Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
 
І ўба́чыў я но́вае не́ба і но́вую зямлю́; бо ране́йшае не́ба і ране́йшая зямля́ міну́лі, і мо́ра ўжо няма́.

І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
 
І я, Іаа́н, уба́чыў го́рад святы́, но́вы Іерусалíм, які сыхо́дзіў ад Бога з не́ба, прыгатава́ны, як няве́ста, убра́ная для му́жа свайго́.

І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
 
І пачу́ў я гу́чны го́лас з не́ба, які каза́ў: вось, скíнія Божая сяро́д людзе́й, і Ён будзе жыць з імі; яны будуць Яго наро́дам, і Сам Бог будзе з імі, будзе Богам іх;

І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
 
і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх, і сме́рці ўжо не будзе; ні пла́чу, ні е́нку, ні бо́лю ўжо не будзе; бо ране́йшае міну́ла.

І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
 
І сказа́ў Той, Хто сядзíць на прасто́ле: вось, ствара́ю ўсё но́вае. І ка́жа мне: напішы́; бо сло́вы гэ́тыя íсцінныя і ва́ртыя ве́ры.

І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
 
І сказа́ў мне: здзе́йснілася! Я ёсць А́льфа і Аме́га, пачатак і канец; Я сасма́гламу дам да́рам напíцца з крынíцы вады́ жыво́й.

Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
 
Перамо́жца атрыма́е ў спа́дчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сы́нам.

Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
 
А баязлíвых, і няве́рных, і нячы́стых, і забо́йцаў, і блудніко́ў, і чарадзе́яў, і ідаласлужы́целяў, і ўсіх ілгуно́ў — іх до́ля ў во́зеры, якое гары́ць агнём і се́раю. Гэта — смерць друга́я.

І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
 
І прыйшо́ў да мяне́ адзін з сямí А́нгелаў, у якіх было сем чаш, напо́ўненых сямю́ апо́шнімі бе́дствамі, і сказа́ў мне: хадзí, я пакажу́ табе жанчы́ну, няве́сту А́гнца.

І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
 
І ўзнёс мяне́ ў ду́ху на вялíкую і высо́кую гару́, і паказа́ў мне го́рад вялíкі, святы́ Іерусалíм, які сыхо́дзіў з не́ба ад Бога.

Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
 
Ён ма́е сла́ву Божую; і ззя́нне яго — як у кашто́ўнага ка́меня, накшта́лт ка́меня я́спісу крышталёвага;

Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
 
ён ма́е вялíкую і высо́кую сцяну́, ма́е двана́ццаць брам і на бра́мах двана́ццаць А́нгелаў і імёны напíсаныя, імёны двана́ццаці кале́н сыно́ў Ізра́ілевых:

З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
 
з усхо́ду тры бра́мы, з по́ўначы тры бра́мы, з по́ўдня тры бра́мы, з за́хаду тры бра́мы.

І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
 
А сцяна́ го́рада ма́е двана́ццаць падму́ркаў, і на іх імёны двана́ццаці Апо́сталаў А́гнца.

Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
 
Той, што са мной гавары́ў, меў залату́ю трысцíну для вымярэ́ння го́рада, і брам яго, і сцяны́ яго.

А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
 
А го́рад разме́шчаны чатырохку́тнікам, і даўжыня́ яго такая са́мая, як і шырыня́. І зме́раў ён го́рад трысцíнай, наме́раўшы двана́ццаць ты́сяч ста́дыяў; даўжыня́, і шырыня́, і вышыня́ яго ро́ўныя.

І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
 
І сцяну́ яго зме́раў у сто со́рак чаты́ры ло́кці, ме́раю чалаве́чаю, якая ме́ра і А́нгела.

Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
 
Сцяна́ ж яго зро́блена з я́спісу, а го́рад быў — чы́стае зо́лата, падо́бны да чы́стага шкла.

Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
 
Падму́ркі сцяны́ го́рада аздо́блены разнаста́йнымі кашто́ўнымі камяня́мі: падму́рак пе́ршы — я́спіс, другí — сапфíр, трэ́ці — халкідо́н, чацвёрты — ізумру́д,

Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
 
пя́ты — сарданíкс, шо́сты — сарды́с, сёмы — хрызалíт, во́сьмы — беры́л, дзявя́ты — тапа́з, дзяся́ты — хрызапра́з, адзіна́ццаты — гіяцы́нт, двана́ццаты — аметы́ст.

А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
 
А двана́ццаць брам — двана́ццаць жамчу́жын: ко́жная бра́ма была́ з адной жамчу́жыны. Ву́ліцы го́рада — чы́стае зо́лата, як празры́стае шкло.

Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
 
Хра́ма ж я не ба́чыў у ім, бо храм яго — Гасподзь Бог Уседзяржы́цель, а такса́ма А́гнец.

І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
 
І го́рад не ма́е патрэ́бы ні ў со́нцы, ні ў ме́сяцы, каб асвятля́лі яго, бо сла́ва Божая асвятлíла яго, і свяцíльнік яго — А́гнец.

І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
 
І спасёныя наро́ды будуць хадзíць у святле́ яго, і цары́ зямны́я прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць сваю́.

І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
 
І бра́мы яго не будуць замыка́цца ўдзень; но́чы ж там не будзе.

І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
 
І прынясу́ць у яго сла́ву і го́днасць наро́даў.

І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.
 
І не ўво́йдзе ў яго нішто нячы́стае, ні той, хто чы́ніць мярзо́ту і падма́н, а толькі запíсаныя ў кнíзе жыцця́ ў А́гнца.