1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Глядзеце, якую любасьць даў нам Айцец, што мы называемся і ёсьць дзяцьмі Божымі. Сьвет ня знае нас таму, што не пазнаў Яго.
Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.
Найдаражэйшыя! Цяпер мы дзеці Божыя, а яшчэ не аказалася, чым мы будзем; ведаем толькі, што як акажацца, дык будзем падобныя да Яго, бо убачым Яго, так як ёсьць.
Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
І кажны, хто мае гэту надзею на Яго, усьвячвае сябе, так як Ён сьвяты.
І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
Кажны, хто робіць грэх, робіць беспраўе, і грэх ёсьць беспраўем.
Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.
А ведаеце, што Ён зьявіўся, каб зыгладзіць грахі нашы і што ў Ім граху няма.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Кажны, хто прабывае ў Ім, ня грэшыць; а кажны хто грэшыць, ня бачыў Яго ды не пазнаў Яго.
Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.
Дзеткі! Хайжа ніхто вас ня зводзіць. Хто паступае справядліва, той ёсьць справядлівы, так як і Ён справядлівы ёсьць.
Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.
А хто робіць грэх, той зь дзьябла ёсьць, бо дзьябал ад пачатку грэшыць. Натоеж зьявіўся й Сын Божы, каб скрышыць дзьяблавы дзела.
Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо спачатку д’ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д’ябла.
Кажны, хто нарадзіўся з Бога, граху ня робіць, бо засьнітак Божы трывае ў ім і ня можа грашыць, дзеля таго, што з Бога народжаны.
Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
Праз гэта выяўляюцца сыны Божыя й сыны дзьяблавы: кажны несправядлівы й нялюбячы свайго брата ня ёсьць з Бога.
Дзеці Божыя і дзеці д’яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
Бо-ж гэткая ёсьць дабравесьць, якую чулі вы ад пачатку, каб мы любіліся ўзаемна;
Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго,
ня гэтак, як Каін, што быў зь ліхога ды забіў свайго брата. А чаму забіў яго?81 Таму, што паступкі яго былі благія, а брата ягонага — справядлівыя.
ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
Ня дзівецеся, браты мае, калі сьвет вас ненавідзіць.
Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, трывае ў сьмерці.
Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
Кажны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагубец; а вы ведаеце, што ніводзін душагубец ня мае ў сабе жыцьця вечнага.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
Мы праз тое пазналі любасьць, што Ён аддаў за нас жыцьцё сваё; і мы павінны жыцьцё сваё аддаваць за братоў.
Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
А хтоб меў дастатак гэтага сьвету і відзеўбы брата свайго ў бядзе ды зачыніўбы ад яго сваё сэрца — якжа можа прабываць у ім любасьць Божая?
А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, — як застаецца ў тым любоў Божая?
Сыночкі мае! Любем ня словам, ці языком, але дзелам і праўдай.
Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
І з гэтага пазнаем, што мы з праўды й успакоім перад Ім сэрцы нашы;
І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
Бо калі навет сэрца асуджае нас, то тым-болей Бог, большы за сэрца нашае і ведаючы ўсё.
бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
Дарагія мае! Калі сэрца нашае нас не асуджае, дык маем надзею на Бога
Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
і што толькі папросім, атрымаем ад Яго,, бо-ж спаўняем прыказанні Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.
і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
А прыказанне Яго вось гэтае: каб мы ўверылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыстуса ды любілі адзін другога, як нам загадаў.
А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
І хто захоўвае прыказанні Ягоныя, той прабывае ў Ім, а Ён у тым. А што Ён прабывае ў нас, даведваемся праз Духа, якога нам даў.
І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.