Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Павал слуга Божы й Апостал Езуса Хрыстуса для веры выбраных Божых ды для пазнання праўды, вядучай да пабожнасьці,
 
Паўла, паслугач Божы і апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,

надзеі жыцьця вечнага, прад вякамі абяцанага Богам няздрадным у слове,
 
у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,

а ў сваім часе аб’явіўшым сваё слова праз навучанне, паверанае мне з загаду Богазбаўцы нашага, —
 
і аб’явіў у свой час Сваё слова, даручаючы мне вясціць яго па загадзе Бога, Збаўцы нашага,

шчыраму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага.
 
Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: ласка і супакой ад Бога Айца і [Госпада] Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Я пакінуў цябе ў Крыце натое, каб ты давяршыў недаладжанае шчэ ды і ўстанавіў па ўсіх местах старэйшын (прэзьбітэраў), як я загадаў табе:
 
Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:

беззаганных, аднажэнцаў, маючых дзяцей веручых не дакараных за распусту, ці непакорлівасьць.
 
калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.

Бо біскуп павінен быць беззаганным, як Божы гаспадар дому, ня пышны й гняўлівы, не п’яніца й завадыяка ды карысталюбец,
 
Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не авантурнік, не сквапны да ліхой карысці,

але гасьцінны, дабралюбец, разважны, справядлівы, багабойны, паўстрымны,
 
але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, святы, старанны,

каб трымаўся ў слове здаровай вернай навукі, ды мог і напамін даваць супраціўнікам.
 
які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да здаровай навукі нават тых, якія выступаюць супраць выкрыцця.

Шмат бо ёсьць непакорных, пуставякалаў і зводнікаў, асабліва з абразаных,
 
Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных,

якім трэба прыцінаць язык. Яны, дзеля нягоднае нажывы разбаламучваюць цэлые дамы, навучаючы нясінеце.
 
каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці.

Сказаўжа адзін зь іх, вершаплёт: Крытыйцы заўсёдные лгуны, абжорцы, лень і дзікуны.
 
Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».

Светчанне гэтае ёсьць праўдзівае. Дзеля гэтага давай моцные напаміны, каб былі здаровымі ў веры,
 
Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,

ня слухалі жыдоўскіх басьняў ды наказаў людзей адвяртаючыхся ад праўды.
 
не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

Для чыстых — усё чыстае, а для апаганеных і няверных нічога няма чыстага, бо апаганены іхні розум ды сумленне.
 
Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.

Яны сьвердзяць, што знаюць Бога, а паступкамі сваімі гэта запярэчваюць, агідныя бо й непакорныя ды няздольные да ніякага добрага дзела.
 
Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя.