Ісуса сына Нава 24 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.
 
І зьбер Ігошуа ўсі плямёны Ізраелявы да Сыхему, і згукаў старцоў Ізраелю, і галавы іх, і судзьдзяў іхных, і нагляднікаў іхных, і сталі яны перад Богам.

І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.
 
І сказаў Ігошуа ўсяму люду: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "За ракою жылі айцове вашыя здаўна, Фераг, ацец Абрагамаў, ацец Нагораў, і служылі іншым багом.

Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.
 
І Я ўзяў айца вашага Абрагама з за ракі, і вадзіў яго па ўсёй зямлі Канаанскай, і размножыў насеньне ягонае, і даў яму Ісака.

Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.
 
І даў Ісаку Якава а Ісава. І даў Ісаву гару Сэір на спадак яму; Якаў жа а сынове ягоныя зышлі да Ягіпту.

І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.
 
І паслаў Я Масея а Аарона, і зразіў Ягіпет, як Я зрабіў сярод яго, потым Я вывеў вас.

Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.
 
І вывеў Я айцоў вашых ізь Ягіпту, і вы прышлі аж да мора, і гналіся Ягіпцяне за айцамі вашымі зь цялежкамі а коньнікамі да Чырвонага мора.

Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.
 
І загаласілі да СПАДАРА, і Ён палажыў цемень памеж вас і Ягіпцян, і навёў на іх мора, каторае іх і пакрыла. І бачылі вочы вашы, што Я зрабіў у Ягіпце. І вы прабывалі на пустыні шмат дзён.

І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.
 
І прывёў Я вас да зямлі Аморэяў, што жылі за Ёрданом; і яны ваявалі з вамі; і даў Я іх у рукі вашы, і вы адзяржалі на спадак зямлю іхную, і Я выгубіў іх перад вамі.

Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;
 
І паўстаў Валак Цыпоронак, кароль Моаўскі, і ваяваў із Ізраелям, і паслаў і пагукаў Валаама Веоронка, каб ён пракляў вас.

але Я не хацеў слухаць Валаама, — і ён дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.
 
Але Я ня зычыў паслухаць Валаама; і ён дабраславенствам дабраславіў вас, і Я выбавіў вас із рукі яго.

Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.
 
І вы перайшлі Ёрдан, і прышлі да Ерыхону. І ваявалі з вамі спадары Ерыхону, Аморэй а Ферэзэй, Канаанянін а Гэціч а Ґерґесэй а Гэвей а Евусэй; але Я аддаў іх у рукі вашы.

Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.
 
Я паслаў перад вамі шаршні, і прагналі яны іх ад вас, двух каралёў Аморэйскіх; не мячом тваім ані лукам тваім.

І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.
 
І даў Я вам зямлю, над каторай вы не марыліся, і месты, каторых вы не станавілі, і вы жылі ў іх; зь вінных а аліўных садоў, каторых вы не садзілі, вы ясьцё".

Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.
 
А цяпер бойцеся СПАДАРА і служыце Яму ў супоўнасьці а праўдзе; аддальце багі, каторым служылі бацькі вашыя за ракою а ў Ягіпце, і служыце СПАДАРУ.

Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.
 
І калі ліха ў вачох вашых служыць СПАДАРУ, то выбярыце сабе цяпер, каму служыць, ці багом, каторым служылі бацькі вашыя, быўшы за ракою, ці багом Аморэяў, у каторых зямлі жывіцё, а я а дом мой будзем служыць СПАДАРУ».

І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!
 
І адказаваў люд, і сказаў: «Крый Божа, каб мы пакінулі СПАДАРА, каб служыць іншым багом!

Бо Гасподзь — Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.
 
Бо СПАДАР, Бог наш, Ён Тый, Каторы ўзьвёў нас а бацькоў нашых ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў, і каторы рабіў перад ачыма нашымі гэтыя вялікія знакі, і ахараняў нас у вусёй дарозе, па каторай мы йшлі, і сярод усіх людаў, пераз каторыя мы праходзілі.

Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён — Бог наш.
 
І прагнаў СПАДАР ад віду нашага ўсі люды й Аморэя, жыхара зямлі. Таксама мы будзем служыць СПАДАРУ, бо Ён Бог наш».

Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.
 
І сказаў Ігошуа люду: «Ня зможаце служыць СПАДАРУ, Бо Ён Бог сьвятасьцяў, ён Бог завіднік, Ён не даруе выступаў вашых а грахоў вашых.

Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.
 
Бо калі вы пакінеце СПАДАРА й будзеце служыць чужым багом, то Ён павернецца супроці вас, зробе ліха вам і выгубе вас просьле тога, як Ён добра дзеяў вам».

І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.
 
І сказаў люд Ігошуі: «Не, мы СПАДАРУ будзем служыць».

Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада — служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.
 
І сказаў Ігошуа люду: «Вы сьветкі празь сябе, што вы абралі сабе СПАДАРА, служыць Яму?» І яны адказалі: «Сьветкі».

Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.
 
«А цяпер аддальце чужыя багі, каторыя пасярод вас, і нахінеце сэрца свае да СПАДАРА, Бога Ізраелявага».

Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.
 
І сказалі люд Ігошуі: «СПАДАРУ, Богу нашаму, будзем служыць і голасу Яго будзем слухаць».

І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.
 
І ўчыніў Ігошуа змову зь людам таго дня, і ўставіў яму ўставы а суд ў Сыхеме.

І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.
 
І ўпісаў Ігошуа словы гэтыя ў кнігу права Божага, і ўзяў вялікі камень, і пастанавіў яго там пад дубам, каторы ля сьвятыні СПАДАРОВАЕ.

І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.
 
І сказаў Ігошуа ўсяму люду: «Вось, камень гэты будзе нам за сьветку, бо ён чуў усі словы СПАДАРОВЫ, каторыя Ён гутарыў із намі, ён будзе за сьветку супроці вас, каб вы не адракліся СПАДАРА, Бога свайго».

І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.
 
І адпусьціў Ігошуа люд, кажнага да спадку свайго.

Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.
 
І сталася просьле гэтага, што памер Ігошуа Нунянок, слуга СПАДАРОЎ, сту дзесяцёх год.

І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.
 
І пахавалі яго ў граніцы спадку ягонага ў Фімнаф-Сэрагу, каторы на гары Яхрэмавай, на поўнач ад гары Гааш.

І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.
 
І служыў Ізраель СПАДАРУ ўсі дні Ігошуі і ўсі дні старцоў, каторых дні працягнуліся тады просьле Ігошуі, і каторыя ведалі ўсю справу СПАДАРОВУ, якую Ён учыніў Ізраелю.

І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.
 
І косьці Язэпавы, каторыя ўзьнесьлі сынове Ізраелявы зь Ягіпту, пахавалі ў Сыхеме, у дзелі поля, каторае купіў Якаў у сыноў Гамора, айца Сыхемавага, за сто манэтаў, і сталася яно спадкам сыном Яээпавым.

Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.
 
І Елеазар Ааронёнак памер, і пахавалі яго на ўзгорку Фінегаса, сына ягонага, каторы даны яму на гары Яхрэмавай.