Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І вялікі знак быў відаць на небе: жонка, адзеўшыся ў сонца; і пад нагамі ейнымі месяц, і на галаве ў яе карона з двананцацёх гвездаў.
1 І вялікі знак паявіўся на небе: Жанчына, адзетая ў сонца, месяц пад яе ступнямі, а на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.
І, будучы ўцяжку, яна крычэла ў трудненьню, у болю раджэньня.
Была яна цяжарная і крычала ад болю і мук раджаньня.
І другі знак быў відаць на небе: вось, вялікі чырвоны смок ізь сяма галавамі і дзесяцьма рагамі, і на галавах у яго сем дыядэмаў;
І з'явіўся іншы знак на небе: вось дракон-гад вялізны, рыжы, сямігаловы і з дзесяццю рагамі, а на галовах яго сем карон,
І хвост ягоны павалок ізь неба трайціну гвездаў і кінуў іх на зямлю. І смок гэты стаў перад жонкаю, каторая мела радзіць, каб, як яна народзе, зжэрці дзецянё ейнае.
а хвост яго сьцягнуў трэцюю частку зорак на небе і кінуў іх на зямлю. І дракон-гад стаў перад жанчынаю, якая павінна радзіць, каб, як яна народзіць, зжорці яе сына.
І нарадзіла яна хлопчыка, каторы меў пасьціць усі народы зямлі прутом зялезным, і ўхоплена было дзецянё ейнае да Бога й пасаду Ягонага.
І нарадзіла сына, які будзе валадарыць над усімі народамі жалезным жазлом. І схоплены быў яе сын да Бога і да Ягонага трона, а жанчына ўцякла на пустыню,
А жонка ўцякла на пустыню, ідзе Бог прыгатаваў ёй месца, каб яны жывілі яе там тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.
дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзесят днёў.
І зьдзеялася на небе вайна: Міхайла а ангілы ягоныя ваявалі із смокам, і смок і ангілы ягоныя ваявалі.
I пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон ваяваў са сваімі анёламі.
І ён не перамог, і не знайшлося ўжо месца іхнага на небе.
I не маглі, і не маглі яны ўжо далей прабываць у небе.
І ськінены быў на зямлю вялікі смок, старавечны гад, званы дзявалам а шайтаном, каторы зводзіў увесь сьвет, ськінены на зямлю, і ангілы ягоныя ськінены зь ім.
I скінуты быў дракон, гад той магутны, стары зьмей, які завецца д'ябал і шатан, спакушальнік сусьвету, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
І чуў я вялікі голас на небе, каторы казаў: «Цяпер настала спасеньне а магутнасьць а гаспадарства Бога нашага а ўлада Хрыста Ягонага, бо ськінены вінаваньнік братоў нашых, каторы вінаваў іх перад Богам нашым дзень і ноч;
I пачуў я голас магутны на небе, кажучы; "Цяпер настала збаўленьне і моц, і валадарства Бога нашага і валаданьне Хрыстуса Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвіняў іх перад Богам нашым днём і ноччу.
І яны перамаглі яго крывёю Баранчыкавай і словам сьветчаньня свайго, і ня ўмілавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
I тыя перамаглі яго дзякуючы крыві Ягняці і для слова свайго сьведчаньня, і не шкадавалі душаў сваіх ажно да канца (сьмерці).
Дык весяліцеся нябёсы і жыхарачыя на іх! Бяда Зямлі й мору, бо дзявал зышоў да вас у вялікай злосьці, ведаючы, што мала ў яго часу!»
Дзеля таго цешцеся неба і жыхары ягоныя. Гора зямлі і мору, бо сышоў д'ябал да вас, поўны вялікай злосьці, ведаючы, што мае мала часу.
Як смок абачыў, што ськінены на зямлю, пачаў перасьледаваць жонку, каторая нарадзіла мужчыну.
А калі дракон спасьцярог, што скінуты ён на зямлю, прасьледваць жанчыну, нарадзіўшую сына.
І даны былі жонцы два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ад віду гадавага на пустыню на свае месца, і йдзе яе жывілі б час а часы а поў часу.
I былі дадзены жанчыне двое крыльляў вялўкага арла, каб ляцела на пустыню, на сваё месца, дзе корміць яе, далёка ад гада праз час, праз два часы і праз поў часы.
І пусьціў гад ізь ляпы свае за жонкаю ваду, як раку, каб захапіць яе ракою.
I пусьціў тады гад з ляпы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сьцягнуць.
Але зямля памагла жонцы, і рашчыніла зямля вусны свае, праглынула раку, што пусьціў смок ізь ляпы свае.
Але зямля выратавала жанчыну, бо раскрала зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусьціў дракон са сваёй ляпы.
І ўзлаваўся смок на жонку, і пайшоў ваяваць із засталымі ад семені ейнага, каторыя заховуюць расказаньні Божыя і маюць сьветчаньне Ісусава.
I ўзлаваўся дракон на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштаю яе патомства, якая трымалася загадаў Божых і мела пасьведчаньне Езуса Хрустуса.