Міхея 6 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слухайце цяпер, што кажа СПАДАР: «Устань, сьперачайся з горамі, і няхай слухаюць узгоркі голас твой.
 
Пачуйце, прашу, што кажа ГОСПАД. Устань, спрачайся з гарамі, і няхай слухаюць узгоркі голас твой.

Слухайце, горы, сьпярэчку СПАДАРОВУ, і моцныя поды зямлі; бо сьпярэчка ў СПАДАРА зь людам Сваім, і з Ізраелям Ён правуецца.
 
Слухайце справу судовую ГОСПАДА, горы і магутныя падваліны зямлі; бо справа судовая ў ГОСПАДА з народам Ягоным, і з Ізраілем Ён судзіцца.

Людзе Мой, што Я зрабіў табе і чым Я высіляў цябе? сьветчы на Мяне.
 
«Народзе Мой, што Я зрабіў табе і чым Я абцяжарыў цябе? Адкажы Мне.

Бо Я вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, і адкупіў цябе з дому нявольнікаў, і паслаў перад табою Масея, Аарова а Мірыям.
 
Бо Я вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, і выкупіў цябе з дому няволі, і паслаў перад абліччам тваім Майсея, Аарона і Мірыям.

Людзе Мой, успомні цяпер, што радзіў Валак, кароль Моаўскі, і што адказаў яму Ваалам Веоронак, і што было Шытыму аж да Ґілґалу, каб пазнаць справядлівасьці СПАДАРОВЫ».
 
Народзе Мой, узгадай, прашу, што надумаў Балак, валадар Мааву, і што адказаў яму Білеам, сын Бэора, і [што было] ад Шытыму аж да Гільгалу, каб ты пазнаў праведнасьць ГОСПАДА».

З чым я перайму СПАДАРА, нахінуся да Бога высокага? Ці перайму Яго з усепаленьнямі, зь цялятамі сёлеткамі?
 
З чым я выйду перад аблічча ГОСПАДА? Як схілюся перад Богам, [Які] на вышынях? Ці выйду перад аблічча Ягонае з цэласпаленьнямі, з цялятамі аднагадовымі?

Ці СПАДАР мае прыемнасьць із тысяча бараноў, зь дзесяцёх тысячаў цур’ёў алівы? Ці дам першака свайго за выступ свой, плод цела свайго за грэх душы свае?
 
Ці ГОСПАДУ даспадобы тысяча бараноў, дзесяць тысячаў струмянёў алею? Ці аддам першароднага майго за віну маю, плод улоньня майго — за грэх душы маёй?

Абясьціў табе, чалавеча, што добрае, і чаго СПАДАР вымагае ад цябе: толькі рабіць справядліва, і любіць міласэрдзе, і хадзіць пакорна перад Богам сваім.
 
Паведамлена табе, чалавеча, што добрае, і што ГОСПАД шукае ў цябе: каб ты чыніў суд [справядлівы], і любіў міласэрнасьць, і хадзіў пакорліва з Богам тваім.

Голас СПАДАРОЎ месту гукае, і мудрасьць абача імя Тваё: «Слухайце посаха і Хто прызначыў яго.
 
Голас ГОСПАДА кліча ад гораду, і [той, хто мае] цьвярозы розум, баіцца імя Твайго: «Пачуйце кій і Таго, Хто прызначыў яго.

Ці яшчэ ё ў доме нягоднага скарбы нягоднасьці і несправядлівая мера абрыды?
 
Ці ёсьць яшчэ ў доме бязбожніка скарбы бязбожнасьці і эфа няпоўная, праклятая?

Ці маю аправіць несправядлівыя шалькі і з ашукнымі адважкамі ў хатулю?
 
Ці Я маю ачысьціць шалі бязбожныя і торбу з камянямі падманлівымі?

Бо багатыры ягоныя поўныя ўсілства, і жыхары ягоныя гукаюць ману, і ашукны язык іхны ў роце іхным;
 
Багацеі ягоныя поўныя гвалту, і жыхары ягоныя хлусяць, і язык іхні здрадлівы ў вуснах іхніх.

Дык і я Вытну цябе болькамі, зьнішчу цябе за грахі твае.
 
Таму Я ўдару цябе хваробаю, спустошу цябе за грахі твае.

Ты будзеш есьці, але не пад’ясі; і паніжэньне тваё ўнутры цябе; будзеш уцякаць, але не ўцячэш; а хто ўцячэць, мячу аддам.
 
Ты будзеш есьці, але не насыцішся; і пусты [страўнік] твой у нутры тваім; і будзеш хаваць, але не выратуеш; а што выратуеш, тое Я аддам пад меч.

Ты будзеш сеяць, але ня будзеш жаць; ты будзеш таўчы аліўкі, але ня будзеш мазацца аліваю; і вінны сок, але віна піць ня будзеш;
 
Ты будзеш сеяць, і ня будзеш жаць; ты будзеш таўчы аліўкі, і ня будзеш мазацца алеем; і [будзеш таўчы] вінаград, і ня будзеш піць віна.

Бо вы дзяржыце ўставы Омравы і ўсі ўчынкі дому Агававага, і ходзіце подле радаў іхных, каб Я зрабіў цябе пусташаю і жыхараў тваіх сьвістам, бо ты носіш ганьбу люду Майго».
 
Бо вы захоўваеце пастановы Омры і ўсе справы дому Ахава, і ходзіце паводле рады іхняй. Дзеля гэтага Я аддам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх — на насьмешку, і ты панясеш ганьбу народу Майго».