Міхея 5 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Цяпер узбурся, дачка полчышчаў: абкладзі нас аблогаю, трысьцінаю біцьмуць па шчацэ судзьдзю Ізраілевага.
Цяпер надрэж сябе, дачка разні! Прыгатавана супраць нас аблога; дубцом будуць біць па сківіцы суддзю Ізраэля.
І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных.
І ты, Бэтлехэм, Эфрата, ці ж найменшы ты паміж мностваў Юды, бо з цябе для Мяне выйдзе Той, Хто стане Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго ад даўніх часоў, ад дзён спрадвечных.
Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія.
Таму Ён пакіне іх да часу, у якім народзіць Тая, Якая мае нарадзіць; і астатак братоў Яго вернецца да сыноў Ізраэля.
І стане Ён, і будзе пасьвіць у сіле Гасподняй, у велічы імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бясьпечна, бо тады Ён будзе вялікі да краёў зямлі.
І Ён прыйдзе, і будзе пасвіць моцаю Госпада паводле велічы імя Госпада, Бога Свайго; і будуць жыць яны бяспечна, бо тады будзе Ён вялікі аж да краёў зямлі,
І будзе Ён — мір. Калі Асур прыйдзе ў нашую зямлю і ўступіць у нашыя харомы, мы выставім супроць яго сем пастыраў і восем князёў.
і будзе Ён супакоем. Калі асірыец уварвецца ў зямлю нашу і калі будзе хадзіць па палацах нашых, мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў з народа.
І будуць яны пасьвіць зямлю Асура мячом і зямлю Нэмврода ў самай браме яе, і вось Ён выбавіць ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі ўступіць у межы нашыя.
І будуць яны пасвіць зямлю Асірыі мечам і зямлю Німрода — дзідамі; і Ён вызваліць ад асірыйца, калі ён уварвецца ў край наш і калі ўвойдзе ў межы нашы.
І будзе астатак Якава сярод многіх народаў як раса ад Госпада, як зьліва на траву, і ён ня будзе залежаць ад чалавека і пакладацца на сыноў Адамавых.
І будзе рэшта Якуба сярод многіх народаў, як раса ад Госпада і як шчодры дождж на траву, якая не спадзяецца на чалавека, ані аглядаецца на сыноў чалавечых.
І будзе астатак Якаваў паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў — сярод зьвяроў лясных, як ільвяня — сярод статку авечак, якое, калі выступіць, дык топча і рве, і ніхто не ўратуе ад яго.
І рэшта Якуба будзе паміж народамі, паміж многімі плямёнамі, як леў сярод звяроў лясных і як ільвяня сярод статкаў авечых; ён, калі прыходзіць, і топча, і раздзірае, і няма такога, хто б уратаваў ад яго.
Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае будуць вынішчаны.
Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае загінуць.
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь: зьнішчу коней тваіх з асяродзьдзя твайго і зьнішчу калясьніцы твае,
«І будзе ў той дзень — кажа Госпад, — Я вынішчу коней тваіх у цябе, і раструшчу калясніцы твае,
вынішчу гарады ў зямлі тваёй, і разбуру ўсе ўмацаваньні твае;
і зруйную гарады на зямлі тваёй, і развалю ўсе ўмацаванні твае,
і вырву чарадзействы з рукі тваёй, і варажбітоў па аблоках ня будзе ў цябе;
і забяру чараванні з рукі тваёй, і варажбітоў ужо не будзе ў цябе.
зьнішчу балваноў тваіх і ідалаў з асяродзьдзя твайго, — і ня будзеш больш пакланяцца вырабам рук тваіх;
І Я знішчу розныя выявы твае і камяні твае ў цябе, і не будзеш болей пакланяцца творам рук сваіх;
выкараню з асяродзьдзя твайго сьвяшчэнныя гаі твае і спустошу гарады твае.
Я павырываю ў цябе твае слупы і знішчу тваіх ідалаў
І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія будуць непаслухмяныя.
І ў гневе і абурэнні здзейсню помсту над усімі народамі, якія былі непаслухмянымі Мне».