1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А што тычыць прынесенага ў ахвяру балваном мы ведаем, таму што мы ўсе маем веданьне. (Але) веданьне надзімае, а любоў (ад Бога) збудоўвае.
 
Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе.

Калі хто думае, што ён што-небудзь ведае, той яшчэ нічога ня ведае, як належыць ведаць.
 
А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець.

Калі ж хто любіць Бога, той пазнаны Ім.
 
А калі хто любіць Бога, той мае разуменьне ад Яго.

Што тычыць спажываньня ў ежу ахвяраванага балваном, мы ведаем, што балван у (гэтым) сьвеце нічога ня значыць, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.
 
Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго.

Бо калі і ёсьць гэтак званыя богі, ці то на небе, ці то на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат валадароў,
 
Бо хаця і ёсьць гэтак званыя богі, ці ў небе, ці на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат гаспадароў,

але ў нас адзін Бог Бацька, ад Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, цераз Якога ўсё, і мы празь Яго.
 
але ў нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.

Але ня ўва ўсіх гэткае (правільнае) веданьне: нікаторыя ж (дагэтуль маюць) сумленьне, якое прызнае балваноў, дагэтуль ядуць (ахвяры паганскія), як ахвяры балваном, і сумленьне іхнае, як нядужае, апаганьваецца.
 
Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, [якое прызнае] ідалаў, і ядуць [ахвяраванае ідалам] як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца.

Але ежа ня набліжае нас да Бога: бо калі мы ядзім, (мы) ня становімся лепшымі (перад Богам), альбо, калі ня ядзім, ня становімся горшымі (перад Богам).
 
А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем.

Але глядзіце, каб гэтая вашая ўлада ня сталася камнем спатыканьня для слабых.
 
Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых.

Бо калі нехта ўбачыць цябе, маючага веданьне, узьлягаючага ў паганскай бажніцы, дык ці ня будзе схілена (гэтым) ягонае сумленьне, як слабога, каб есьці ахвяраванае балваном?
 
Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам?

І загіне ад твайго веданьня слабы брат, за якога Хрыстос памёр.
 
І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос.

А такім чынам грэшачы супраць братоў і ранячы іх слабое сумленьне, грэшыце супраць Хрыста.
 
А гэтак грэшачы супраць братоў і б’ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё супраць Хрыста.

Таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці (ахвяраванага для балваноў) мяса вавек, каб брата майго ня спакусіць.
 
Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса давеку, каб ня горшыць брата майго.