Ісуса сына Нава 9 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі дачуліся пра гэта цары, якія жылі за Ярданам, на гары і на раўніне і па ўсім беразе вялікага мора блізь Лівана, Хэтэі, Амарэі, Хананэі, Фэрэзэі, Эвэі і Евусэі,
 
Пачуўшы пра гэта, усе цары, што жылі за Ярданам, у гарах, і ў Сэфэле, і на ўсім беразе Вялікага мора, таксама тыя, хто жыў аж да Лібана, — хетэі і амарэі, хананеі, феразеі, гівеі і евусеі, —

сабраліся разам, каб супольна ваяваць зь Ісусам і Ізраілем.
 
сабраліся разам, каб супольна ваяваць супраць Ешуа і Ізраэля, адзінадушна і з агульным для ўсіх жаданнем.

Але жыхары Гаваона, даведаўшыся, што Ісус зрабіў зь Ерыхонам і Гаем,
 
Аднак тыя, што жылі ў Габаоне, чуючы ўсё, што зрабіў Ешуа з Ерыхонам і Гаем,

пайшлі на хітрасьць: запасьліся хлебам на дарогу і паклалі старыя мяхі на аслоў сваіх і старыя, падраныя і залатаныя мяхі віна;
 
і абдумаўшы хітрасць, узялі з сабою харчы, усклаўшы старыя мяхі на аслоў і старыя бурдзюкі для віна, падзёртыя і палатаныя,

і абутак на нагах у іх быў стары, з латкамі, і вопратка на іх старая; і ўвесь дарожны хлеб у іх быў чэрствы і зацьвілы.
 
і на нагах мелі падзёрты абутак, які быў сшыты абрэзкамі дзеля таго, каб паказаць яго старасць, і апрануліся ў старое адзенне; таксама хлеб падарожны быў сухі ды паламаны на кавалкі.

Яны прыйшлі да Ісуса ў табар у Галгал і сказалі яму і ўсім Ізраільцянам: з даволі далёкай зямлі прыйшлі мы; дык вось, пастанавеце з намі спрымірэнства.
 
І прыбылі яны да Ешуа, які ў той час пражываў у лагеры ў Галгале, і сказалі яму і таксама ўсяму Ізраэлю: «Прыбылі мы з далёкай зямлі, жадаючы заключыць запавет з вамі». І ў адказ сказалі Ізраэльцы гівеям:

А Ізраільцяне сказалі Эвэям: можа, вы жывяце недалёка ад нас? як нам заключыць з вамі спрымірэнства?
 
«А можа, вы сярод нас жывеце і мы не можам заключаць запавет з вамі?»

Яны сказалі Ісусу: мы рабы твае. А Ісус сказаў ім: хто вы і адкуль прыйшлі?
 
Яны ж сказалі Ешуа: «Паслугачы мы твае». Ешуа кажа ім: «Хто вы і адкуль прыбылі?»

Яны сказалі яму: з даволі далёкай краіны прыйшлі рабы твае ў імя Госпада Бога твайго; бо мы чулі пра славу Ягоную і пра ўсё, што зрабіў Ён у Егіпце,
 
Яны адказалі: «З вельмі далёкай зямлі прыбылі паслугачы твае ў імя Госпада, Бога твайго; бо чулі мы пра славу магутнасці Яго, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Егіпце

і пра ўсё, што Ён зрабіў двум царам Амарэйскім, якія па той бок Ярдана, Сігону, цару Сэвонскаму, і Огу, цару Васанскаму, які ў Астароце.
 
і што зрабіў двум царам амарэйскім за Ярданам, Сэгону, цару Хесебона, і Огу, цару Басана, які быў у Астароце.

Старэйшыны нашыя і ўсе жыхары нашай зямлі сказалі нам: вазьмеце ў рукі вашыя хлеба на дарогу і ідзеце насустрач ім і скажэце ім: «мы рабы вашыя; і гэтак пастанавеце з намі спрымірэнства».
 
І сказалі нам старэйшыны і ўсе жыхары нашай зямлі: “Вазьміце ў рукі харчы ў дарогу, і ідзіце насустрач ім, і скажыце: “Паслугачы мы вашыя; заключыце з намі запавет”.

Гэты хлеб наш з дамоў нашых мы ўзялі цёплы ў той дзень, як выправіліся да вас, а цяпер вось, ён зрабіўся сухі і цьвілы;
 
Вось хлеб: калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб дабрацца да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і пакрыты цвіллю,

і гэтыя мяхі зь віном, якія мы налілі новыя, вось, падраліся; і гэтая вопратка наша і абутак наш знасіліся ад даволі далёкай дарогі.
 
бурдзюкі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся і паабмяклі; адзенне, у якое апрануліся, і абутак, які маем на нагах, дзеля працягласці даволі далёкай дарогі падзёрліся і ледзь трымаюцца».

