1 да Цімафея 4 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дух жа выразьліва кажа, што ў вапошнія дні адступяць некатрыя ад гэтае веры, зважаючы на ашукных духоў і навукі дзявальскія,
 
Дух вось адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук дэманавых,

У двудушнасьці ману гукаючых, із спаленым сумленьням сваім,
 
(праз) крывадушна падманваючых і з заплямленым сумленьнем,

Што бароняць жаніцца, расказуюць узьдзержавацца ад ежы, каторую Бог стварыў, каб верныя й пазналыя праўду прыймалі з падзякаю.
 
забараняючых жаніцца, (загадваючых) устрымлівацца ад страваў, якія стварыў Бог для ежы веручым і тым, якія пазналі праўду, каб дзякавалі Богу.

Бо кажнае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адхінена, будучы прыймана з падзякаю,
 
Бо ўсё, што стварыў Бог, ёсьць добрым, і нічога ня трэба адкідаць, калі з падзякаю прыймаецца;

Бо пасьвячаецца словам Божым і маленьням.
 
усьвячаеца бо яно праз Слова Божае і малітву.

Пакладаючы гэта перад братамі, будзеш добры слугачы Хрыста Ісуса, гадаваны словамі веры і добрай навукаю, за каторай ты пайшоў.
 
Выясьняючы гэта братам, будзеш добрым слугою Езуса Хрыста, спасілены словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.

Сьвецкіх жа а старых бабаў байкаў чурайся, але ўкладайся ў набожнасьці.
 
Недарэчных і бабскіх казак высьцерагайся, і нахіляй сябе да пабожнасьці.

Бо цялеснае ўкладаньне мала карыснае, але набожнае карыснае да ўсёга, маючы абятніцу жыцьця цяперашняга й прыйдучага.
 
Бо фізічная муштра ня вельмі карысная, пабожнасьць жа да ўсяго прыдатная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага.

Слова гэтае вернае й кажнага прыйма годнае.
 
Праўдзівае гэта слова і вартае ўсякай увагі.

Бо мы дзеля таго гарапашнічаем а труднімся, што спадзяемся на Бога жывога, Каторы ё Спас усіх людзёў, асабліва ж вернікаў.
 
Бо дзеля гэтага мы працуем і пакутуем, бо спадзяемся на Бога жывога, які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу веручых.

Загадуй гэта й вучы.
 
Загадвай гэта і вучы.

Ніхто няхай ня мае ўлегцы маладосьці твае, але будзь зразаю вернікам у слове, у паступку, у міласьці, у веры, у чысьціні.
 
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосьцю, але будзь прыкладам веручым у слове, у паводзінах, у любові, у веры, у чыстасьці.

Пакуль ня прыйду, зважай на чытаньне, навучаньне, вучэньне.
 
Пакуль прыбуду, займіся чытаньнем, пацяшаньнем і навукаю.

Не занедбавай дару ў сабе, данага табе подле прароцтва з ускладам рук старшых.
 
Не занядбоўвай ласкі, якая прабывае ў табе, якая дадзена табе праз прароцтва з узлажэньнем рук старшых.

Праз гэта рупся, будзь увесь у гэтым, каб дасьпех твой быў відавочны ўсім.
 
Аб гэтым думай і (у гэта) заглыбляйся, каб посьпех твой усім быў бачны.

Глядзі самога сябе й навучаньня, трывай у гэтым, бо, так робячы, спасеш самога сябе і тых, што слухаюць цябе.
 
Глядзі сябе і навукі, трымайся іх. Так бо паступаючы і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе.