1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Хоцьбы я гаварыў мовамі людзей, ці анелаў, а любасьціб ня меў, то я — медзь брынчачая, або цымбал дзынкі.
Калі б я гаварыў мовамі людзей і анёлаў, а любові не меў бы, я быў бы як медзь, што звініць, або цымбалы, што гудзяць.
Хоцьбы я меў дар праракавання ды знаў усе тайніцы і ўсякую веду й меў поўную веру так што й горы пераносіўбы, а любасьціб ня меў — я быўбы нічогасьць.
І калі б я меў дар праракавання ды зведаў усе таямніцы і ўсякія веды, і меў усю веру, што і горы пераносіць, але любові не меў бы, я быў бы нічым.
І хоцьбы раздаў на пажыву бедным усю сваю маемасьць ды выдаў цела маё так што аж гарэўбы, а любасьціб ня меў, нічога мне гэта не паможа.
І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасць і цела сваё аддаў на спаленне, але любові не меў бы, ніякай мне з гэтага карысці.
Любасьць доўгацярплівая, ласкавая; любасьць незавісьлівая, пакасьці ня робіць, ня чваніцца;
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца,
ня буяніць, свайго ня шукае, злосьці не спаганяе, благога не памышляе;
не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога,
не радуецца з крыўды, а суцяшаецца праўдаю;
не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе,
усё сьцерпіць, усяму верыць, усяго спадзяецца, ўсё ператрывае.
усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
Любасьць ніколі ня чэзьне, хоць і прароцтвы занікнуць, мовы замоўкнуць ды веда заняпадзе.
Любоў ніколі не знікае. А вось прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды занепадуць.
Бо мы часткова пазнаём ды часткова й праракуем;
Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.
калі-ж надыдзе дасканальнае, міне частковае.
Калі ж надыдзе дасканалае, знікне тое, што частковае.
Як быў я дзіцем, дык гаварыў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, мяркаваў па-дзіцячаму, а як змужэў, дык выжыўся зь дзіцячага.
Калі я быў дзіцем, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, пазбыўся таго, што дзіцячае.
Цяпер мы бачым як у мутлым люстры, наўгад, а тады — тварам у твар; цяпер я пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як і сам я пазнаны.
Цяпер мы бачым быццам праз мутнае шкло, не выразна, а тады тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як я сам пазнаны.
Цяпер-жа застаецца вера, надзея і любасьць: гэтыя тры, але найбольшая зь іх любасьць.
Дык цяпер трываюць гэтыя тры: вера, надзея і любоў; але большая з іх — любоў.