Да Філімона 1 разьдзел
Пасланьне да Філімона
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Гарошка
Павал, вязень Езуса Хрыстуса і брат Тыматэй — Філемону любаму і супрацоўніку нашаму,
ды сястры Аппіі й Архіппу субарацьбіту з цэлай грамадкай тваей дамовай набожні.
Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага ды Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Дзякую Богу майму, заўсёды цябе спамінаючы ў малітвах маіх,
чуючы аб тваей любасьці й веры, якую маеш да Езуса Збаўцы ды ўсіх сьвятых.
Дзеянне веры твае стаецца яўным пры сьцьвярджанні ўсякага дабра, што даконываецца сярод вас у Хрыстусе Езусе.
Вялікую бо меў радасьць і ўцеху з твае, браце, міласьці, праз цябеж мелі падтрымку сэрцы сьвятых.
Таму-то, хоць і меўбы ад Хрыстуса поўнаўладнасьць прыказваць табе ў выпадку патрэбы,
прашу цябе лепш палюбоўна — я стары чалавек Павал, а цяпер ось і вязень для Езуса Хрыстуса —
прашу ў справе майго сына Анісіма якому стаўся айцом у вязьніцы.
Калісь ня меў ты зь яго карысьці, а цяпер прыгодны табе й мне.
Адсылаю табе яго, прыймі яго, як маё сэрца.
Хацеў я затрымаць яго пры сабе, каб заміж табе, служыў мне ў кайданох за Эванэлію,
але без твайго дазволу не хацеў гэтага рабіць, каб твая дабрадзейнасьць ня была моў з прымусу, але з вольнае волі.
Бо мо дзеля таго на нейкі час адыйшоў ад цябе, каб табе прыняць яго назаўсёды,
не як слугу ўжо, а вышэй за слугу: як мілага брата, асабліва для мяне, а тымбольш для цябе, як водле цела, так і ў Госпадзе.
Дык, калі маеш мяне за прыяцеля, прыймі яго, як мяне.
А калі ён спрычыніў якую шкоду табе або што вінаваты, залічы гэта мне.
Я, Павал, пішу гэта маёю рукою: што табе гэта адплачу, а ўжэ й казаць ня хочу аб тым, што ты сам сябе мне вінаваты.
Так, браце, дайжа мне скарыстаць ад цябе; заспакой мне сэрца ў Богу Усеспадару.
Пішу табе гэта, спадзяючыся на тваю паслухмянасьць і ведаючы, што ты зробіш болей, чым прашу.
Падрыхтуй мне разам і гасподу ў сябе, бо спадзяюся, што дзякуючы вашым малітвам, буду вам падараваны.
Вітае цябе Эпафрас супольны вязень зы мною ў Хрыстусе Езусе,
і Марак, Арыстарх, Дэмас і Лукаш памачнікі мае.
Ласка Усеспадара Езуса Хрыстуса (хай будзе) з духам вашым. Амэн.