Ізраільцяне ўзялі іхняга хлеба, а ў Госпада ня спыталіся.
 
Дык ізраэльцы пакаштавалі ежы іх і, што скажа Госпад, не запыталіся.

І пастанавіў Ісус зь імі мір і паклаў зь імі ўмову пра тое, што ён захавае ім жыцьцё; і прысягнулі ім правадыры супольства.
 
І заключыў Ешуа мір з імі, і, увайшоўшы ў запавет, прырок ім жыццё; таксама кіраўнікі супольнасці пацвердзілі гэта ім прысягаю.

А праз тры дні, як спрымірыліся яны зь імі, даведаліся, што яны суседзі іхнія і жывуць паблізу ад іх;
 
А па трох днях па заключэнні запавету ізраэльцы пачулі, што яны жывуць у суседстве і сярод іх.

бо сыны Ізраілевыя, выправіўшыся ў дарогу, прыйшлі ў горад іхні на трэці дзень; а гарады іхнія: Гаваон, Кефіра, Бээрот і Кірыят-Ярым.
 
І сыны Ізраэля паднялі лагер і ў трэці дзень прыбылі ў іх гарады, якія называюцца Габаон, і Кафіра, і Бэрот, і Карыят-Ярым;

Сыны Ізраілевыя не пабілі іх, бо правадыры супольства прысягнуліся ім Госпадам Богам Ізраілевым. За ўсё гэта супольства пачало наракаць на правадыроў.
 
і сыны Ізраэля не пазабівалі іх, бо далі ім прысягу кіраўнікі супольнасці ў імя Госпада, Бога Ізраэля. Таму наракала ўся супольнасць супраць кіраўнікоў,

Усе правадыры сказалі ўсяму супольству: мы прысягалі ім Госпадам Богам Ізраілевым і таму ня можам чапаць іх;
 
якія ім адказалі: «Прысягнулі мы ім у імя Госпада, Бога Ізраэля, і дзеля таго не можам іх чапаць.

а вось што зь імі зробім: пакінем іх жывых, каб не паўстаў на нас гнеў за прысягу, якою мы запрысягнуліся ім.
 
Але зробім з імі так: захаваем іх, каб жылі, каб не ўзгарэўся супраць нас гнеў Госпада з-за таго, што мы парушылі прысягу;

І сказалі ім правадыры: няхай яны жывуць, але будуць сячы дровы і чэрпаць ваду на ўсё супольства, як сказалі ім правадыры.
 
але няхай яны жывуць так, каб секчы дровы і насіць ваду». Калі яны сказалі гэта,

Ісус паклікаў іх і сказаў: навошта вы ашукалі нас, сказаўшы: «мы даволі далёка ад вас», тым часам як вы жывяце блізка ад нас?
 
Ешуа паклікаў жыхароў Габаона і сказаў ім: «Чаму захацелі вы нас ашукаць падступна, кажучы: “Мы ад вас вельмі далёка жывём”, калі сярод нас жывеце?

за гэта праклятыя вы! бясконца вы будзеце рабамі, будзеце сячы дровы і чэрпаць ваду дому Бога майго!
 
Таму будзеце вы пад праклёнам, і ніхто з вашага роду не перастане быць паслугачом, секчы дровы і насіць ваду ў дом Бога майго».

Яны ў адказ Ісусу сказалі: дайшло да ведама рабоў тваіх, што Гасподзь Бог твой загадаў Майсею, рабу Свайму, даць вам усю зямлю і загубіць усіх жыхароў гэтай зямлі перад абліччам вашым; таму мы вельмі баяліся, каб вы не пазбавілі нас жыцьця, і зрабілі гэта;
 
Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, даведаліся, што Госпад, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасць вам усю зямлю і знішчыць усіх яе жыхароў; таму мы дужа баяліся дзеля жыцця нашага, напалоханыя страхам перад вамі, і таму так вырашылі зрабіць.

Цяпер вось мы ў руцэ тваёй. Як лепей і справядлівей пакажацца зрабіць з намі, так і зрабі.
 
Цяпер жа мы ў руках тваіх: што табе здаецца добрым і справядлівым, рабі з намі».

І зрабіў зь імі так: забраў іх з рук сыноў Ізраілевых, і тыя не забілі іх;
 
Дык Ешуа зрабіў, як сказаў, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраэля, каб не былі пазабіваныя.

і вырашыў таго ж дня Ісус, каб яны секлі дровы і чэрпалі ваду ўсяму супольству і для ахвярніка Гасподняга; трывае гэта аж да сёньня, у мясьціне, якую выбраў.
 
І ў той дзень вырашыў ён, што яны будуць дапамагаць усяму народу і ахвярніку Госпада, секчы дровы і насіць ваду аж да цяперашняга часу на месцы, якое Госпад выбраў.