Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І ўзноў пачаў вучыць ля мора; і зьберся да Яго вельмі вялікі груд, так што Ён увыйшоў у струг і сядзеў на мору; а ўвесь груд быў ля мора на зямлі.
 

І вучыў іх шмат чаго прыпавесьцьмі, і гукаў ім у навуццы сваёй:
 

«Слухайце: вось, вышаў сяўбіт сеяць.
 

І сталася, як сеяў, што адно пала край дарогі, і птушкі нябёсныя прыляцелі й паклявалі яго;
 

А другое пала на скалісты ґрунт, ідзе ня было шмат зямлі, і ўборзьдзе абышло, бо зямля была ня глыбокая;
 

Як жа ўзышло сонца, выгарала і, як ня мела карэньня, ссохла;
 

Іншае ж пала памеж церня, і вырасла церне, і заглушыла яго, і яно не дало плоду;
 

Іншае ж пала на зямлю добрую і дало плод, што абышоў а вырас; і выдала іншае трыццаць, а іншае шасьцьдзяеят, а іншае сто».
 

І сказаў ім: «Хто мае вушы чуць, няхай чуе!».
 

І, як Ён быў адзін, пыталіся ў Яго тыя, што навокал Яго былі, з двананцацьма, праз прыпавесьць.
 

І сказаў ім: «Вам дана ведаць тайны гаспадарства Божага, але тым, што вонках, усе ў прыпавесьцях,
 

Каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі; слухаючы чулі, і не разумелі, каб часамі не навярнуліся, і ня былі ім грахі дараваны».
 

І кажа ім: «Ня знаеце гэтае прыпавесьці? А як жа вам знаць усі прыпавесьці?
 

Сяўбіт гэты сее словы.
 

А што край дарогі, ідзе слова пасеянае, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыходзе шайтан і адбірае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
 

Таксама й тыя, што на скалістых месцах пасеяныя — гэта тыя, каторыя, як пачуюць слова, зараз із радасьцяй прыймаюць яго;
 

Але ня маюць у сабе караня і малачасныя; потым, як прылучаецца атуга альбо перасьледаваньне за словы, зараз спатыкаюцца.
 

Пасеяныя ж памеж церня ё тыя, што слухаюць слова;
 

Але клопаты гэтага сьвету, і спадман багацьцям, і жадоба іншых рэчаў, уходзячы, глушаць слова, і робіцца бясплоднае.
 

А пасеяныя на добрай зямлі — тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і даюць плод, і трыццаць, і шасьцьдзясят, і сто».
 

І сказаў ім: «Ці на тое прыносяць лянпу, каб пастанавіць яе пад карэц альбо пад ложак? ці не на тое, каб пастанавіць яе на падстаноўку?
 

Бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б; і нічога няма патайнога, што ня было б выяўлена.
 

Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
 

І сказаў ім: «Уважайце, што чуеце: якой мераю мераеце, будзе адмерана вам і дадана будзе вам слухаючым.
 

Бо, хто мае, таму дана будзе; а хто ня мае, у таго аднята будзе й тое, што мае».
 

І сказаў: «Так і гаспадарства Божае, як калі чалавек кідае зярнё ў зямлю;
 

І спаў бы, і ўставаў бы ночы і ўдзень, насеньне ж абышло б а вырасла б, а ён ня ведае як;
 

Бо зямля сама ізь сябе выдаець найперш рунь, потым колас, потым поўнае зярнё ў коласе.
 

Як жа насьпее плод, без адвалокі пасылае серп, бо настала жніво».
 

І сказаў: «Да чаго прыраўнуем гаспадарства Божае? альбо якой прыпавесьцяй выкажам яго?
 

Яно — як зярнё гарчыцы, што, як сеецца ў зямлю, найдрабнейшае з усяе сяўбы на зямлі;
 

А як пасеяна, абыходзе а вырастае большае за ўсю гародніну а пушчае вялікія галузы, так што птушкі нябёсныя могуць жыць пад сьценям яго».
 

І шмат якімі гэткімі прыпавесьцьмі абяшчаў ім слова, колькі яны маглі чуць;
 

Без прыпавесьці ж ня гукаў ім, а вучанікам Сваім зьясьняў усе.
 

Увечары таго дня сказаў ім: «Пераплывіма на тый бок».
 

І яны, пакінуўшы груд, узялі Яго із сабою, як Ён быў у струзе, зь Ім былі й іншыя стругі.
 

І ўзьнялася вялікая бура; хвалі білі ў струг, аж струг напоўніўся.
 

А Ён быў на задзе, спаў на падушцы. Яго будзяць а кажуць Яму: «Вучыцелю! нягож Табе ня рупіць, што мы гінем?»
 

І, устаўшы, Ён забараніў ветру й сказаў мору: «Змоўкні, сьціхні». І вецер сьціх, і сталася вялікая цішыня.
 

І сказаў ім: «Чаму вы такія палахлівыя? як у вас няма веры?»
 

І ўлякаліся лякам вялікім, і гукалі адзін аднаму: «Хто ж гэта, што вецер а мора слухаюць Яго?»