Да Габрэяў 8 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах
Галоўнае-ж у сказаным ёсьць: мы маем Архірэя такога, што се́ў праваруч пасаду ве́лічы на нябёсах,
і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.
слуга сьвятыні і скініі праўдзівай, якую паставіў Госпад, а не чалаве́к.
Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.
Бо кожны архірэй стаўляецца на тое, каб прынасіць дары й ахвяры; дык трэба было, каб і Гэты ме́ў нешта, што прыне́сьці.
Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,
Бо калі-б Ён быў на зямлі, дык ня быў-бы сьвяшчэньнікам, бо ёсьць сьвяшчэньнікі, што па закону прыносяць дары,
якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.
якія служаць абразу́ і це́ню нябе́снага, як ска́зана было Майсе́ю, калі ён маніўся зрабіць скінію: Глядзі, сказана, рабі ўсё па ўзору, паказанаму табе́ на гарэ (Выхад 25:40).
але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.
Цяпе́р жа Ён атрымаў служэньне тым дасканальшае, чым ле́пшага Ён пасярэднік запаве́ту, які ўзаконіўся на ле́пшых прырачэньнях.
Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
Бо калі-б той пе́ршы быў без заганы, дык ня шукалася-б ме́сца другому.
Але прарок, дакараючы іх, кажа: «вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
Бо-ж, дакараючы іх, кажа: вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі зро́блю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запаве́т,
не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
не паводле запаве́ту, які з бацькамі іх зрабіў у той дзе́нь, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай; бо яны ня вы́трывалі ў запаве́це Маім, і Я перастаў рупіцца аб іх, — кажа Госпад.
Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
Вось запаве́т, які дам дому Ізраіляваму пасьля тых дзён, — кажа Госпад: Даўшы законы Мае́ ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Бог, а яны Мне́ будуць народ.
І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; бо ўсе́, ад малога да вялікага, ве́даць Мяне́ будуць.
Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей».
Бо міласьцівы буду да няпра́веднасьцяў іх і грахоў іхніх, і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й (Ерамія 31:31−34).
Кажучы «новы», паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.
А сказам «новы» састарыў пе́ршы; а састарэўшае і старэючае блізка да зьніштажэньня.