Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У тую часіну прыступіліся да Езуса вучні, кажучы: Хто, думаеш, ёсьць большы ў валадарсьцьве нябесным?
 

Езус, прыклікаўшы дзіцянё, паставіў пасярод іх
 

і кажа: Сапраўды гавару вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў валадарства нябеснае.
 

Дык хто-б паніжыў сябе, як гэта дзіцятка, той большы ў валадарсьцьве нябесным.
 

І хто прыняў-бы адно гэткае дзіця ў імя маё, мяне прыймае.
 

А хто-б згоршыў адно з гэтых малых, што ў мяне вераць, лепш яму, камень з мліна ўчапіць за шыю ды ўтапіць у глыбі марской.
 

Гора сьвету ад згаршэнняў; бо хоць мусяць прыйсці згаршэнні, аднакжа гора таму чалавеку, праз якога згаршэнне прыйходзіць.
 

Калі-ж рука твая, або нага твая цябе горшыць, адатні яе ды адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, ці кульгавым, чым, маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі, быць укінутым у вагонь вечны.
 

І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся, маючы двое вачэй, быць укінутым у гэгэнну (gehennu) вагністую.
 

Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе.
 

Сын бо чалавечы прыйшоў збавіць што было загінена.
 

Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблукалася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах ды ня пойдзе шукаць тае, што адбілася?
 

І калі ўдасцца яму знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён больш цешыцца зь яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці незаблуканых.
 

Гэтак вось ня ёсьць воляй Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.
 

А калі-б зграшыў супроць цябе брат твой, ідзі і напамінай яго між табою й ім адным; як паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
 

Калі-ж не паслухае цябе, вазмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьветкаў сьцьвярдзілася кожнае слова.
 

Калі-б іх не паслухаў, скажы эклезіі, а калі-б эклезіі не паслухаў, няхай будзе табе як паганін і кунойміт.
 

Сапраўды кажу вам, што-толькі звяжаце на зямлі. будзе звязана і ў небе, і што-толькі развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
 

Яшчэ кажу вам, калі-б двух з вас згадзілася на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе.
 

Бо дзе двух, або трох сышліся ў імя маё, там я сярод іх.
 

Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Усеспадару, колькі разоў, як правініцца супроць мяне брат мой, маю дараваць яму? Ці аж да сямі разоў?
 

Кажа яму Езус: Не гавару табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесяці сямі разоў.
 

Тым-то й падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які хацеў разрахавацца із сваімі слугамі.
 

І калі пачаў ён разрахоўвацца, прывялі яму аднаго, што быў вінаваты яму дзесяць тысяч талентаў.
 

А як ён ня меў чым аддаць, гаспадар той загадаў прадаць яго, і жонку ягону, й дзяцей, і ўсё што меў, ды аддаць.
 

Тады слуга той маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
 

І зжаліўся гаспадар над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг.
 

Гэны-ж слуга, выйшаўшы знайшоў аднаго із сваіх таварышаў, які быў яму вінават сто дэнараў і, схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай што вінават.
 

Таварыш той, упаўшы да ног яго, маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
 

Адыж ён не схацеў, толькі пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, пакуль не аддасьць доўгу.
 

А таварышы ягоны, ўвідзеўшы што сталася, вельмі зажурыліся і прыйшлі расказалі свайму гаспадару ўсё што было сталася.
 

Тады ягоны гаспадар паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе дараваў увесь доўг, затым што ты прасіў мяне,
 

дык ціж ня сьлед было й табе зжаліцца над сваім таварышам, гэтак як я зжаліўся над табою?
 

І засярдаваў гаспадар ягоны й аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу.
 

Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.