Міхея 6 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!
Слухайце, што кажа Госпад: «Устань, судзіся на віду гор, і хай чуюць твой голас узгоркі!»
Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада — суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборнічае.
Слухайце, горы, прысуд Госпадаў, і нахініце вушы, падваліны зямлі, бо Госпад судзіцца з народам Сваім, і Ізраэль будзе Ён вінаваціць.
Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.
«Народ Мой, што Я зрабіў табе або чым угнявіў цябе? Адкажы Мне.
Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.
Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і з дому няволі вызваліў цябе, і паслаў перад табою Майсея, і Аарона, і Мірыям!
Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведныя дзеі Гасподнія.
Народ Мой, узгадай, прашу, што наважыў зрабіць Балак, цар Мааба, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора? Што рабілася ад Сэтыма аж да Галгала, каб спазнаў ты справядлівасць Госпада!»
«З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?
«Што дастойнага маю ахвяраваць Госпаду, калі ўкленчу перад Богам Узвышнім? Ці ўскладу Яму ахвяру цэласпалення і маладых цялят?
Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго — за грэх душы маёй?»
Ці будуць падабацца Госпаду тысячы бараноў, многія тысячы ручаёў алею аліўкавага? Ці аддам я першароднага сына свайго за злачынства сваё, плод улоння майго за грэх душы маёй?»
О, чалавеча! сказана табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.
Сказана было табе, чалавеча, што добрае і што патрабуе ад цябе Госпад: каб ты чыніў справядлівасць, і любіў міласэрнасць, і з пакораю хадзіў з Богам сваім.
Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.
Голас Госпада прызывае горад — і той мудры, хто баіцца імя Твайго: «Слухайце, пакаленні і грамада горада!
Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?
Ці магу Я цярпець бат несправядлівы і эфу паменшаную, агідную?
Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?
Ці магу апраўдаць вагі бязбожныя і падманную вагу кашалька?
Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,
За тое, што асілкі яго перапоўненыя злачыннасцю, ды жыхары яго кажуць няпраўду, і язык іх у вуснах іх — здрадлівы.
дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.
Такім чынам, Я пачаў караць цябе, пустошыць цябе за твае грахі.
Ты будзеш есьці — і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.
Ты будзеш есці і не наясіся, і бруд будзеш адчуваць у нутры сваім. Ты будзеш хаваць і не зберажэш; і што захаваеш, Я аддам пад меч.
Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы — і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.
Ты будзеш сеяць і не пажнеш, будзеш выціскаць аліву і не намажашся алеем, будзеш выціскаць вінаград і не будзеш піць віна.
Захаваліся ў вас звычаі Амврыя і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх — пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.
Захаваў ты загады Амры і ўсе ўчынкі дому Ахаба і кіраваўся радай іх — дык Я выдам цябе на спусташэнне і жыхароў тваіх — на пасмяянне: і будзеце вы несці ганьбу сярод народаў».