2 да Карынфянаў 7 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.
Дык, улюбёныя, маючы гэтыя абяцанні, ачысцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, удасканальваючы святасць у страху перад Богам.
Дайце месца нам: мы нікога не пакрыўдзілі, і нікому не нашкодзілі, ні ад кога не дамагаліся карысьці.
Змясціце нас у свае сэрцы; мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не сапсавалі, ні ад каго не шукалі карысці.
Не на асуду кажу; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, так каб разам і памерці і жыць.
Не ў асуджэнне кажу: бо я раней казаў, што вы — у нашых сэрцах, каб нам разам памерці і разам жыць.
Я шмат спадзяюся на вас, шмат хвалюся вамі; я поўны ўцехі, узбагачаюся радасьцю пры ўсёй журбе нашай.
Вялікая мая ўпэўненасць у вас, вялікая ў мяне гордасць за вас: я напоўнены суцяшэннем, я перапаўняюся радасцю пры ўсім нашым горы.
Бо, калі прыйшлі мы ў Македонію, цела наша ня мела ніякага спакою, а мы былі ўціснутыя адусюль: звонку — напады, усярэдзіне — страхі.
І нават калі мы прыйшлі ў Македонію, наша цела не мела ніякага спакою, а з усіх бакоў гнялі нас; звонку — напасці, унутры — страхі.
Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас Цітавым прыходам
Але Бог, Які суцяшае прыгнечыных, суцешыў нас прыбыццём Ціта,
і ня толькі прыходам яго, але і ўцехаю, якою ён суцяшаўся за вас, расказваючы нам пра вашую руплівасьць, пра ваш плач, пра вашае дбаньне за мяне, так што радасьць мая яшчэ збольшылася.
і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён суцешыўся аб вас, аб’яўляючы нам аб вашым гарачым жаданні, аб вашым плачы, аб вашай руплівасці дзеля мяне, так што я яшчэ болей узрадаваўся.
А таму, калі я засмуціў вас пасланьнем, не шкадую, хоць і пашкадаваў быў; бачу, што пасланьне тое засмуціла вас, хоць і часова.
Таму калі я і засмуціў вас лістом, я не раскайваюся: калі і раскайваўся, бачу, што той ліст — нават калі на гадзіну — вас засмуціў,
Цяпер я радуюся не таму, што вы засмуціліся, а таму, што вы засмуціліся на пакаяньне; бо засмуціліся дзеля Бога, так што зусім ня зьведалі праз нас шкоды.
то цяпер я радуюся — не таму, што вы былі засмучаны, а таму, што былі засмучаны да пакаяння: бо вы былі засмучаны паводле Бога, каб ні ў чым не пацярпець шкоды ад нас.
Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.
Бо смутак паводле Бога робіць пакаянне для выратавання, аб чым не шкадуюць; а смутак гэтага свету чыніць смерць.
Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Бо вось, якраз гэта — тое, што вы былі засмучаны паводле Бога, глядзіце, якую выклікала ў вас рупнасць, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, і якое жаданне, а якую гарачнасць, а якую адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам.
Дык калі я і напісаў вам, то не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб перад Богам стала вам відавочным ваша старанне аб нас6.
Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны;
Таму мы суцешаныя. Але, акрамя нашага суцяшэння, мы яшчэ болей узрадаваліся Цітавай радасці, таму што яго дух супакоены ўсімі вамі.
і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
Бо калі я чым пахваліўся яму пра вас, — я не быў пасаромлены, але, як мы ўсё вам казалі ў праўдзе, так і наша пахвала перад Цітам аказалася праўдаю.
і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем.
І яго сэрца яшчэ болей горнецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.
І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.
Я радуюся, што маю адвагу ва ўсім быць упэўненым у вас.