Да Рымлянаў 16 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Даручаю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу царквы Кенхрэйскай:
Даручаю вам Фіву, нашу сястру, дыяканісу царквы, якая ў Кенхрэях,
прымеце яе дзеля Госпада, як прыстойна сьвятым, і памажэце ёй, у чым яна будзе мець патрэбу ў вас; бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.
каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як годна святым, і дапамагалі ёй, у чым бы яна ні мела ў вас патрэбы, бо і яна была апякункаю многіх і мяне самога.
Вітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,
Прывітайце Прыску1 і Акілу, маіх супрацоўнікаў у Хрысце Ісусе,
якія галаву сваю клалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, а і ўсе цэрквы зь язычнікаў, — і дамовую іхную царкву.
якія за маё жыццё падстаўлялі свае шыі, якім не толькі я дзякую, але і ўсе цэрквы язычнікаў;
Вітайце любаснага мне Эпанета, які ёсьць пачатак Ахаі дзеля Хрыста.
І прывітайце царкву, якая ў іх доме. Прывітайце Эпенета, улюбёнага майго, які ёсць пачатак Азіі для Хрыста.
Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.
Прывітайце Марыю, якая шмат папрацавала для нас.
Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія праславіліся сярод апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.
Прывітайце Андроніка і Юнію, маіх сваякоў і вязняў са мною, знакамітых між Апосталаў, яны і ў Хрысце былі раней за мяне.
Вітайце Амплія, любаснага мне ў Госпадзе.
Прывітайце Ампліята, улюбёнага майго ў Госпадзе.
Вітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага мне.
Прывітайце Урбана, нашага супрацоўніка ў Хрысце, і Стахія, улюбёнага майго.
Вітайце Апялеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце верных з дому Арыставулавага.
Прывітайце Апелеса, ухваленага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дома Арыстобула.
Вітайце Ірадыёна, родзіча майго. Вітайце з сваякоў Наркіса тых, якія ў Госпадзе.
Прывітайце Геірадыёна, майго сваяка. Прывітайце тых, хто з дома Наркіса, хто ў Госпадзе.
Вітайце Трыфону і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе.
Прывітайце Трыфену і Трыфосу, працаўніц у Госпадзе. Прывітайце Персіду, улюбёную, якая шмат папрацавала ў Госпадзе.
Вітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю.
Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці яго і маю.
Вітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ярмія і іншых зь імі братоў.
Прывітайце Асінкрыта, Флеганта, Гермеса, Патрова, Гермасу і братоў, што з імі.
Вітайце Філалога і Юлію, Нірэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх зь імі сьвятых.
Прывітайце Філолага і Юлію, Нірэя і яго сястру, і Алімпасу, і ўсіх святых, якія з імі.
Вітайце адно аднаго з цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовыя.
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовы.
Малю вас, браты, асьцерагайцеся тых, што спрычыняюць падзелы і звады, насуперак вучэньню, якога вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх;
Прашу ж вас, браты, заўважаць тых, хто чыніць падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх.
бо такія людзі служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, і лісьлівасьцю ды красамоўствам ачмураюць сэрцы прастадушных.
Бо такія служаць не нашаму Госпаду [Ісусу] Хрысту, а свайму страўніку і складнымі словамі і ліслівымі прамовамі ашукваюць сэрцы прастадушных.
Ваша пакора веры ўсім вядомая; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і бясхітрасныя на зло.
Бо вестка пра ваша паслушэнства дайшла да ўсіх; тау я радуюся за вас, але хачу, каб вы былі мудрыя для дабра, беззаганныя для ліха.
А Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.
Бог жа міру неўзабаве сатрэ сатану пад вашымі нагамі. Ласка Госпада нашага Ісуса [Хрыста] няхай будзе з вамі. Амін.
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, Ясон і Сасыпатр, родзічы мае.
Вітаюць вас Цімафей, мой супрацоўнік, і Лукій, Іясан і Сасіпатр, мае сваякі.
Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне.
Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, што пісаў гэты ліст.
Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадзкі скарбнік, і брат Кварт.
Вітае вас Гаій, госцепрыемец мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
[Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.]