Эздры 4 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І пачулі варагі Юды а Веняміну, што тыя, каторыя зьвярнуліся з палону, становяць дом СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;
А ворагі Юды і Бэньяміна пачулі, што сыны няволі будуюць святыню Госпаду, Богу Ізраэля;
І дабліжыліся яны да Зэрувавэля а да галоваў айцоў, і сказалі ім: «Будзем і мы станавіць із вамі, бо й мы, як і вы, уцякаем да Бога вашага і абракаем Яму аброкі ад дзён Есаргадона, караля Асырскага, што ўзьвёў нас сюды».
і, прыйшоўшы да Зарабабэля і да кіраўнікаў родаў, сказалі ім: «Мы будзем будаваць разам з вамі, бо, як і вы, мы звяртаемся да Бога вашага і складаем Яму ахвяры ад дзён Асархадона, цара асірыйцаў, які прывёў нас сюды».
І сказаў ім Зэрувавэль а Ешуа а засталыя галавы айцоў Ізраелю: «Не станавіць вам і нам разам дому Богу нашаму; мы адны будзем станавіць СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, як расказаў нам Кір, кароль Пэрскі».
І Зарабабэль, і Ешуа, і іншыя кіраўнікі родаў Ізраэля сказалі ім: «Не належыць нам з вамі будаваць дом Богу нашаму, але мы самі пабудуем самастойна дом Госпаду, Богу Ізраэля, як загадаў нам Кір, цар персаў».
І пачаў люд зямлі тае слабіць рукі люду Юдэйскага і палохаць нас у будоўлі;
Такім чынам, сталася, што пачаў народ зямлі той аблытваць рукі народа юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве.
І наймалі сабе райцаў, каб разбурыць раду іхную, усі дні Кіра, караля Пэрскага, аж да дзяржавы Дара, караля Пэрскага.
І падкупілі супраць іх дарадчыкаў [цара], каб перашкодзіць намеру іх, ва ўсе дні Кіра, цара персаў, і аж да валадарання Дарыя, цара персаў.
А за дзяржавы Агасьверуса, на пачатку дзяржавы ягонае, напісалі абвінаваньне на жыхараў Юды а Ерузаліму.
А ў цараванне Асуэра, у пачатку яго царавання, напісалі яны абвінавачанне на жыхароў Юдэі і Ерузаліма.
І за дзён Артаксэркса пісалі Бішлам, Міфрэдат, Табеель і засталыя сяброве іх да Артаксэркса, караля Пэрскага, ліст напісаны літарамі арамскімі і перакладзены на мову арамскую.
І ў дні Артаксэркса напісалі Бэсэлам, Мітрыдат і Табэль ды іншыя, што былі ў нарадзе іх, Артаксэрксу, цару персаў; ліст жа абвінавачвання быў напісаны літарамі сірыйскімі і складзены на сірыйскай мове.
Рэгум канцлер а Шымшай пісар пісалі адзін ліст на Ерузалім каралю Артаксэрксу гэтак:
Кіраўнік Рэгум і пісар Самсай напісалі цару Артаксэрксу адзін ліст супраць Ерузаліма такога зместу:
«Тады а тады. Рэгум канцлер а Шымшай пісар і засталыя сяброве іхныя — Дынеі а Афарсафхеі, Тарпелеі, Афарсы, Архевяне, Бабілёняне, Шушанцы, Дэгі, Еламляне,
«Рэгум, кіраўнік, і Самсай, пісар, ды іншыя іх таварышы: суддзі і кіраўнікі, урадоўцы персідскія, эрэкэйцы, бабілонцы, сузанэхэйцы, гэта значыць эламіты,
І іншыя народы, каторых перасяліў Оснапар, вялікі а славуты, і асяліў у местах Самарскіх і ў іншых за ракою, і іншае».
ды з іншых народаў людзі, якіх вялікі і слаўны Асэнапар перасяліў і пасяліў у супакоі ў гарадах Самарыі і ў другіх гарадах за ракою».
Гэта адпіс лісту, пасланага яму: «Каралю Артаксэрксу — слугі твае, людзі за ракою, і іншае.
Вось копія ліста, які паслалі яны да яго: «Цару Артаксэрксу — паслугачы твае, людзі, што жывуць за ракою. Такім чынам,
Няхай будзе ведама каралю, што Юдэі, каторыя вышлі ад цябе, прышлі да нас — да Ерузаліму, становяць бунтоўнае а нягоднае места, і сьцены становяць, і под паправілі.
