Міхея 2 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Бяда тым, што думаюць празь бяспраўе і выдумляюць ліха на ложках сваіх, а золкам нараніцы дойсьняць, бо гэта ў моцы рук іхных.
Гора тым, якія задумваюць беззаконне і абдумваюць ліхоцце на ложках сваіх! На світанні здзяйсняюць задуманае, бо на тое стае моцы ў руках іх.
І зажадаюць палёў, і забіраюць іх усілствам, і дамоў — і адбіраюць іх; яны ўціскаюць людзіну а дом ейны, людзіну а спадак ейны.
Захочуць яны палёў — і забіраюць іх сілаю, захочуць дамоў — і адбіраюць іх. І бяруць у няволю чалавека і дом яго, рабуюць чалавека і спадчыну яго.
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Вось, я задумляю на гэтую радзіму ліха, ад каторага вы ня выймеце шыяў вашых ані будзеце хадзіць пыхата, бо гэта час благі.
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я маю намер на род гэты навесці такое ліха, ад якога вы не ўхіліце каркаў вашых; і не будзеце хадзіць ганарліва, бо час прыйдзе самы жудасны.
Таго дня складуць прыпавесьць праз вас, і галасьлівым галашэньням будзе сказана: "Мы чыста аглабаны; адмяніў дзель люду майго; як адцяў яе ад мяне! забраўшы, падзяліў полі нашы".
У той час будуць казаць прыпавесць аб вас і бедаваць, галосячы: “Спусташэннем мы абрабаваныя; доля народа майго мяняецца; няма нікога, хто б нам яе вярнуў; палі нашы падзелены між іншаверцамі”.
Затым ня будуць у цябе паварозам кідаць на жэрабя ў збору СПАДАРОВЫМ.
Таму не будзеш мець нікога, хто кінуў бы жэрабя на сабранні Госпадавым.
"Не кажыце казані", а яны кажуць: "Не кажыце тым казані, каб аддаліўся сорам".
“Не праракуйце!” Але яны праракуюць! “Не праракуйце гэтага, не дасягне нас ганьба!”
О, менаваны доме Якаваў! нягож скараціўся Дух СПАДАРОЎ? ці гэта ўчынкі Ягоныя? ці ня словы Мае робяць дабро таму, што ходзе пасьціва?
Ці будзе пракляты дом Якуба? Ці зменшыўся Дух Госпадаў, або ці такія ўчынкі Яго? Ці словы Яго не спагадныя да тых, хто справядліва робіць?
Нават учорах люд Мой паўстаў як непрыяцель, і вы адбіраеце вопратку з адзежаю ў тых, што пераходзяць бясьпечна, як людзі, што зварачаюцца з вайны.
Вы ж паўстаеце супраць народа Майго, як ворагі. Вы здымаеце з яго верхнюю і споднюю вопратку;
Жанкі люду Майго вы выганяеце з прыемных дамоў іхных, ад бязьлетак іхных адбіраеце славу Маю на векі.
Жанчын народа Майго выганяеце вы з іх утульных дамоў, дзяцей іх пазбаўляеце ласкі Маёй навечна.
Устаньце й адыйдзіце, бо гэта месца неўпакою, бо яно сплюгаўлена, яно будзе зьнішчана супоўным зьнішчэньням.
Уставайце і ідзіце, бо не маеце тут супачынку! Дзеля нячыстасці сваёй будзеце вы знішчаны пакараннем самым страшэнным.
Калі б які шувеіна а манюка брахаў: "Я буду казаць празь віно а хмельны напітак", ён нават быў бы казаньнікам гэтаму люду.
Калі які чалавек, ветрам узбуджаны, скажа хлусліва: “Я буду праракаваць табе пра віно і напоі”, той быў бы прарокам гэтага народа.
Я канечне зьбяру ўсяго цябе, Якаве, канечне зьбяру астачу Ізраеля, пастанаўлю іх разам, як авечкі ў Воцры, як чараду ў хлеве яе; яны ўчыняць вялікі гом з прычыны людзёў.
Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей.
Узыйдзе сьценалом перад імі; яны зломяць і пойдуць пераз браму, і выйдуць ізь яе, і кароль пойдзе перад імі, і СПАДАР на чале іх».
Пойдзе бо перад імі правадыр; разбураць яны і пройдуць праз браму, выйдуць праз яе. І пойдзе цар іх перад імі, і Госпад на чале іх».