Амоса 9 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Бачыў я Спадара, на аброчніку стаячага, і сказаў Ён: «Вытні ў клямку, і затрасуцца парогі, і расьсячы па галаве ўсіх іх, апошняга зь іх Я заб’ю мячом: тый зь іх, што ўцякае, не ўцячэць, і хто хаваецца зь іх, не схаваецца.
Бачыў я Госпада, Які стаяіць над ахвярнікам, і Ён сказаў: «Стукні ў вершнікі, і хай захістаюцца бэлькі; разбі іх усе на галовах, і апошняга з іх Я заб’ю мечам; не ўцячэ з іх уцякач, ды не ўратуецца прысутны пры гэтым.
Хоць бы яны закапаліся ў шэолю, стуль рука Мая возьме іх; хоць бы яны ўзьлезьлі на неба, стуль Я зьвяду іх.
Хоць бы сышлі яны ў апраметную, адтуль выведзе іх Мая рука; а калі б падняліся аж у неба, адтуль сцягну іх.
І хоць бы яны схаваліся на версе Кармілу, асачу а вазьму іх стуль; хоць бы схаваліся ад аччу Маіх на дне мора, і там раскажу гаду, і ён укусе іх.
І калі б схаваліся на вяршыні Кармэля, там вышукаю і забяру іх. Ды калі б скрыліся ад вачэй Маіх у глыбіні мора, там загадаю змею, і ён укусіць іх.
Хоць бы яны пайшлі ў палон перад непрыяцельмі сваімі, там раскажу мячу, і ён заб’ець іх; і зьвярну вочы Свае на іх на ліха, а не на дабро»;
Калі б пайшлі ў палон перад сваімі ворагамі, і там загадаю мечу, і пазабівае іх, накірую вочы Свае на іх на бяду, а не на дабро».
І Спадар СПАДАР войскаў ё тый, што даткнецца да зямлі, і яна стае, і заплачуць усі жывучыя на ёй, і падыймецца ўся яна, як цурэй, і апусьціцца, як цурэй ягіпецкі.
І Госпад, Бог Магуццяў, — Той, Які дакранецца да зямлі, і яна пачне таяць. І залямантуюць усе жыхары яе, і падымецца ўся яна, як плынь, ды ападзе, як ручай Егіпецкі.
Тый, што збудаваў сьвятліцы Свае на нябёсах і збор свой на зямлі заклаў, прыгукае воды морскія і вылівае іх на зьверх зямлі; СПАДАР імя ягонае.
Ён будуе на нябёсах палацы Свае, і скляпенне Сваё асноўвае на зямлі; Ён прызывае воды марскія і вылівае іх на паверхні зямлі; Госпад — імя Яго.
«Ці не такія, як сынове Ефіоплян, вы да Мяне, сынове Ізраелявы?» — агалашае СПАДАР. Ці ня Я вывеў Ізраялян ізь зямлі Япіпецкае і Пілішчан — із Кафтору і Арамлян — ізь Кіру?
«Ці ж вы, сыны Ізраэля, не такія Мне, як сыны этыёпцы? — кажа Госпад. — Ці ж не Я вывеў Ізраэля з зямлі Егіпецкай і філістынцаў — з Кафтора, і сірыйцаў — з Кіра?
Вось, вочы Спадара СПАДАРА — на грэшным каралеўстве, і Я выгублю яго ізь зьверху зямлі, хоць ня супоўна выгублю дом Якаваў, — агалашае СПАДАР; —
Вось жа, вочы Госпада Бога на грэшнае царства, і Я сатру яго з аблічча зямлі, і ўсе ж такі не сатру зусім дому Якуба, — кажа Госпад. —
Бо, гля Я раскажу й рассыплю дом Ізраеляў меж усіх народаў, як сеюць у рэшаце, ня зваляцца зярняты на зямлю.
Бо Я, вось, загадаю і расцярушу дом Ізраэля паміж усіх народаў, як рассыпаецца зерне ў рэшаце, і ніводнае зерне не ўпадзе на зямлю.
Ад мяча памруць усі грэшнікі люду Майго, Каторыя кажуць: "Не дабліжыцца ані пярэйме нас ліха".
Ад меча пагінуць усе грэшнікі з Майго народа, тыя, што кажуць: “Не наблізіцца і не прыйдзе на нас гэтая бяда!”
Таго дня Я адбудую ўпалую будку Давідаву, зараблю шчэліны ў ёй, і разбуранае адбудую, і адбудую яе, як за старавечных дзён,
У той дзень Я адбудую палатку Давіда, якая ўпала, запраўлю трэшчыны ў ёй, і тое, што развалена, — аднаўлю ды адбудую яе, як у ранейшыя дні,
Каб адзяржалі астачу Едому і ўсі народы, над каторымі было гукана імя Мае», — агалашае СПАДАР, Каторы зробе гэта.
каб яны атрымалі ў спадчыну рэшту Эдома і ўсе народы, над якімі прызывана імя Маё, — кажа Госпад, Які зробіць гэта.
«Вось, настануць дні, — агалашае СПАДАР, што араты насьпее жняю, а таўчэньнік віна — сяўбіта; і з гор будзе капаць вінны сок, і ўсі ўзгоркі растаяць.
Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі аратай захопіць жняца, а таптальшчык вінаграду — сейбіта, а горы будуць цячы вінаградным сокам, ды ўсе ўзгоркі цячы будуць.
І зьвярну палон люду Свайго Ізраеля, і адбудуюць запусьцелыя месты, і будуць жыць; і пасадзяць вінішчы, і будуць піць віно іх, і засадзяць сады, і будуць есьці садавіну іх.
Вярну з палону народ Мой ізраэльскі; і адбудуюць яны зруйнаваныя гарады, і абжывуцца ў іх, і будуць закладаць вінаграднікі, і будуць піць віно з іх, і вырасцяць сады, і будуць есці плады з іх.
І пасаджу іх на зямлі іхнай, і ня будуць болей вырываць іх ізь зямлі іхнае, што Я даў ім», — кажа СПАДАР Бог твой.
І пасаджу іх на іх зямлі, ды ніколі не будуць вырваны з зямлі сваёй, якую Я ім даў», — кажа Госпад, Бог твой.