Быццё 4 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Адзяржала я чалавека — СПАДАРА».
 

Адлі радзіла брата ягонага Авеля. І быў Авель пастух авец, а Каін рабіў зямлю.
 

Пад канец дзён Каін прынёс із пладоў зямлі дар СПАДАРУ.
 

І Авель прынёс, таксама ён, зь першародных авец, з упашчаных іх. І прыхінуўся СПАДАР да Авеля і да дару ягонага;
 

А да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. І вельмі зьнемарасьціўся Каін, і апусьціўся від ягоны.
 

І сказаў СПАДАР Каіну: «Чаму ты зьнемарасьціўся і чаму апусьціў від свой?
 

Калі чыніш добра, ці не падыймаеш віду? А калі ня чыніш добра, то ў дзьвярох грэх ляжыць, яго цягне да цябе, але ты пануй над ім».
 

І казаў Каін Авелю, брату свайму. І як яны былі на полю, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
 

І сказаў СПАДАР Каіну: «Ідзе Авель, брат твой?» Ён адказаў: «Ня ведаю, ціж я вартаўнік брата свайго?»
 

І сказаў: «Што ты зрабіў? голас крыві брата твайго гукае да Мяне ізь зямлі.
 

Дык цяпер пракляты ты ад зямлі, каторая адчыніла рот свой прыняць кроў брата твайго з рукі твае.
 

Як ты будзеш рабіць зямлю, яна ня будзе далей даваць сілы свае табе; ты будзеш выгнаньнікам а валацугаю на зямлі».
 

І сказаў Каін СПАДАРУ: «Большая кара за бяспраўе, чымся можна вытрываць.
 

Вось, выгнаў Ты мяне сядні зь віду зямлі, і ад віду Твайго схаваюся, і буду выгнаньнікам а валацугаю на зямлі; і будзе: кажны, хто знойдзе мяне, заб’ець мяне».
 

І сказаў яму СПАДАР: «За гэта кажнаму, хто заб’ець Каіна, сем разоў памсьціцца». І пазначыў СПАДАР Каіна знакам, каб не забіў яго кажны, хто знойдзе яго.
 

І пайшоў Каін ад віду СПАДАРОВАГА; і асяліўся ў зямлі туляньня, на ўсход ад Едэну.
 

І пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Гэноха. І збудаваў ён места; і назваў места імям сына свайго: Гэнох.
 

У Гэноха нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Мегіяеля; Мегіяель нарадзіў Мефусала; Мефусал нарадзіў Ламеха.
 

І ўзяў сабе Ламех дзьве жонкі; імя аднае: Ада, і імя другое: Цыла.
 

І Ада нарадзіла Явала: ён быў ацец жывучых у буданох і меў стады.
 

І імя брата ягонага Ювал: ён быў ацец усіх дзяржачых гарпы а жалейкі.
 

І Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, каторы быў рамесьнік усялякае снадзі зь медзі а зялеза. І сястра Тувалкаінава Ноема.
 

І сказаў Ламех жонкам сваім: «Ада а Цыла! слухайце голасу майго, жонкі Ламехавы! прыслухайцеся да мовы мае; бо я чалавека забіў сабе на рану і дзяцё сабе на шрам.
 

Калі сем разоў памсьціцца за Каіна, дык за Ламеха семдзясят і сем разоў».
 

І пазнаў Адам яшчэ жонку сваю, і яна нарадзіла сына і назвала яго Сыф; бо «Бог прызначыў імне іншае патомства замест Авеля, бо забіў яго Каін».
 

У Сыфа таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя яго: Енос; тады пачалі гукаць у імя СПАДАРОВА.