Марка 15 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І зранку зараз першасьвятары і кніжнікі й старшыны з цэлым Сынгэдрынам, зрабіўшы нараду, звязалі Езуса й павялі перадаць Пілату.
 

І спытаўся ў яго Пілат: Ты кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ гавора яму: Ты кажаш.
 

І многа ў чым першасьвятары вінавацілі яго.
 

Пілат-жа йзноў гаворыць яму, пытаючы: Не адказваеш нічога? Бач, колькі цябе вінавацяць!
 

Езус-жа болей нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
 

А к сьвяту меў звычай выпушчаць аднаго з вязняў, каго-б зажадалі.
 

Быў-жа ў вязніцы нейкі Барабба разам з бунтаўнікамі, што падчас бунту зрабіў забойства.
 

І натаўп збегшыся, пачаў дамагацца, каб зрабіў ім, як заўсёды.
 

Пілат-жа ў адказ сказаў ім: Жадаеце, выпусьціць вам караля Юдэйскага?
 

Ведаў бо, што першасьвятары выдалі яго дзеля завісьці.
 

Адыж першасьвятары падбурылі натаўп, каб лепш пусьціў ім Бараббу.
 

Пілат-жа азваўшыся зноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?
 

А яны зноў закрычалі: Укрыжуй яго!
 

Пілат гавора ім: Што-ж ён зрабіў благое? Яны-ж яшчэ мацней крычалі: Укрыжуй яго!
 

Тады Пілат, манючыся дагадзіць народу, выпусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
 

І завялі яго ваяры на дворышча суду ды склікалі ўсю роту.
 

Й апранулі яго ў пурпуру ды сплёўшы вянок цернявы, узлажылі на яго.
 

І пачалі вітаць яго: Прывет табе, кароль Юдэйскі!
 

Ды білі яго па галаве трысьцінаю й плявалі на яго, і становячыся на калені, кланяліся яму.
 

А калі наглуміліся з яго, знялі пурпуру ды апранулі ў ягонае адзеньне й павялі, каб укрыжаваць яго.
 

І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Цырэнэйца, што йшоў з вёскі. бацьку Александра й Руфа, каб нёс крыж ягоны.
 

І прывялі яго на Гольготу, што знача: месца Трупнога Чэрапу.
 

І давалі яму піць віно змяшанае з мірраю, адыж ня прыняў.
 

А крыжуючыя яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы варажбу, хто што меў узяць.
 

Была-ж трэцяя гадзіна і ўкрыжавалі яго.
 

І быў напіс віны ягонай напісаны: Кароль Юдэйскі.
 

А з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
 

І споўнілася Пісанне, каторае кажа: І да злыдняў залічаны (Із. 53:12).
 

А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: Эй, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш!
 

выратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа!
 

Гэтаксама й першасьвятары з кніжнікамі высьмейваліся, адзін да другога кажучы: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць.
 

Хай-жа цяперака Хрыстус, кароль Ізраэльскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі ды ўверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, даракалі яму.
 

А калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
 

А ў дзявятай гадзіне адазваўся Езус вялікім голасам, кажучы: Элёй, Элёй, лямма сабахтані? што знача: Божа мой, Божа мой, чаму ж Ты мяне пакінуў?
 

А некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэта, гаварылі: Во Гальяша кліча.
 

Адзін-жа пабегшы й насочыўшы губку воцтам ды насадзіўшы на трысьціну. даваў яму піць, кажучы: Пастойце, паглядзімо, ці прыйдзе Гальяш, каб зняць яго.
 

Езус-жа, усклікнуўшы моцным голасам, сканаў.
 

І заслона святыні раздзерлася надвое ад верху да нізу.
 

А сотнік, што стаяў насупроць, відзячы з якім голасам сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.
 

Былі-ж і жанчыны, здалёк углядаючыся, між якімі была Марыя Магдалена і Марыя, матка Якуба Малодшага й Язэпа, і Салёмэя;
 

што як быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, ды шмат іншых, каторыя былі разам з ім прыйшоўшы ў Ерузалім.
 

І як настаў ужэ вечар (бо быў дзень Прыгатовы (параскева) знача перадсыботнік).
 

прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, што і сам чакаў валадарства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата ды прасіў цела Езусавага.
 

А Пілат здзівіўся, што ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, упэўняўся, ці ўжо памёр.
 

А калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.
 

Язэп-жа, купіўшы палатно (сіндон) ды зняўшы яго, абвіў у палатно ды палажыў яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, прываліўшы камень да ўваходу ў гроб.
 

Марыя-ж Магдалена й Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.