Эздры 5 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Але прарок Агей і прарок Захар, сын Ады, казалі Юдэям, якія ў Юдэі і Ерусаліме, прарочыя казані ў імя Бога Ізраілева.
 
А Агей прарок і Захарыя прарок, сын Адо, абвясцілі юдэям, што былі ў Юдэі і ў Ерузаліме, прароцтва ў імя Бога Ізраэля, Які быў над імі.

Тады ўсталі Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і пачалі будаваць дом Божы ў Ерусаліме, і зь імі прарокі Божыя, якія падмацоўвалі іх.
 
Тады падняліся Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і пачалі будаваць святыню Божую ў Ерузаліме; а прарокі Божыя дапамагалі ім.

У той час прыйшоў да іх Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, і так сказалі ім: хто вам дазволіў будаваць дом гэты і дарабляць сьцены гэтыя?
 
А тым часам прыбылі да іх Татанай, які быў кіраўніком за ракою, і Старбузанай, і іх дарадчыкі і так сказалі ім: «Хто даў вам права будаваць дом гэты і дарабляць муры гэтыя?

Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак.
 
Якія імёны людзей, што кіруюць гэтаю будоўляй?»

Але вока Богава было над старэйшынамі Юдэйскімі, і тыя не забаранялі ім, пакуль справу не адправілі Дарыю і пакуль ня прыйшло рашэньне па гэтай справе.
 
А вока Бога іх было над старшынамі юдэяў, і яны не перашкодзілі ім, аж пакуль справа не апынулася ў Дарыя, і той не пераслаў рашэнне ў гэтай справе.

Вось зьмест пісьма, якое паслаў Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай з таварышамі сваімі — Афарсахэямі, якія за ракою, цару Дарыю.
 
Копія ліста, які даслаў Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і Старбузанай, і іх дарадчыкі, і кіраўнікі, якія былі за ракой, цару Дарыю.

У данясеньні, якое яны паслалі яму, вось што напісана: Дарыю цару — усякі мір!
 
Ліст, які яны паслалі яму, так быў напісаны: «Цару Дарыю — усякі супакой!

Хай будзе вядома цару, што мы хадзілі ў Юдэйскую вобласьць да дома Бога вялікага; і будуецца ён зь вялікіх камянёў, і драўніна ўкладваецца ў сьцены, і праца гэтая робіцца борзда і з посьпехам ідзе ў руках іхніх.
 
Хай ведае цар, што мы хадзілі ў Юдэйскую краіну ў дом Вялікага Бога, які будуецца з квадратнага каменя, і дрэва ўкладаецца ў сцены; і праца гэта робіцца старанна ды расце ў іх руках.

Тады мы спыталіся ў старэйшынаў тых і так сказалі ім: хто дазволіў вам будаваць дом гэты і сьцены гэтыя дарабляць?
 
Дык мы спыталіся ў тых старэйшын і так казалі ім: “Хто даў вам права будаваць дом гэты і гэтыя муры дакончыць?”

І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб уведаміць цябе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.
 
Але спыталіся мы ў іх і пра імёны іх людзей, каб паведаміць табе, і запісалі мы імёны тых людзей, што з’яўляюцца кіраўнікамі іх.

І яны адказалі нам такімі словамі: мы рабы Бога неба і зямлі і будуем дом, які быў пабудаваны за шмат гадоў раней гэтага, — і вялікі цар у Ізраіля будаваў яго і давяршыў яго.
 
А далі яны нам адказ такімі словамі: “Мы — паслугачы Бога неба і зямлі, і будуем святыню, якая была пабудавана многа гадоў таму, і якую будаваў і скончыў вялікі цар Ізраэля.

А калі бацькі нашыя прагнявілі Бога нябеснага, Ёр аддаў іх у руку Навухаданосара, цара Вавілонскага, Халдэяніна, і дом гэты Ён разбурыў, і народ перасяліў у Вавілон.
 
Калі ж бацькі нашы ўгнявілі Бога неба, аддаў Ён іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, халдэя, які дом гэты зруйнаваў, і народ яго перасяліў у Бабілон.

Але ў першы год Кіра, цара Вавілонскага, цар Кір даў дазвол пабудаваць гэты дом Божы;
 
Але ў першы год Кіра, цара Бабілона, цар Кір выдаў дэкрэт адбудаваць гэты дом Божы.

ды і посуд дома Божага, залаты і срэбраны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у храм Вавілонскі, — вынес Кір цар з храма Вавілонскага і аддаў яго паіменна Шэшбацару, якога ён назначыў начальнікам вобласьці,
 
Бо і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў з святыні, што была ў Ерузаліме, і перавёз яго ў храм Бабілонскі, цар Кір вынес з храма ў Бабілоне; і аддадзены ён быў аднаму чалавеку на імя Сасабасар, якога ён і паставіў кіраўніком,

і сказаў яму: вазьмі гэты посуд, ідзі і занясі яго ў храм Ерусалімскі, і хай дом Божы будуецца на сваім месцы.
 
і сказаў яму: “Вазьмі гэты посуд і ідзі, і дастаў яго ў святыню, што ў Ерузаліме, і дом Божы мае быць пабудаваны на сваім месцы”.

Тады Шэшбацар той прыйшоў, заклаў падмурак дома Божага ў Ерусаліме; і з таго часу дагэтуль ён будуецца, і яшчэ не закончаны.
 
Такім чынам, Сасабасар той прыбыў і заклаў падмуркі святыні Божай у Ерузаліме; і ад таго часу аж да цяпер будуецца ён, і яшчэ не закончаны”.

Дык вось, калі цару заўгодна, няхай пашукаюць у доме царскіх скарбаў, там у Вавілоне, ці сапраўды царом Кірам дадзены дазвол будаваць гэты дом Божы ў Ерусаліме, і царскую волю пра гэта няхай прышлюць нам.
 
Такім чынам, цяпер, калі мае цар на тое добрую волю, хай праверыць у царскай скарбоўні, якая ў Бабілоне, ці дазволіў цар Кір пабудову дома Божага ў Ерузаліме, і рашэнне цара ў гэтай справе хай будзе пераслана нам».