Асіі 13 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала — і загінуў.
 

І сёньня дадалі яны да грэху: нарабілі сабе літых ідалаў з срэбра свайго паводле разуменьня свайго, — поўная праца мастакоў, — і кажуць яны людзям, якія прыносяць ахвяру: «цалуйце цяльцоў!»
 

За тое яны будуць — як ранішні туман, як раса, што скора зьнікае, як мякіна, што зьвяваецца з гумна, і як дым з коміна.
 

Але Я — Гасподзь Бог твой ад зямлі Егіпецкай, — і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне.
 

Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай.
 

Маючы палеткі, яны былі сытныя; а калі насычаліся, дык узьвесялялася сэрца іхняе, і таму Яны забывалі Мяне
 

І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе.
 

Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць зьмесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьвяры будуць ірваць іх.
 

Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне — апора твая!
 

Дзе цар твой цяпер? Хай ён ратуе цябе ва ўсіх гарадах тваіх! Дзе судзьдзі твае, пра якіх казаў ты: «дай нам цара і начальнікаў?»
 

І Я даў табе цара ў гневе Маім і забраў — у абурэньні.
 

Зьвязаны ў вузел беззаконьні Яфрэмава, захаваны ягоны грэх.
 

Мукі парадзіхі спасьцігнуць яго; ён — сын неразумны, інакш не стаяў бы доўга ў становішчы, у якім нараджаюцца дзеці.
 

Ад улады пекла Я адкуплю іх, ад сьмерці выбаўлю іх. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? раскаяньня ў гэтым ня будзе ў Мяне.
 

Хоць Яфрэм пладавіты паміж братамі, але прыйдзе ўсходні вецер, падымецца вецер Гасподні з пустыні, — і высахне крыніца яго: ён спустошыць скарбніцу ўсіх каштоўных сасудаў.