Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Дык што за перавага ў Жыда, альбо што за карысьць із абразаньня?
 
Дык якая перавага ў жыда́, ці якая карысьць ад абразаньня?

Шмат усяляк. Наўперад, што ім былі давераны Пісьмы Божыя.
 
Вялікая ўва ўсіх адносінах; і найперш (перавага) у тым, што ім давераны словы Бога.

Бо што ж? Калі некатрыя былі няверныя, нявернасьць іхная памярцьвіць вернасьць Божую?
 
Дык што, калі нікаторыя (зь іх) былі нявернымі? Няўжо іхная нявернасьць зьнішчыць вернасьць Бога?

Няхай ня станецца! Але няхай будзе Бог праўдзівы, а кажны чалавек манлівы, як напісана: «Каб Ты быў аправены ў словах Сваіх і перамог, як будзеш у судзе Сваім».
 
Няхай ня станецца (такога)! Бог ёсьць верны, а ўсякі чалавек (няўдзячны і някаюшчыйся) ёсьць ілгун, як напíсана: так каб патрабаваньні слоў Тваіх былі прызнаны (нават і няўдзячным і някаюшчымся чалавекам) правымі, і (каб Ты) перамог у судзе Тваім.

А калі наша несправядлівасьць адкрывае справядлівасьць Божую, дык што мы скажам? што Бог несправядлівы, калі выказуе гнеў? (кажу палюдзку).
 
Калі ж няправеднасьць нашая чыніць моцнай праведнасьць Бога, дык што скажам? Няўжо нясправядлівы Бог, Які праяўляе гнеў (да няўдзячнага і някаюшчагася чалавека)? Кажу як чалавек.

Няхай ня станецца! Бо як Богу судзіць сьвет?
 
Хай ня станецца (такога)! Інакш, якім чынам будзе судзіць Бог гэты (няўдзячны і някаюшчыйся) сьвет?

Бо калі праўда Божая маёй маною была ў збытку на славу Яму, чаму ж яшчэ я таксама бываю суджаны, як грэшнік?
 
Бо калі вернасьць Бога ўзвышаецца ў славу Ягоную маёй нявернасьцю, чаму я ўсё яшчэ судзімы, як грэшнік? (бо ня суджу сябе сам. 1Кар. 11:31).

І ці ня чыньма ліха, каб сталася дабро, як нас крыўдна вінуюць, і як некатрыя несправядліва цьвердзяць, што мы казалі? Справядлівы суд на такіх.
 
(А чаму бы) і ня (судзіць)? — як нікаторыя абмаўляюць нас і кажуць, (быццам) мы гаворым так: рабіце ліхое, каб прыйшло добрае — на такіх (паклёпнікаў) ёсьць справядлівы суд.

Дык што ж? Ці мы лепшыя? Ані не. Бо мы ўперад давялі, што як Жыды, так і Грэкі, усі пад грэхам,
 
Дык што? (Ці) маем мы (жыды ў параўнаньні зь эллінамі) перавагу (перад судом Бога)? Ні ў якім разе! мы ўжо раней даказалі: што як жыды, так і элліны ўсе ёсьць пад грэхам,

Як было напісана: «Няма справядлівага ні воднага,
 
як напісана: няма ніводнага праведнага.

Няма разумеючага, ніхто ня шукае Бога;
 
Няма разумеючага. Няма нікога, хто шукае Бога.

Усі адвярнуліся разам, сталі бескарысныя; няма чынячага дабрыню, няма ні воднага.
 
Усе зьбіліся з дарогі; усе разам сталіся нягоднымі; няма, хто робіць дабро, няма ніводнага.

Горла іхнае — адчынены гроб; языкамі сваімі ашукуюць; атрута гадава пад вуснамі іхнымі.
 
Горла іхнае — магіла адкрытая; языкамі сваімі яны ашуквалі; атрута асьпідаў на вуснах іхных;

Рот іхны поўны праклёну а гарчэлі.
 
Вусны іхныя поўныя праклёну і гарчыні.

Ногі іхныя борздыя на разьліцьцё крыві;
 
Ногі іх хуткія на праліцьцё крыві.

