Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І без адвалокі нараніцы найвышшыя сьвятары мелі нараду із старцамі а кніжнікамі а з усім сынэдрыёнам і, зьвязаўшы Ісуса, завялі й выдалі Пілату.
І Пілат папытаўся ў Яго: «Ці Ты кароль Юдэйскі?» І, адказуючы, Ён казаў яму: «Ты кажаш».
І найвышшыя сьвятары вінавалі яго ў шмат чым, але Ён нічога не адказаваў.
Але Пілат ізноў пытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказуеш? глянь, як шмат яны вінуюць Цябе».
Але Ісус, адылі, нічога не адказаў, так што Пілат дзіваваўся.
На сьвята выпушчаў ён ім аднаго вязьня, праз каторага малілі.
І там быў адзін, імям Вараўва, зьвязаны з тымі, каторыя зрабілі паўстаньне зь ім, што за паўстаньня зрабілі ўбіўства.
І гурба, узышоўшы, голасна крычачы, пачала прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
І ён, адказуючы, сказаў ім: «Ці хочаце, каб я выпусьціў вам Караля Юдэйскага?»
Бо ведаў, што найвышшыя сьвятары выдалі Яго із завідасьці.
Але найвышшыя сьвятары падвучылі гурбу, каб ім валей выпусьціў Вараўву.
І Пілат, ізноў адказуючы, сказаў ім: «Дык што ж хочаце, каб я зрабіў таму, Каторага завіце Каралём Юдэйскім?»
А яны ізноў закрычэлі: «Укрыжуй Яго?»
Пілат сказаў ім: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Яны ж балей крычэлі: «Укрыжуй Яго!»
Тады Пілат, хочучы люду досыць учыніць, выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў, каб быў укрыжаваны.
І жаўнеры завялі Яго да двору, значыцца да ратушы, і згукалі ўвесь аддзел.
І адзелі Яго ў шкарлат, і зьвілі карону зь церня, і ўзлажылі на Яго;
І пачалі веціць Яго: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плівалі на Яго, і, клякаючы, кланяліся Яму.
І як насьміяліся зь Яго, зьдзелі зь Яго шкарлат, і адзелі на Яго адзецьце Ягонае, і вывялі Яго, каб укрыжаваць Яго.
І прысілілі якогась Сымона Кірынеяніна, што йшоў з поля, айца Аляксандравага а Руфавага, несьці крыж Ягоны.
І прывялі Яго на месца Ґалґота, што знача Чарэпнішча.
І давалі Яму піць віно зь міраю, але Ён ня прыняў.
І, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзецьце Ягонае, кідаючы на жэрабя, каму што ўзяць.
І была гадзіна трэйцяя, і Яго ўкрыжавалі.
І быў напісаны напіс абвінаваньня Ягонага: «Кароль Юдэйскі».
Укрыжавалі таксама зь Ім двух разбойнікаў, аднаго паправа, а другога палева Яго.
І выпаўнілася Пісьмо, што кажа: «І да бяспраўнікаў залічаны».
А праходзячыя блявузґалі на Яго, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: «Ага, Ты, што бураеш Дом Божы й за тры дні становіш!
Выбаў Самога Сябе і іступі з крыжа».
Падобна й найвышшыя сьвятары, насьміхаючыся, гукалі з кніжнікамі: «Іншых спасаў, Сябе Самога спасьці ня можа.
Хрыстос, Кароль Ізраеляў, няхай цяпер ісступе з крыжа, каб мы абачылі; і ўверым». І ўкрыжаваныя зь Ім вярнулі на Яго.
А як была шостая гадзіна, настала цямнота па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае.
І а дзявятай гадзіне загаласіў вялікім голасам, кажучы: «Элоі! Элоі! ламма савахфані?» Што знача: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?
І некатрыя із стаячых тут, пачуўшы, мовілі: «Вось, Ільлю гука́е».
І адзін пабег, намачыў губку воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пажджыце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».
І Ісус, загука ўшы вялікім голасам, выпусьціў дух.
І запона разьдзерлася ў Доме Божым на дзьве часьці, ад гары аж да далоўя.
І сотнік, што стаяў насупроці Яго, абачыўшы, што Ён, так загука ўшы, выпусьціў дух, сказаў: «Запраўды чалавек гэты быў Сын Божы».
Былі й жанкі, што глядзелі здалеку; памеж іх была й Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якава меншага а Ёсі, і Салома,
Каторыя таксама, як Ён быў у Ґалілеі, ішлі за Ім а паслугавалі Яму, і шмат іншых жанок, што прышлі зь Ім да Ерузаліму.
І цяпер, як настаў вечар, бо гэта была прыгатова, значыцца дзень перад сыботаю,
Прышоў Язэп із Арымафеі, пачэсьлівы райца, што таксама чакаў гаспадарства Божага, сьмела ўвыйшоў да Пілата і папрасіў цела Ісусавага.
Пілат зьдзіваваўся, што Ён ужо памер, і, пагукаўшы сотніка, папытаўся ў яго: «Ці даўно памер?»
І даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
І ён купіў палатніну, і, зьняўшы Яго, завярцеў Яго ў палатніну, і палажыў Яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, і прыкаціў камень да дзьвярэй гробу.
І Марыя Магдалена, і Марыя Ёсіна назіралі, ідзе Яго палажылі.