хай ведае цар, што юдэі, якія прыйшлі ад цябе да нас, прыбылі ў Ерузалім, бунтарны і найгоршы горад, які адбудоўваюць, папраўляючы муры яго і ўжо заклалі падмуркі.
Хай будзе ведама каралю, што калі гэтае места будзе пастаноўлена і сьцены адноўлены, ня будуць яны плаціць мыта, дані а падачкаў, і, такім парадкам, будзе шкода прыбытку каралеўскага.
Цяпер хай цар ведае, што калі той горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то яны не дадуць ані падатку, ані даніны, ані харчоў, і гэта ўрэшце прынясе цару шкоду.
Як мы ямо соль із палацу каралеўскага, і ганьбы каралю ня можам бачыць, затым пасылаем наказ каралю.
А як мы, памятаючы пра соль, якую мы елі ў царскім палацы, лічым, што не выпадае нам бачыць знявагу для цара, таму дасылаем цару паведамленне,
Няхай пашукаюць у кнізе запісаў айцоў тваіх, — і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што места гэнае — места бунтоўнае а шкоднае каралём а землям, і аддзяленьні бывалі ў ім здаўна, за гэта места гэнае й спустошана.
каб пашукаў ты ў хроніках бацькоў тваіх, і знайшоў у гэтых хроніках, і даведаўся, што гэты горад бунтарны і шкоду прынёс царам і правінцыям, і што падымаюцца ў ім бунты з даўніх часоў; дзеля таго і зруйнаваны быў гэты горад.
Затым мы наказуем каралю, што калі места гэтае будзе дабудавана й сьцены яго пастаноўлены, то просьле гэтага ня будзе ў цябе дзяржавы за ракою».
Таму паведамляем мы цару, што калі гэты горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то ты не будзеш мець уладання за ракою».
Кароль паслаў адназ Рэгуму канцлеру а Шымшаю пісару а іншым сябром іхным, што жывуць у Самары, і іншым за ракою: «Супакой … і іншае.
Цар даслаў адказ: «Кіраўніку Рэгуму, і пісару Самсаю, і іншым, што ўваходзілі ў нараду тых, хто жыў у Самарыі і на зямлі за ракою: “Супакой вам!
Ліст, каторы вы прыслалі нам, уважліва прачыталі перад імною;
Вось жа, ліст, які прыслалі вы нам, выразна быў прачытаны перада мною.
І я даў расказаньне, — і шукалі, і знайшлі, што места гэнае здаўных дзён паўставала супроці каралёў, і бывалі ў ім бунты а ўзрушаньні,
І мною быў выдадзены загад, і шукалі, і знайшлі, што гэты горад ад даўніх часоў паўставаў супраць цароў і што падымаліся ў ім бунты і паўстанні;
І што былі ў Ерузаліме каралі магутныя й дзяржачыя ўсе зарэчча, і ім плацілі мыта, дань а падачкі.
і цары ў Ерузаліме былі наймагутнейшыя, і яны валадарылі над усёй краінай, што за ракою, і яны бралі падатак, і даніну, і таксама харчы.
Дык дайце расказаньне, каб людзі гэныя перасталі рабіць і места гэнае не станавілася, пакуль я ня дам расказаньня.
Ды цяпер загадайце, каб гэтыя людзі спыніліся і каб горад гэты не будаваўся, калі толькі такі загад не будзе дадзены мною.
І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Нашто мае павялічацца шкода на страту каралём?»
Глядзіце, не занядбайце гэта выканаць, і каб не ўзрасло зло супраць цароў”».
Як толькі гэты ліст караля Артаксэркса быў прачытаны перад Рэгумом а Шымшаём пісарам а сябрамі іхнымі, яны без адвалокі пайшлі да Ерузаліму да Юдэяў і дужой узброенай рукою запынілі работу іхную.
Такім чынам, копія загаду цара Артаксэркса была прачытана перад кіраўніком Рэгумам і пісарам Самсаем і іх дарадчыкамі; ды яны спешна выправіліся ў Ерузалім да юдэяў і пад пагрозай сілы забаранілі далейшую працу іх.
Тады запынілася работа пры доме Божым, каторы ў Ерузаліме; і запын гэты цягнуўся да другога году дзяржавы Дара, караля Пэрскага.
Тады спынілася праца пры доме Госпада ў Ерузаліме і не праводзілася аж да другога года царавання Дарыя, цара персаў.