Разьвярненьне а згуба на дарогах іхных;
 
Руйнаваньне і згуба на шляхох іхных;

І дарогі супакою яны не пазналі.
 
і шляху міру яны ня пазналі.

Няма страху Божага перад ачыма іхнымі».
 
Няма страху Божага перад вачыма іхнымі.

Вось жа, мы ведаем, што што-колечы Закон кажа, кажа да тых, што пад Законам, каб кажны рот заткнёны быў і ўвесь сьвет апынуўся пад судам Божым,
 
А мы ведаем, што ўсё, што кажа Закон, (ён) кажа для тых, што знаходзяцца пад Законам, каб усе вусны змоўклі, і ўвесь сьвет стаўся вінаватым (перад) Богам:

Бо ўчынкамі Закону не аправіцца ніякае цела перад Ім, бо Законам пазнаецца грэх.
 
бо (па прычыне нявыкананьня) спраў Закону ня будзе апраўдана перад Ім ніякая плоць; бо праз Закон — пазнаньне грэху.

Але цяпер без Закону справядлівасьць Божая зьявілася, пасьветчаная Законам а прарокамі,
 
Але цяпер нязалежна ад Закону зьяўлена апраўданьне Богам (чалавека), пра якое засьведчана Законам і Прарокамі.

Справядлівасьць Божая перазь веру ў Ісуса Хрыста, у вусіх і на ўсіх вернікаў; бо нямаш розьніцы,
 
Апраўданьне ж (чалавека) Богам адбываецца па прычыне (мэсіянскай) вернасьці Ісуса Хрыста (Богу Бацьку), (адбываецца) для ўсіх і на ўсіх веручых; бо няма розьніцы (паміж усімі чалавекамі),

Бо ўсі ізграшылі і спабыты славы Божае,
 
бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Бога.

адзержуюць аправеньне дарма, з ласкі Ягонае, адкупленьням у Хрысту Ісусу,
 
(Але цяпер) апраўдваюцца (веручыя) да́рма Багадацьцю Ягонай цераз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,

Каторага Бог выдаў на адкупленьне перазь веру ў кроў Ягоную, дзеля паказаньня справядлівасьці Свае ў дараваньню грахоў, уперад учыненых, у часе цярплівосьці Божае,
 
Якога Бог прынёс у ахвяру (дзеля) памілаваньня (чалавека) праз веру (чалавека) у (адкупленьне) Ягонай (Хрыстовай) Крывёю, дзеля выяўленьня апраўданьня Ягонага (чалавека) цераз дараваньне раней зробленых грахоў,

Да паказаньня справядлівасьці Свае ў цяперашнім часе, каб Ён справядлівым быў і праўдзячым таго, хто зь веры Ісусавае.
 
у цярпеньні Бога для выяўленьня справядлівасьці Ягонай у цяперашні час, каб быць Яму справядлівым і апраўдываючым таго, хто верыць у Ісуса.

Дык ідзе хвальня? яна вылучана. Якім законам? учынкамі? Не, але законам веры.
 
Дык у чым (наша) хвальба? Выключана! Якім Законам? (Законам) учынкаў? Не, але цераз Закон веры.

Бо мы ўважаем, што людзіна правіцца вераю, бяз учынкаў Закону.
 
Пагэтаму мы робім выснову: чалавек апраўдываецца вераю нязалежна ад учынкаў па Закону.

Ці Бог Жыдоў толькі? ці не народаў таксама? Але, таксама народаў;
 
Няўжо Бог — (Бог) толькі жыдоў, а ня і паганаў? Ведама і паганаў.

Бо запраўды Бог адзін, Каторы праўдзе абразаньне подле веры і неабразаньне вераю.
 
Таму што Адзін Бог, Каторы апраўдае абразаньне па веры і няабразаньне цераз веру.

Дык мы касуем Закон вераю? Няхай ня станецца так! але Закон мацуем.
 
Дык (што), Закон касуем цераз веру? (Хай) ня будзе (такога)! Але Закон сьцьвярджаем.