Другі закон 24 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Як возьме хто жонку і стане яе мужам, і будзе, што калі яна ня знойдзе ласкі ў ваччу ягоным, бо ён знаходзе ў ёй што-колечы саромнае, дык напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і вышле яе з дому свайго,
 

І яна выйдзе з дому ягонага, і пойдзе, і выйдзе за другога мужа;
 

І зьненавідзе яе муж апошні, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і вышле яе з дому свайго, альбо памрэць гэты апошні муж, што ўзяў яе сабе за жонку;
 

То ня можа першы яе муж, што выслаў яе, ізноў узяць яе, каб была яму за жонку, просьле тога, як яна сплюгаўлена; бо агіда гэта перад СПАДАРОМ, і не прычыняй грэху зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак.
 

Калі хто ўзяў жонку нядаўна, то хай ня выходзе на вайну, і нічога ня маюць ускладаць на яго: хай ён застанецца вольным у доме сваім адзін год і вяселе жонку сваю, каторую ўзяў.
 

Ніхто ня мае берці ў заклад верхняга й сподняга жорна, бо таковы бярэць у заклад душу.
 

Калі знойдуць каго, што ён украў каго-колечы з братоў сваіх, із сыноў Ізраелявых, і паняволіў яго, і прадаў яго, то хай памрэць злодзей той; і выкарані ліха з пасярод сябе.
 

Сьцеражыся ў больцы праказы, уважліва дзяржы, каб паўніць подле ўсяго, чаго наўчаць вас сьвятары Левіты; як я расказаў ім, рупіцца паўніць.
 

Памятуй, што зрабіў СПАДАР, Бог твой, Мірыяме на дарозе, як вы йшлі зь Ягіпту.
 

Калі ты пазычыш прыяцелю свайму што-колечы, то не заходзь да дому ягонага, каб вымагаць у яго заклад;
 

Пастой на вуліцы, а тый, катораму ты пазычыў, вынясе табе заклад свой на вуліцу.
 

Калі ж ён чалавек бедны, то ты не кладзіся із закладам ягоным;
 

Канечне зьвярні яму заклад заходам сонца, каб ён лёг у вадзецьцю сваім і дабраславіў цябе: і будзе табе справядлівасьць перад СПАДАРОМ, Богам тваім.
 

Ня крыўдзь найміта, беднага а ўбогага, з братоў сваіх альбо з чужаземцаў сваіх, каторыя ў зямлі тваёй, у браме тваёй:
 

Ягонага дня аддай плату ягоную пярвей, чымся сонца зойдзе, бо ён бедны, і жджэць яе душа ягоная, і каб ён ня гукаў супроці цябе да СПАДАРА, і ня было на табе грэху.
 

Айцове ня маюць быць караны сьмерцяй за дзеці, і дзеці ня маюць быць караны сьмерцяй за бацькоў; кажны за свой грэх хай памрэць.
 

Не перакручуй суду чужаземца а сіраты; і не бяры ў заклад адзецьця ўдавы.
 

І памятуй, што ты быў нявольнікам у Ягіпце, і выкуіпіў цябе СПАДАР, Бог твой, стуль; затым я расказую табе рабіць гэта.
 

Як будзеш жаць жніво свае на полю сваім, і забудзешся сноп на полю, то не зварачайся ўзяць яго: хай ён будзе чужаземцу, сіраце а ўдаве, каб СПАДАР, Бог твой, дабраславіў цябе ў вусіх работах рук тваіх.
 

Як будзеш абіваць аліўкі свае, то не абірай за сабою: чужаземцу, сіраце а ўдаве хай будзе яна.
 

Калі будзеш здыймаць плады ў вінішчу сваім, ня зьбірай астачаў за сабою: чужаземцу, сіраце а ўдаве хай будуць яны.
 

І помні, што нявольнікам ты быў у зямлі Ягіпецкай; затым я й расказую табе рабіць гэта.