Ісуса сына Нава 10 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, дачуўся, што Ісус узяў Гай і аддаў яго праклёну, і што гэтак сама зрабіў з Гаем і царом яго, як зрабіў і зь Ерыхонам і царом яго, і што жыхары Гаваона пастанавілі спрымірэнства зь Ізраілем і засталіся сярод іх,
 
Калі Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, пачуў гэта, а іменна тое, што Ешуа заняў Гай і знішчыў яго, бо зрабіў ён з Гаем і яго царом так, як зрабіў з Ерыхонам і царом яго, і што заключылі жыхары Габаона мір з Ізраэлем і жылі ў грамадзе яго,

тады ён вельмі спалохаўся, бо Гаваон горад вялікі, як адзін з царскіх гарадоў, і большы за Гай, і ўсе жыхары яго людзі адважныя.
 
то моцна ўстрывожыўся. Бо Габаон быў вялікім горадам, як адзін з гарадоў царскіх, і большы за горад Гай, і ўсе яго жыхары былі наймужнейшымі ваярамі.

Таму Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, паслаў да Гагама, цара Хэўронскага і да Фірама, цара Ярмуцкага, і да Яфія, цара Дахіскага, і да Дэвіра, цара Эглонскага, каб сказаць:
 
Дык Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, паслаў пасланцоў да Агама, цара Геброна, і да Парама, цара Ярмута, таксама да Яфія, цара Лахіса, і да Дабіра, цара Эглона, запрашаючы:

прыйдзеце да мяне і памажэце мне пабіць Гаваон за тое, што ён спрымірыўся зь Ісусам і сынамі Ізраілевымі.
 
«Прыбудзьце да мяне і дайце дапамогу, каб мы перамаглі жыхароў Габаона, бо яны заключылі мір з Ешуа і сынамі Ізраэля».

Яны сабраліся, і пайшлі пяць цароў Амарэйскіх: цар Ерусалімскі, цар Хэўронскі, цар Ярмуцкі, цар Эглонскі, яны і ўсё рушэньне іхняе і спыніліся табарам каля Гаваона, каб ваяваць зь ім.
 
Дык, сышоўшыся, злучыліся разам пяць цароў амарэйскіх: цар Ерузаліма, цар Геброна, цар Ярмута, цар Лахіса, цар Эглона са сваімі войскамі; і сталі яны лагерам каля Габаона, і ваявалі супраць яго.

Жыхары Гаваона паслалі да Ісуса ў табар, у Галгал, сказаць: не адвядзі рукі тваёй ад рабоў тваіх; прыйдзі да нас хутчэй, выратуй нас і дай нам дапамогі; бо сабраліся супроць нас усе цары Амарэйскія, якія жывуць на горах.
 
А жыхары Габаона паслалі людзей да Ешуа, які прабываў тады ў лагеры ў Галгале, і прасілі яго: «Не стрымлівай рукі сваёй, каб даць дапамогу паслугачам тваім! Устань хутка, і вызвалі нас, і прыйдзі з дапамогаю: бо сышліся супраць нас усе цары амарэйскія, якія жывуць у гарах».

Ісус пайшоў з Галгала сам, і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, і ўсе мужчыны адважныя.
 
І пайшоў Ешуа з Галгала, і ўсё войска ваяроў з ім, ваяры наймужнейшыя.

І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім.
 
І сказаў Госпад Ешуа: «Не бойся іх! Бо ў рукі твае Я аддаю іх; ніхто з іх не зможа ўстаяць перад табою».

І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала.
 
Такім чынам, неспадзявана напаў на іх Ешуа, які ўсю ноч ішоў з Галгала,

Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа.
 
і напалохаў іх Госпад перад абліччам Ізраэля, і знішчыў іх вялікаю караю ў Габаоне, і гнаў іх у бок узгорка Бэтарон, і біў іх аж да Азэкі і Македы.

А калі яны беглі ад Ізраільцянаў па схіле гары Вэтаронскай, Гасподзь кідаў па іх зь нябёсаў вялікімі камянямі да самага Азэка, і яны гінулі: болей было тых, якія загінулі ад камянёў, чым тых, каго забілі сыны Ізраілевыя мечам.
 
І калі ўцякалі яны перад сынамі Ізраэля і былі на схіле гары Бэтарон, Госпад кідаў на іх вялікія камяні з неба аж да Азэкі, і больш іх паўмірала ад камянёў градавых, чым ад меча сыноў Ізраэля.

Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!
 
У той дзень, калі выдаў Госпад амарэяў сынам Ізраэля, сказаў Ешуа Госпаду ў прысутнасці Ізраэля: «Стой, сонца, над Габаонам, і ты, месяц, над далінай Аялона».

І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень?
 
