Амоса 6 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Бяда нярупатлівым на Сыёне й тым, што спадзяюцца на гару Самарскую, менаваным галоўнымі з народаў, да каторых прышоў дом Ізраеляў!
 
Гора бяспечным на Сіёне і даверлівым на гары Самарыйскай, прызначаным быць першымі над народамі, да якіх прыходзіць дом Ізраэля!

Зайдзіце да Кальны й абачча, а стуль ідзіце да вялікага Гамафу, тады спусьціцеся да Ґафу Пілісцкага: ці яны лепшыя за гэтыя каралеўствы? або граніца іхная большая за граніцу вашу?
 
Ідзіце ў Хальнэ і паглядзіце, а адсюль ідзіце ў Эмат вялікі, ды зайдзіце ў Гет Філістынскі. Ці ж вашы лепшыя за гэтыя валадарствы або ці абшырнейшыя абсягі вашы за іх абсягі?

Вы, што ўважаеце благі дзень за далёкі й прычыняеце, што седава ўсілства бліжэе;
 
Вы, якія дзень ліха лічыце далёкім, ды чыніце, каб наблізілася валадарства гвалту.

Што ляжыце на ложках із сланёвае косьці, што вылягаецеся да сваіх пасьцелях і ясьце ягняты з чарады, а цяляты з хлеву;
 
Яны вылежваюцца на ложах з косці слановай і разлягаюцца на дыванах сваіх, ядуць ягнят са статка і цялят з пасярод пашы.

Што брынкаеце на гусьлях, як Давід, вынаходзіце сабе музыцкія снадзі;
 
Падпяваючы на гук псалтэрыёна, як Давід, прыдумляюць сабе інструменты грання.

Што п’іце віно вялікімі коўнямі і мажацеся найпершымі масьцямі, але ня немарасьціцеся празь няшчасьце Язэпа!
 
П’ючы віно з чар, намашчаюцца лепшым алейкам, а ніколькі не сумуюць над падзеннем Язэпа.

За тое цяпер пойдуць яны палоненікамі на чале палоненікаў, і чэсьць ад тых, што вылягаліся, аддалена.
 
Таму цяпер пойдуць у выгнанне на чале перасяленцаў, і спыніцца зборышча гуляк.

«Прысягнуў Спадар СПАДАР Душою Сваёю, — агалашае СПАДАР, Бог войскаў: — Брыджуся пыхаю Якававаю й ненавіджу палацы ягоныя; і выдам места а паўніню яго».
 
Прысягнуў Госпад Бог на душу сваю, Госпад Бог Магуццяў кажа: “Брыджуся Я пыхлівасцю Якуба ды ненавіджу яго палацы, і аддам горад ды ўсю яго маёмасць”.

І станецца, што калі ў вадным доме застанецца дзесяцёх чалавекаў, яны памруць.
 
А калі б засталіся дзесяць чалавек у адным доме, і яны памруць;

І возьме яго дзядзька ягоны, і спале яго, каб вынесьці косьці ягоныя з дому, і скажа таму, што ля бакоў дому: «Ё яшчэ які ў цябе?» І гэты скажа: «Няма». Тады ён скажа: «Ся! бо ня маюць менаваць імені СПАДАРОВАГА»;
 
і возьме іх сваяк іх, і спаліць іх, каб вынесці косці з дома; і скажа яму той, хто застаўся дома: “Ці ёсць яшчэ хто ў цябе?” І ён адкажа: “Няма”; ды скажа яму: “Маўчы”, бо нельга ўпамінаць імя Госпадавага.

Бо гля, СПАДАР расказуе й вытне вялікі дом раськепінамі, а малы дом шчэлінамі.
 
Бо вось, Госпад дасць загад і разваліць большы дом у руіны, а меншы дом у трэшчыны.

Ці пабягуць коні па скале? ці аруць яе на валох? Бо вы абярнулі суд у ватруту і плады справядлівасьці ў палын,
 
Ці бягуць коні па скалах, або ці арэцца мора валамі; вы ж замяняеце закон на атруту, а плод справядлівасці — на палын.

Вы, што цешыцеся зь нічога, што кажаце: «Ці не сваёю сілаю мы прыдбалі сабе рогі?»
 
Яны цешацца з Лодэбар, яны кажуць: “Ці не сваёю сілаю здабылі мы сабе Карнаім?”

«Але, вось, Я падыйму на вас, доме Ізраеляў, — агалашае СПАДАР, Бог войскаў, — народ, і яны будуць уціскаць вас ад уходу ў Гамаф аж да цур’я пустыні».
 
“Вось жа, Я ўзбуджу супраць вас, доме Ізраэля, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — народ; і ён будзе прыціскаць вас ад уваходу ў Эмат аж да ручая Арабы”.