Эздры 4 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;
А ворагі Юды і Бэньяміна пачулі, што сыны няволі будуюць святыню Госпаду, Богу Ізраэля;
і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.
і, прыйшоўшы да Зарабабэля і да кіраўнікаў родаў, сказалі ім: «Мы будзем будаваць разам з вамі, бо, як і вы, мы звяртаемся да Бога вашага і складаем Яму ахвяры ад дзён Асархадона, цара асірыйцаў, які прывёў нас сюды».
І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.
І Зарабабэль, і Ешуа, і іншыя кіраўнікі родаў Ізраэля сказалі ім: «Не належыць нам з вамі будаваць дом Богу нашаму, але мы самі пабудуем самастойна дом Госпаду, Богу Ізраэля, як загадаў нам Кір, цар персаў».
І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;
Такім чынам, сталася, што пачаў народ зямлі той аблытваць рукі народа юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве.
і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.
І падкупілі супраць іх дарадчыкаў [цара], каб перашкодзіць намеру іх, ва ўсе дні Кіра, цара персаў, і аж да валадарання Дарыя, цара персаў.
А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.
А ў цараванне Асуэра, у пачатку яго царавання, напісалі яны абвінавачанне на жыхароў Юдэі і Ерузаліма.
І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.
І ў дні Артаксэркса напісалі Бэсэлам, Мітрыдат і Табэль ды іншыя, што былі ў нарадзе іх, Артаксэрксу, цару персаў; ліст жа абвінавачвання быў напісаны літарамі сірыйскімі і складзены на сірыйскай мове.
Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:
Кіраўнік Рэгум і пісар Самсай напісалі цару Артаксэрксу адзін ліст супраць Ерузаліма такога зместу:
Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, — Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне
«Рэгум, кіраўнік, і Самсай, пісар, ды іншыя іх таварышы: суддзі і кіраўнікі, урадоўцы персідскія, эрэкэйцы, бабілонцы, сузанэхэйцы, гэта значыць эламіты,
і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.
ды з іншых народаў людзі, якіх вялікі і слаўны Асэнапар перасяліў і пасяліў у супакоі ў гарадах Самарыі і ў другіх гарадах за ракою».
І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу — рабы твае, людзі за ракою, і іншае.
Вось копія ліста, які паслалі яны да яго: «Цару Артаксэрксу — паслугачы твае, людзі, што жывуць за ракою. Такім чынам,
Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.
хай ведае цар, што юдэі, якія прыйшлі ад цябе да нас, прыбылі ў Ерузалім, бунтарны і найгоршы горад, які адбудоўваюць, папраўляючы муры яго і ўжо заклалі падмуркі.
Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.
Цяпер хай цар ведае, што калі той горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то яны не дадуць ані падатку, ані даніны, ані харчоў, і гэта ўрэшце прынясе цару шкоду.
Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:
А як мы, памятаючы пра соль, якую мы елі ў царскім палацы, лічым, што не выпадае нам бачыць знявагу для цара, таму дасылаем цару паведамленне,
хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, — і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты — горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.
каб пашукаў ты ў хроніках бацькоў тваіх, і знайшоў у гэтых хроніках, і даведаўся, што гэты горад бунтарны і шкоду прынёс царам і правінцыям, і што падымаюцца ў ім бунты з даўніх часоў; дзеля таго і зруйнаваны быў гэты горад.
Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.
Таму паведамляем мы цару, што калі гэты горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то ты не будзеш мець уладання за ракою».
Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.
Цар даслаў адказ: «Кіраўніку Рэгуму, і пісару Самсаю, і іншым, што ўваходзілі ў нараду тых, хто жыў у Самарыі і на зямлі за ракою: “Супакой вам!
Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;
Вось жа, ліст, які прыслалі вы нам, выразна быў прачытаны перада мною.
і ад мяне дадзены загад, — і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,
І мною быў выдадзены загад, і шукалі, і знайшлі, што гэты горад ад даўніх часоў паўставаў супраць цароў і што падымаліся ў ім бунты і паўстанні;
і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.
і цары ў Ерузаліме былі наймагутнейшыя, і яны валадарылі над усёй краінай, што за ракою, і яны бралі падатак, і даніну, і таксама харчы.
Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.
Ды цяпер загадайце, каб гэтыя людзі спыніліся і каб горад гэты не будаваўся, калі толькі такі загад не будзе дадзены мною.
І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?
Глядзіце, не занядбайце гэта выканаць, і каб не ўзрасло зло супраць цароў”».
Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.
Такім чынам, копія загаду цара Артаксэркса была прачытана перад кіраўніком Рэгумам і пісарам Самсаем і іх дарадчыкамі; ды яны спешна выправіліся ў Ерузалім да юдэяў і пад пагрозай сілы забаранілі далейшую працу іх.
Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.
Тады спынілася праца пры доме Госпада ў Ерузаліме і не праводзілася аж да другога года царавання Дарыя, цара персаў.