І затрымаліся сонца і месяц, пакуль не адпомсціў народ сваім ворагам. Ці ж не запісана гэта ў Кнізе Справядлівага? «Дык стала сонца пасярэдзіне неба і на працягу амаль дня не спяшалася заходзіць».

І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля.
 
Не было падобнага дня ані перад тым, ані потым, каб Госпад паслухаў голас чалавека, бо Госпад ваяваў на баку Ізраэля.

Потым вярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім у табар, у Галгале.
 
І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у лагер у Галгал.

А тыя пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры ў Македзе.
 
А пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры горада Македы.

Калі Ісусу данесьлі і сказалі: «знайшліся пяць цароў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе»,
 
І паведамілі Ешуа, што пяць цароў знойдзены і што яны хаваюцца ў пячоры горада Македы.

Ісус сказаў: «прывалеце вялікія камяні да вусьця пячоры і прыстаўце да яе людзей пільнаваць іх;
 
Ён загадаў: «Закрыйце ўваход у пячору вялікімі камянямі і пастаўце людзей, каб іх, запёртых, пільнавалі.

а вы ня спыняйцеся, а перасьледуйце ворагаў вашых і зьнішчайце заднюю частку войска іхняга і не давайце ім уцячы ў гарады іхнія, бо Гасподзь Бог ваш аддаў іх у рукі вашыя».
 
А вы не стойце, але пераследуйце ворагаў і таксама забівайце апошніх з уцекачоў; не дазвольце ім увайсці ў гарады свае за дапамогаю, бо Госпад, Бог ваш, выдаў іх у рукі вашы».

Пасьля таго як Ісус і сыны Ізраілевыя цалкам пабілі іх вельмі вялікім разгромам, і рэшткі іх паўцякалі ў гарады ўмацаваныя,
 
Такім чынам, ударыўшы ворагаў найвялікшай караю аж да знішчэння так, што толькі рэшткі з іх змаглі ўцячы ў гарады ўмацаваныя,

увесь народ вярнуўся ў табар да Ісуса ў Македзе зь мірам, і ніхто з сыноў Ізраілевых не паварушыў языком сваім.
 
усё войска вярнулася да Ешуа ў Македу ў лагер, жывыя і здаровыя; і ніхто не адважыўся нават языком варухнуць супраць сыноў Ізраэля.

Тады Ісус сказаў: адчынеце вусьце пячоры і выведзіце да мяне зь пячоры пяці цароў тых.
 
І Ешуа загадаў, кажучы: «Адкрыйце ўваход у пячору і прывядзіце да мяне пяцярых цароў, якія ў ёй хаваюцца».

Так і зрабілі: вывелі да яго зь пячоры пяці цароў тых: цара Ерусалімскага, цара Хэўронскага, цара Ярмуцкага, цара Ліхіскага і цара Эглонскага.
 
І зрабілі так, і прывялі да яго пяцярых цароў з пячоры: цара Ерузаліма, цара Геброна, цара Ярмута, цара Лахіса і цара Эглона.

Калі вывелі цароў гэтых да Ісуса, Ісус заклікаў усіх Ізраільцян і сказаў правадырам войска, якія хадзілі зь ім: падыдзеце, наступеце нагамі вашымі на шыі царам гэтым. Яны падышлі і наступілі нагамі сваімі на шыі ім.
 
Калі іх прывялі да яго, ён паклікаў усіх ізраэльцаў і сказаў кіраўнікам войска, якія былі з ім: «Хадзіце і пастаўце ногі на шыі цароў гэтых». Калі яны падышлі і паставілі ногі на шыі ляжачых,

Ісус сказаў ім: ня бойцеся і не жахайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя; бо так зробіць Гасподзь з усімі ворагамі вашымі, зь якімі будзеце ваяваць.
 
зноў Ешуа сказаў ім: «Не бойцеся і не палохайцеся; будзьце цвёрдымі і мужнымі! Бо так Госпад зробіць усім ворагам вашым, супраць якіх будзеце змагацца».

Потым пакараў іх Ісус і забіў іх і павесіў іх на пяці дрэвах: і віселі яны на дрэвах да вечара.
 
І ўдарыў іх Ешуа, і забіў іх, і павесіў на пяці дрэвах; і віселі яны аж да вечара,

А як заходзіла сонца, загадаў Ісус, і зьнялі іх з дрэваў, і кінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і прывалілі вялікія камяні да вусьця пячоры, якія там да сёньня.
 
і ўкінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і закідалі ўваход у яе вялікімі камянямі, якія ляжаць там аж да сёння.

Таго ж самага дня ўзяў Ісус Макед, і пабіў яго мечам і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не пакінуў, хто б ацалеў; і зрабіў з царом Македскім гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.
 
У той самы дзень здабыў Ешуа Македу і знішчыў яе вастрыём меча, і забіў цара яе і ўсіх жыхароў яе; не пакінуў у ёй анікога, і зрабіў цару Македы так, як зрабіў цару Ерыхонскаму.

