Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Дык, аправіўшыся вераю, мы маем мір із Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста,
Дык, апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Езуса Хрыста,
Пераз Каторага вераю й адзяржалі мы прыступ да тае ласкі, у каторай стаім і хвалімся надзеяю славы Божае.
праз Якога вераю маем доступ да ласкі, у якой трываем ды ганарымся надзеяй хвалы Божай.
І не адно ёю, але хвалімся й атугаю, ведаючы, што атуга вытварае цярплівосьць,
Ды ня толькі гэтым, але ганарымся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт выклікае цярплівасьць,
Ад цярплівосьці ўзумеласьць, ад узумеласьці надзея,
а цярплівасьць — досьвед, а досьвед — надзею.
А надзея не засароме, бо міласьць Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, даным нам.
А надзея асароміць ня можа, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, каторы нам дадзены.
Бо, як мы яшчэ млявыя былі, Хрыстос у належным часе памер за бязбожных.
Хрыстос бо памёр за бязбожнікаў у прадбачаны час, калі мы былі яшчэ слабымі.
Бо за справядлівага бадай ніхто не памрэць, яшчэ бо за добрага можа хто й адважыўся б памерці.
Бо і за справядлівага наўрад ці хто памрэ; хіба за дабрадзея можа быць хто і памёр.
Але Бог Сваю міласьць да нас даводзе тым, што, як мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памер за нас.
Бог жа паказвае нам сваю любоў тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.
Затым пагатове цяпер, будучы аправеныя Крывёю Ягонай, спасемся Ім ад гневу.
Дык тым больш цяпер, апраўданыя крывёй Ягонаю, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.
Бо, калі, будучы непрыяцелямі, мы былі пагоджаны з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык пагатове, пагадзіўшыся, спасемся жыцьцём Ягоным.
Бо калі, мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Ягонага, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленьне праз жыцьцё Ягонае.
І ня толькі гэтак, але й хвалімся Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста, пераз Каторага мы адзяржалі цяпер пагаджэньне.
І ня толькі гэта, але ганарымся Богам праз Госпада нашага Езуса Хрыста, праз якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
Затым, як пераз аднага чалавека ўвыйшоў на сьвет грэх, а пераз грэх — сьмерць, так увыйшла сьмерць на ўсіх людзёў, бо ў ім усі ізграшылі.
Дзеля таго, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, гэтак і сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі саграшылі.
Бо й да Закону быў грэх на сьвеце; але грэх не залічаецца, як няма Закону.
Бо і да закону быў грэх на сьвеце, але дзеля адсутнасьці закону грэх не лічыўся грэхам.
Сьмерць, адылі, радзіла ад Адама аж да Масея і тых, што не грашылі падобна да выступу Адамовага, каторы ёсьць абраз прыйдучага.
Аднак, пачынаючы ад Адама да Майсея сьмерць панавала нават над тымі, што не саграшылі на пабенства грэху Адама, каторы ёсьць абраз будучага.
Але не як выступ, быў свабодны дар. Бо калі пераз выступ аднаго шмат памерла, шмат балей ласка Божая а дар із ласкі тае аднае Людзіны Ісуса Хрыста шчодра выліты на шмат.
Але ня так справа з дарам (ласкі), як з правіненьнем. Калі бо правіненьне аднаго выклікала сьмерць на ўсіх, то шмат шчадрэй сплыла на іх усіх ласка і дар Божы, спагадна ўдзеляны адным чалавекам, Езусам Хрыстом.
І дар не як дзеяньне грэху таго аднаго чалавека; бо суд за адзін выступ на засуджэньне, а дар на аправеньне ад шмат выступаў.
І ня так справа з дарам, як з правіненьнем аднаго. Калі бо адзін грэх толькі выклікае асуджэньне, то ласка дае апраўданьне многіх грахоў.
Калі, з прычыны выступу аднаго чалавека сьмерць радзіла пераз аднаго таго чалавека, шмат больш тыя, што прыймуць багацьце ласкі і дар справядлівасьці, будуць радзіць у жыцьцю пераз таго аднаго Ісуса Хрыста.
Калі вось праз правіненьне аднаго сьмерць запанавала з-за аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасьць ласкі і дар справядлівасьці, панаваць будуць у жыцьці праз Аднаго, Езуса Хрыста.
Затым, як выступ аднаго прыводзе на ўсіх людзёў засуджэньне, так учынак справядлівасьці прыводзе ўсіх людзёў да аправеньня жыцьця.
Дык як правіненьне аднаго выклікала асуджэньне на ўсіх людзей, так справядлівасьць Аднаго выклікала ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.
Бо, як непаслухменствам аднаго чалавека шмат хто стаў грэшным, так і паслухменствам Аднаго стане справядлівым шмат хто.
І як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасьць Аднаго многія стануцца справядлівымі.
Закон прышоў пасьлей, і памнажыўся выступ; але йдзе грэх збытна памнажыўся, тым больш была збытная ласка,
Закон жа паявіўся па тое, каб памножыўся праступак. А дзе памножыўся грэх, там церазьмерна памножылася ласка,
Каб, як грэх радзіў у сьмерці, так і ласка радзіла пераз справядлівасьць да жыцьця вечнага перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага.
каб як грэх панаваў на сьмерць, так і ласка праз справядлівасьць панавала на жыцьцё вечнае праз Езуса Хрыста, Госпада нашага.