1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Старшых, што сярод вас, захочую я сустаршы а сьветка цярпеньняў Хрыстовых а ўчасьнік у славе, што мае зьявіцца:
 
Старэйшых, якія сярод вас, прашу я, таксама старэйшы і сведка Хрыстовых цярпенняў ды ўдзельнік тае славы, якая мае аб’явіцца:

Пасіце чараду Божую, што памеж вас, ня з прынукі, але самахоць, пабожаму, ня дзеля брудзянае карысьці, але рупатліва,
 
пасіце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля нягодных нажыткаў, але са стараннасцю,

Не пануючы над спадкам, але будучы зразаю чарадзе, —
 
і не пануючы над даручаным, але даючы прыклад статку.

І як Галоўны пастыр зьявіцца, вы адзержыце нявянучы вянок славы.
 
І, калі аб’явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце незвядальны вянок славы.

Таксама малодшыя будзьце падданыя старшым, і ўсі карыціся адзін аднаму, бо Бог працівіцца велягурыстым, але пакорным даець ласку.
 
Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакору, бо Бог пыхлівым супрацівіцца, а пакорлівым ласку дае.

Дык скарыцеся пад моцную руку Божую, каб узьняцца ўгару;
 
Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у свой час.

Усі клопаты свае здайце Яму, бо Ён апякуецца вамі.
 
Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

Будзьце цьвярозыя, чукавыя. Праціўнік вашы дзявал, як равучы леў, абходзе, шукаючы каго пажэрці;
 
Будзьце цвярозымі, чувайце! Бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

Яму праціўцеся непахісной вераю, ведаючы, што такіх самых цярпеньняў дазнаюць браты вашыя ў сьвеце.
 
Станьце супроць яго цвёрдаю вераю, ведаючы, што гэткія самыя пакуты выпадаюць і тым вашым братам, што ёсць у свеце.

Бог жа ўсялякае ласкі, Каторы пагукаў вас Сам да вечнае славы Свае ў Хрысту Ісусу, калі крыху пацерпіце, учыне вас дасканальнымі, цьвярдымі, моцнымі, непахіснымі.
 
А Бог усякае ласкі, Які вас паклікаў да вечнай славы Сваёй у Хрысце Ісусе, пасля нядоўгага цярпення [вашага] Сам вас удасканаліць, зробіць непарушнымі, угрунтуе, падмацуе.

Яму слава а моц на векі вякоў. Амін.
 
Яму слава і Валадарства ў векі вечныя. Амін.

Сіланом, верны братам, як думаю, напісаў я вам коратка, захочуючы й сьветчачы, што гэта праўдзівая ласка Божая, у каторай вы стаіце.
 
Коратка я вам напісаў праз Сілівана, вернага брата, як думаю, перасцерагаючы ды і сведчанне прыносячы, што такая вось праўдзівая ласка Божая; у ёй вы стаіце.

Здаровае вас абраная з вамі царква, што ў Бабілёне, і Марка, сын мой.
 
Вітае вас тая, што ў Бабілоне, выбраная, як і вы, а таксама Марк, мой сын.

Здаровайце адны адных цалаваньням любосьці. Супакой з вамі ўсімі, каторыя ў Хрысту.
 
Павітайцеся ўзаемна пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысце Ісусе. Амін.