што ты зрабіў; не ўтойвай».
І адказаў Ахан Егошуа, і сказаў: «Сапраўды, саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. Вось што я зрабіў.
І адказаў Ахан Ешуа, і сказаў яму: «Сапраўды, зграшыў я перад Госпадам, Богам Ізраэля, і вось што я зрабіў:
Убачыў я між здабычы прыгожы плашч з Шынэару, дзьвесьце сыкляў срэбра і залаты пруток у пяцьдзясят сыкляў вагі. Зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне намёту майго, а срэбра пад імі».
убачыў бо я між здабычы вельмі прыгожы плашч з Сэнаара, і дзвесце сікляў срэбра, і залаты пруток у пяцьдзесят сікляў вагі; і зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне маёй палаткі, і срэбра пад імі».
І Егошуа выслаў пасланцоў, і яны пабеглі ў намёт, і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра пад ім.
Тады Ешуа выслаў пасланцоў, якія пабеглі ў яго палатку і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра разам;
І забралі іх з сярэдзіны намёту, і прынесьлі да Егошуа і да ўсіх сыноў Ізраіля, і палажылі перад абліччам ГОСПАДА.
і забралі з палаткі, і прынеслі да Ешуа і да ўсіх сыноў Ізраэля, і паклалі перад Госпадам.
І Егошуа ўзяў Ахана, сына Зэраха, срэбра, плашч і пруток золата, і сыноў ягоных, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і сам намёт, і ўсё ягонае, і ўвесь Ізраіль з ім, і вывеў іх у даліну Ахор.
Дык Ешуа ўзяў Ахана, сына Зары, і срэбра, і плашч, і залаты пруток, і сыноў яго, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і самую палатку, і ўсе рэчы, і ў суправаджэнні ўсяго Ізраэля вывеў іх у лагчыну Ахор,
І там сказаў Егошуа: «За тое, што ты навёў на нас гора, няхай ГОСПАД навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраіль камянямі, а [ўсё] ягонае агнём было спалена.
дзе Ешуа сказаў: «За тое, што ты навёў на нас гора, хай Госпад навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраэль; і ўсё, што было ў яго, агнём было спалена.
І накідалі на яго купу камянёў вялікую, якая [захавалася] да сёньняшняга дня. І адвярнуўся гнеў ГОСПАДА ад іх, таму назвалі тое месца далінаю Ахор аж да сёньня.
Таксама накідалі на яго вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня. І адвярнуўся гнеў Госпада ад іх; і назвалі тое месца лагчынаю Ахор аж да сённяшняга дня.