І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Македа да Ліўны і ваяваў супроць Ліўны;
 
З Македы перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем у Лебну і ваяваў супраць яе.

і аддаў Гасподзь і яе ў рукі Ізраілю, і цара яе, і зьнішчыў яе Ісус мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ёй: нікога не пакінуў у ёй, хто б ацалеў, і зрабіў з царом яе гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.
 
Выдаў Лебну Госпад разам з царом яе ў рукі Ізраэля, і яны знішчылі горад вастрыём меча ды ўсіх яго жыхароў, і не пакінулі нікога, і ўчынілі цару Лебны, як зрабілі цару Ерыхона.

Зь Ліўны пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім да Лахіса і разьмясьціўся каля яго табарам і ваяваў супроць яго;
 
З Лебны Ешуа з усім Ізраэлем перайшоў у Лахіс і, размясціўшы кругом войска, нападаў на яго.

і аддаў Гасподзь Лахіс у рукі Ізраілю, і ўзяў ён яго на другі дзень, і пабіў яго мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ім, так як абышоўся зь Ліўнаю.
 
І аддаў Госпад Лахіс у рукі Ізраэля, які заняў яго на другі дзень; і загубіў вастрыём меча ўсё жывое, што было ў ім, як зрабіў раней у Лебне.

Тады прыйшоў на дапамогу Лахісу Гаарм, цар Газэрскі; але Ісус пабіў яго і народ ягоны так, што нікога ў яго не пакінуў, хто б ацалеў.
 
У той час прыйшоў Гарам, цар Газэра, каб дапамагчы Лахісу; знішчыў яго Ешуа разам з усім народам яго аж да поўнага вынішчэння.

І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Лахіса да Эглона і разьмясьціўся каля яго табарам і ваявалі супроць яго;
 
І перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем з Лахіса ў Эглон, і акружыў яго, і ваяваў з ім,

і ўзялі яго таго ж самага дня і пабілі яго мечам, і ўсё, што дыхала, што было ў ім у той дзень, пракляў ён, як зрабіў з Лахісам.
 
у той жа дзень апанаваў яго і забіў вастрыём меча ўсё жывое, адпаведна ўсяму, што зрабіў у Лахісе.

І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Эглона да Хэўрона і ваявалі супроць яго;
 
Таксама з Эглона пайшоў Ешуа з усім Ізраэлем на Геброн і ваяваў супраць яго.

і ўзялі яго і пабілі яго мечам, і цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, як зрабіў ён і з Эглонам: пракляў яго і ўсё, што дыхала, што было ў ім.
 
І ўзяў яго, і забіў вастрыём меча яго, таксама цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё жывое, што там пражывала; не пакінуў анікога: як зрабіў у Эглоне, так зрабіў і ў Геброне, усё, што ў ім знайшлося, знішчыўшы.

Потым зьвярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім да Давіра і ваяваў супроць яго;
 
Адтуль павярнуў Ешуа з усім Ізраэлем у Дабір, і ваяваў з ім,

і ўзяў яго і цара яго, і пабілі іх мечам, і праклялі ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не засталося, хто ацалеў бы; як зрабіў з Хэўронам і з царом яго, так зрабіў з Давірам і царом яго, і як абышоўся зь Ліўнаю і царом яе.
 
і заняў яго; таксама цара яго і ўсе гарады яго вынішчыў вастрыём меча; не пакінуў у ім ніякіх астаткаў: так зрабіў у Геброне і Лебне і з царамі іх, так зрабіў з Дабірам і царом яго.

І пабіў Ісус усю зямлю нагорную, і нізкія мясьціны і зямлю каля гор, і ўсіх цароў іх: нікога не пакінуў, хто ацалеў бы, і ўсё, што дыхала, пракляў, як загадаў Гасподзь Бог Ізраілеў;
 
Такім чынам, Ешуа заваяваў усю зямлю: горы, і Нагэб, і Сэфэлу, і схілы гор, і цароў іх; не пакінуў у іх ніякіх астаткаў, але ўсё, што магло дыхаць, забіў, як загадаў Госпад, Бог Ізраэля.

пабіў іх Ісус ад Кадэс-Варні да Газы і ўсю зямлю Гашэн аж да Гаваона;
 
І Ешуа пакараў іх ад Кадэс-Барнэ аж да Газы, усю зямлю Госэн аж да Габаона,

і ўсіх цароў гэтых і землі іхнія Ісус узяў адным разам, бо Гасподзь Бог Ізраілеў змагаўся за Ізраіля.
 
і ўсіх цароў і іх землі захапіў адным паходам; бо Госпад, Бог Ізраэля, ваяваў на баку Ізраэля.

Потым Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім вярнуліся ў табар, у Галгале.
 
І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у месца лагера, у Галгал.