1 да Цімафея 4 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
Дух жа выразьліва кажа, што ў вапошнія дні адступяць некатрыя ад гэтае веры, зважаючы на ашукных духоў і навукі дзявальскія,
У двудушнасьці ману гукаючых, із спаленым сумленьням сваім,
Што бароняць жаніцца, расказуюць узьдзержавацца ад ежы, каторую Бог стварыў, каб верныя й пазналыя праўду прыймалі з падзякаю.
Бо кажнае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адхінена, будучы прыймана з падзякаю,
Бо пасьвячаецца словам Божым і маленьням.
Пакладаючы гэта перад братамі, будзеш добры слугачы Хрыста Ісуса, гадаваны словамі веры і добрай навукаю, за каторай ты пайшоў.
Сьвецкіх жа а старых бабаў байкаў чурайся, але ўкладайся ў набожнасьці.
Бо цялеснае ўкладаньне мала карыснае, але набожнае карыснае да ўсёга, маючы абятніцу жыцьця цяперашняга й прыйдучага.
Слова гэтае вернае й кажнага прыйма годнае.
Бо мы дзеля таго гарапашнічаем а труднімся, што спадзяемся на Бога жывога, Каторы ё Спас усіх людзёў, асабліва ж вернікаў.
Ніхто няхай ня мае ўлегцы маладосьці твае, але будзь зразаю вернікам у слове, у паступку, у міласьці, у веры, у чысьціні.
Пакуль ня прыйду, зважай на чытаньне, навучаньне, вучэньне.
Не занедбавай дару ў сабе, данага табе подле прароцтва з ускладам рук старшых.
Праз гэта рупся, будзь увесь у гэтым, каб дасьпех твой быў відавочны ўсім.
Глядзі самога сябе й навучаньня, трывай у гэтым, бо, так робячы, спасеш самога сябе і тых, што слухаюць цябе.