1 да Цімафея 2 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад П. Татарыновіча → Рeraklad V. Hadleuski
Перш за ўсё вось-жа прашу маліцца благальна, падзячна, за ўсіх людзей,
за каралёў ды ўсеўладу, каб вясьці нам супакойнае й ціхое жыцьцё ў шчырай богабоязі ды чыстасьці,
гэта бо добрае й мілае Богу Збавіцелю нашаму,
Які хоча, каб усе дайшлі да пазнаньня праўды і былі збаўлёныя.
Адзін бо ёсьць Бог, адзін і Пасярэднік між Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстус Езус,
што аддаў сябе самога на водкуп усіх, на сьвядоцтва сваім часам,
для якога вестуном і Апосталам Я пастаўлены (кажу праўду ў Хрыстусе, нялгу), вучыцелем паганаў у веры І праўдзе.
Жадаю вось-жа, каб мужчыны маліліся на кажным месцы, узьнімаючы рукі чыстыя бяз гневу й сумніваў,
гэтаксама і жанчыны: ў прыстойным адзеньні, скромна і ўстыдліва, а ня з вымудраванымі заплётамі валасоў, у золаце й пэрлах, ці пышных строях,
але — як прыстоіць жанчынах, пасьвяціўшымся пабожнасьці, (хай моляцца) спаўняючы добрые ўчынкі.
Жанчына маўчкі хай вучыцца ўсякае пакоры.
І жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб над мужам верхаводзіла, але трымалася маўчаньня.
Перш бо створаны Адам, а потым Ева.
Ды не Адам быў спакушаны, але жонка спанаджаная была ў праступку;
збавіцца, аднак, родзячы, калі будзе трываць у веры й любасьці ды сьвятасьці зы скромнасьцяй.