Амоса 9 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Бачыў я Спадара, на аброчніку стаячага, і сказаў Ён: «Вытні ў клямку, і затрасуцца парогі, і расьсячы па галаве ўсіх іх, апошняга зь іх Я заб’ю мячом: тый зь іх, што ўцякае, не ўцячэць, і хто хаваецца зь іх, не схаваецца.
Бачыў я Госпада, Які стаяў над ахвярнікам, і Ён сказаў: стукні ў бэльку над варотамі, каб патрэсьліся вушакі, і абярні іх на галовы ўсіх іх, а астатніх зь іх Я паб’ю мечам: не ўцячэ ў іх ніхто, хто бяжыць, і не ўратуецца зь іх ніхто, хто жадае ўратавацца.
Хоць бы яны закапаліся ў шэолю, стуль рука Мая возьме іх; хоць бы яны ўзьлезьлі на неба, стуль Я зьвяду іх.
Хоць бы яны зачыніліся ў апраметную, і адтуль рука Мая возьме іх; хоць бы ўзышлі на неба, і адтуль скіну іх.
І хоць бы яны схаваліся на версе Кармілу, асачу а вазьму іх стуль; хоць бы схаваліся ад аччу Маіх на дне мора, і там раскажу гаду, і ён укусе іх.
І хоць бы яны схаваліся на вяршыні Карміла, і там знайду і вазьму іх; хоць бы схаваліся ад вачэй Маіх на дне мора, і там загадаю марскому зьмею ўгрызьці іх.
Хоць бы яны пайшлі ў палон перад непрыяцельмі сваімі, там раскажу мячу, і ён заб’ець іх; і зьвярну вочы Свае на іх на ліха, а не на дабро»;
І калі пойдуць у палон паперадзе ворагаў сваіх, дык загадаю мечу і там забіць іх. Абярну на іх вочы Мае на бяду ім, а не на дабро.
І Спадар СПАДАР войскаў ё тый, што даткнецца да зямлі, і яна стае, і заплачуць усі жывучыя на ёй, і падыймецца ўся яна, як цурэй, і апусьціцца, як цурэй ягіпецкі.
Бо Гасподзь Бог Саваоф дакранецца да зямлі, — і яна растане, і заплачуць усе жывыя на ёй; і падымецца ўся яна як рака, і апусьціцца Як рака Егіпецкая.
Тый, што збудаваў сьвятліцы Свае на нябёсах і збор свой на зямлі заклаў, прыгукае воды морскія і вылівае іх на зьверх зямлі; СПАДАР імя ягонае.
Ён зладзіў вышнія харомы Свае на нябёсах і скляпеньне Сваё ўмацаваў на зямлі, заклікае воды марскія і вылівае іх па ўлоньні зямлі; Гасподзь — імя Яму.
«Ці не такія, як сынове Ефіоплян, вы да Мяне, сынове Ізраелявы?» — агалашае СПАДАР. Ці ня Я вывеў Ізраялян ізь зямлі Япіпецкае і Пілішчан — із Кафтору і Арамлян — ізь Кіру?
Ці не такія, як сыны Эфіопаў, і вы для Мяне, сыны Ізраілевыя? кажа Гасподзь. Ці ня Я вывеў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай і Філістымлянаў — з Кафтора і Арамлянаў — з Кіра?
Вось, вочы Спадара СПАДАРА — на грэшным каралеўстве, і Я выгублю яго ізь зьверху зямлі, хоць ня супоўна выгублю дом Якаваў, — агалашае СПАДАР; —
Вось, вочы Госпада Бога — на грэшнае царства, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі; але дом Якава ня зусім зьнішчу, кажа Гасподзь.
Бо, гля Я раскажу й рассыплю дом Ізраеляў меж усіх народаў, як сеюць у рэшаце, ня зваляцца зярняты на зямлю.
Бо вось, Я загадаю і рассыплю дом Ізраілеў па ўсіх народах, як рассыпаюць зерне ў рэшаце, і ніводнае не ўпадзе на зямлю.
Ад мяча памруць усі грэшнікі люду Майго, Каторыя кажуць: "Не дабліжыцца ані пярэйме нас ліха".
Ад меча памруць усе грэшнікі з народу Майго, якія кажуць: «не спасьцігне нас і ня прыйдзе да нас гэтае бедства!»
Таго дня Я адбудую ўпалую будку Давідаву, зараблю шчэліны ў ёй, і разбуранае адбудую, і адбудую яе, як за старавечных дзён,
У той дзень Я аднаўлю скінію Давідавую заняпалую, што ўпала, зачыню трэшчыны ў ёй і разбуранае адбудую, і зладжу яе, як у дні старадаўнія,
Каб адзяржалі астачу Едому і ўсі народы, над каторымі было гукана імя Мае», — агалашае СПАДАР, Каторы зробе гэта.
каб яны авалодалі рэштай Эдома і ўсімі народамі, паміж якімі абвесьціце імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта.
«Вось, настануць дні, — агалашае СПАДАР, што араты насьпее жняю, а таўчэньнік віна — сяўбіта; і з гор будзе капаць вінны сок, і ўсі ўзгоркі растаяць.
Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі араты застане яшчэ жняца, а той, таптальнік вінаграду, — сейбіта; і горы крынічыць будуць вінаградным сокам, і ўсе пагоркі пацякуць.
І зьвярну палон люду Свайго Ізраеля, і адбудуюць запусьцелыя месты, і будуць жыць; і пасадзяць вінішчы, і будуць піць віно іх, і засадзяць сады, і будуць есьці садавіну іх.
І вярну з палону народ Мой, Ізраіля, і забудуць апусьцелыя гарады і паселяцца ў іх, насадзяць вінаграднікі і будуць піць віно зь іх, разьвядуць сады і пачнуць есьці плады зь іх.
І пасаджу іх на зямлі іхнай, і ня будуць болей вырываць іх ізь зямлі іхнае, што Я даў ім», — кажа СПАДАР Бог твой.
І асялю іх на зямлі іхняй і іх ня будуць болей вырываць зь зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа Гасподзь Бог твой.