Марка 3 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
 

І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
 

І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
 

Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
 

І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
 

Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
 

Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
 

і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
 

І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
 

Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
 

А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
 

І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
 

А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
 

І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
 

І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
 

І даў Сымону імя Пётр;
 

і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
 

І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
 

і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
 

І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
 

А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
 

І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
 

І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
 

Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
 

І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
 

А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
 

Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
 

Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
 

але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
 

Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
 

І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
 

А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
 

А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
 

І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
 

Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.