Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса — сьвятым усім у Эфэзе й верным у Езусе Хрыстусе.
Паўла, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе:
Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, які ўбагаславіў нас усякім духоўным багаслаўленствам нябесным у Хрыстусе;
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце,
выбраў бо ў Ім нас перад стварэннем сусьвету, каб сьвятымі быць нам і беззаганнымі перад Ім у любасьці;
Які выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб мы сталі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові;
прадназначыўшы нас на усынаўленне Сабе праз Езуса Хрыстуса з ласкавасьці волі свае,
Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй,
на славу свае, ласкі якою абдарыў нас у любым сваім Сыне.
на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным,
У Ім маем адкупленне ягонай крывёю, адпушчэнне грахоў, па шчодрасьці ласкі ягонай,
у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго,
якою абдзяліў нас у поўні мудрасьці й развагі;
якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і ўмеласці,
адкрыўшы нам тайніцу волі свае, водле свайго дабраўпадобнага задуму ў Ім:
каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім,
каб, як настане поўня часаў, абнавіць усё ў Хрыстусе, тое, што ў небе, і тое, што на зямлі.
на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою — Хрыстом.
У Ім і мы сталіся лёсам выбранымі, дзеля вялічання хвалы ягонай, прызначаныя да гэтага пастановаю Таго, каторы дзее ўсё водле рады сваей волі:
У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй,
мы, якія раней ужо спадзяваліся на Хрыстуса.
каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста.
У Ім і вы, пачуўшы слова праўды — эванэлію вашага збаўлення — ды ўверыўшы ў Яго, былі назначаны пячацьцю абяцання, Святога Духа,
У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання,
што ёсьць задаткам нашай спадчыны на вокуп набытку ды на вялікомленне славы ягонай.
Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы.
Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай веры ў Езусе Усеўладару ды аб любасьці да ўсіх сьвятых,
Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы ў маіх малітвах,
не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх,
каб Бог Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец хвалы, даў вам духа мудрасьці ды адкрыцьця на пазнанне Яго,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго,
і прасьвятліў зрок вашага сэрца, каб вы ведалі да якой надзеі вас паклікае й якое багацьце слаўнае спадчыны ягонай для сьвятых,
прасветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых,
ды як бязьмерная веліч ягонага магуцтва ў нас, веручых праз дзеянне тае магутнае сілы ягонае,
і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго,
якую зьдзейсьніў Ён у Хрыстусе, ускрасіўшы Яго з умерлых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе
якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах
вышэй за ўсякае князёўства і ўладу, і сілу, і гаспадараванне, ды ўсякае назовы, якаяб яна ні была, ня толькі ў гэтым вяку, але і ў будучым;
вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
і ўсё падуладніў (спакарыў) пад стопы ягоныя, а яго самога вывышыў надусё, як Галаву Эклезіі,
і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
што зьяўляецца ягоным целам і поўняю Таго, які ўсё ў-ва ўсіх дапаўняе.
якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.