Міхея 6 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Слухайце цяпер, што кажа СПАДАР: «Устань, сьперачайся з горамі, і няхай слухаюць узгоркі голас твой.
Слухайце, што кажа Госпад: «Устань, судзіся на віду гор, і хай чуюць твой голас узгоркі!»
Слухайце, горы, сьпярэчку СПАДАРОВУ, і моцныя поды зямлі; бо сьпярэчка ў СПАДАРА зь людам Сваім, і з Ізраелям Ён правуецца.
Слухайце, горы, прысуд Госпадаў, і нахініце вушы, падваліны зямлі, бо Госпад судзіцца з народам Сваім, і Ізраэль будзе Ён вінаваціць.
Людзе Мой, што Я зрабіў табе і чым Я высіляў цябе? сьветчы на Мяне.
«Народ Мой, што Я зрабіў табе або чым угнявіў цябе? Адкажы Мне.
Бо Я вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, і адкупіў цябе з дому нявольнікаў, і паслаў перад табою Масея, Аарова а Мірыям.
Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і з дому няволі вызваліў цябе, і паслаў перад табою Майсея, і Аарона, і Мірыям!
Людзе Мой, успомні цяпер, што радзіў Валак, кароль Моаўскі, і што адказаў яму Ваалам Веоронак, і што было Шытыму аж да Ґілґалу, каб пазнаць справядлівасьці СПАДАРОВЫ».
Народ Мой, узгадай, прашу, што наважыў зрабіць Балак, цар Мааба, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора? Што рабілася ад Сэтыма аж да Галгала, каб спазнаў ты справядлівасць Госпада!»
З чым я перайму СПАДАРА, нахінуся да Бога высокага? Ці перайму Яго з усепаленьнямі, зь цялятамі сёлеткамі?
«Што дастойнага маю ахвяраваць Госпаду, калі ўкленчу перад Богам Узвышнім? Ці ўскладу Яму ахвяру цэласпалення і маладых цялят?
Ці СПАДАР мае прыемнасьць із тысяча бараноў, зь дзесяцёх тысячаў цур’ёў алівы? Ці дам першака свайго за выступ свой, плод цела свайго за грэх душы свае?
Ці будуць падабацца Госпаду тысячы бараноў, многія тысячы ручаёў алею аліўкавага? Ці аддам я першароднага сына свайго за злачынства сваё, плод улоння майго за грэх душы маёй?»
Абясьціў табе, чалавеча, што добрае, і чаго СПАДАР вымагае ад цябе: толькі рабіць справядліва, і любіць міласэрдзе, і хадзіць пакорна перад Богам сваім.
Сказана было табе, чалавеча, што добрае і што патрабуе ад цябе Госпад: каб ты чыніў справядлівасць, і любіў міласэрнасць, і з пакораю хадзіў з Богам сваім.
Голас СПАДАРОЎ месту гукае, і мудрасьць абача імя Тваё: «Слухайце посаха і Хто прызначыў яго.
Голас Госпада прызывае горад — і той мудры, хто баіцца імя Твайго: «Слухайце, пакаленні і грамада горада!
Ці яшчэ ё ў доме нягоднага скарбы нягоднасьці і несправядлівая мера абрыды?
Ці магу Я цярпець бат несправядлівы і эфу паменшаную, агідную?
Ці маю аправіць несправядлівыя шалькі і з ашукнымі адважкамі ў хатулю?
Ці магу апраўдаць вагі бязбожныя і падманную вагу кашалька?
Бо багатыры ягоныя поўныя ўсілства, і жыхары ягоныя гукаюць ману, і ашукны язык іхны ў роце іхным;
За тое, што асілкі яго перапоўненыя злачыннасцю, ды жыхары яго кажуць няпраўду, і язык іх у вуснах іх — здрадлівы.
Дык і я Вытну цябе болькамі, зьнішчу цябе за грахі твае.
Такім чынам, Я пачаў караць цябе, пустошыць цябе за твае грахі.
Ты будзеш есьці, але не пад’ясі; і паніжэньне тваё ўнутры цябе; будзеш уцякаць, але не ўцячэш; а хто ўцячэць, мячу аддам.
Ты будзеш есці і не наясіся, і бруд будзеш адчуваць у нутры сваім. Ты будзеш хаваць і не зберажэш; і што захаваеш, Я аддам пад меч.
Ты будзеш сеяць, але ня будзеш жаць; ты будзеш таўчы аліўкі, але ня будзеш мазацца аліваю; і вінны сок, але віна піць ня будзеш;
Ты будзеш сеяць і не пажнеш, будзеш выціскаць аліву і не намажашся алеем, будзеш выціскаць вінаград і не будзеш піць віна.
Бо вы дзяржыце ўставы Омравы і ўсі ўчынкі дому Агававага, і ходзіце подле радаў іхных, каб Я зрабіў цябе пусташаю і жыхараў тваіх сьвістам, бо ты носіш ганьбу люду Майго».
Захаваў ты загады Амры і ўсе ўчынкі дому Ахаба і кіраваўся радай іх — дык Я выдам цябе на спусташэнне і жыхароў тваіх — на пасмяянне: і будзеце вы несці ганьбу сярод народаў».