1 да Карынфянаў 8 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
А што да таго бажком ахвяроўванага, то ведаем; бо-ж усе маем веду; хоць веда надымае, а любасьць будуе.
Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе.
Каму здаваласяб, што ён нешта ведае, дык той яшчэ не знае, як ведаць яму трэба
А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець.
але як хто любіць Бога, таму дана ад Яго веда.
А калі хто любіць Бога, той мае разуменьне ад Яго.
Восьжа датычна ахвяроўванага бажком мяса мы ведаем, што бажок гэта нікчомасьць на сьвеце ды што няма іншага, апрача Бога Адзінага.
Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго.
А хоць і ёсьць гэтак званыя бажкі, ці-то ў небе, ці на зямлі (бо-ж многа багоў і многа паноў) —
Бо хаця і ёсьць гэтак званыя богі, ці ў небе, ці на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат гаспадароў,
то для нас існуе толькі адзіны Бог Айцец, ад якога ўсё, а мы ад Яго; ды адзін Усеспадар Езус Хрыстус, празь якога сталася ўсё, і мы празь Яго.
але ў нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
Але ня ўсе маюць гэткую сьведамасьць, некаторыя і дагэтуль з сумленнем бажкоў прызнаючым спажываюць ім ахвяраванае, ганьбячы гэтым немачнае сумленне.
Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, [якое прызнае] ідалаў, і ядуць [ахвяраванае ідалам] як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца.
Яда ня збліжае нас да Бога: бо анінам прыбывае што, як ямо, ані ня ўбывае, як не ямо.
А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем.
Аднакжа сьцеражэцеся, каб гэтая вашая свабода не сталася лдя слабых спакусаю.
Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых.
Бо каліб хто ўбачыў асьвечанага за сталом у паганскай бажніцы, дык ціж слабкае сумленне ягонае ня хінецца такжа есьці балванаахвяры?
Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам?
І ад асьвячонасьці твае загіне твой брат, за якога памёр Хрыстус.
І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос.
Грэшачы так проці братвы, ранячы іх слабасьведамасьць, вы грэшыце і проці Хрыстуса.
А гэтак грэшачы супраць братоў і б’ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё супраць Хрыста.
Дык калі яда надзіць майго брата, павек ня буду есьці мяса, каб не спакушаць брата майго.
Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса давеку, каб ня горшыць брата майго.